Віктар Шніп. Тутэйшая туга. — Мінск:
Чатыры чвэрці, 2014. — 202 с.
Гісторыкі сцвярджаюць, што адной з самых надзейных крыніц ведаў пра мінулае можна лічыць мемуары ці дзённікі непасрэдных удзельнікаў падзей. І сапраўды, хто з нас не зачытваўся ўспамінамі вядомых пісьменнікаў, музыкаў, дзеячаў культуры? Нават і думкі не ўзнікала пра тое, што яны, распавядаючы пра ўласнае жыццё ці падзеі, сведкамі якіх былі, могуць падманваць, быць няшчырымі з сабой і адначасова — з чытачамі. Такія кнігі прыадкрываюць заслону таямніцы часу і разам з тым расказваюць пра сваіх аўтараў намнога больш, чым могуць распавесці кароткія біяграфічныя даведкі ў энцыклапедыях і падручніках.
А як жа нашы сучаснікі? Ці не цікава нам, якімі клопатамі жыве галоўны рэдактар выдавецтва, паэт, муж адной з самых паспяховых літаратарак нашага часу? Як ён працуе? Як піша? Якія адносіны ў сям'і? Так, сёння ёсць сацыяльныя сеткі, якія адкрытым да камунікацыі людзям дазваляюць паказваць сваё жыццё, як на вітрыне. Але ці не губляецца на іх фоне каштоўнасць класічнага дзённіка літаратара? Думаецца, тут адказ просты: галоўнае, каб аўтар дзённіка ўсведамляў яго ролю і каштоўнасць, аддаваў перавагу слову і праўдзіваму расказу пра падзеі ўласнага жыцця, не страціў індывідуальнасць за шматлікімі фота, быў шчыры перадусім з сабой і адначасова — з чытачамі.
Менавіта такім Віктар Шніп паўстае перад чытачом на старонках кнігі «Тутэйшая туга». У выданне ўвайшлі вершы аўтара, а таксама яго дзённікавая проза, што пісалася амаль чатыры гады — з вясны 2009 года да канца 2012 года. Кніга мае адмысловую структуру: першую і трэцюю частку з назвамі «Раніца» і «Вечар» складаюць вершы, «Дзень» змяшчае дзённікавую прозу, а «Ноч» прапануе чытачам парэфлексаваць над прачытаным. Занатаваць думкі, выпісаць любімыя радкі ці фразы нібыта заклікае апошняя старонка выдання, знарок пакінутая пустой. Ёсць жа ў вучэбных дапаможніках спецыяльныя пустыя старонкі «для нататак». Чаму іх не можа быць у літаратурна-мастацкім выданні, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё чалавека?
Але вернемся да дзённікавых запісаў Віктара Шніпа. Думаецца, што менавіта яны — самая каштоўная і незвычайная частка кнігі. Незвычайная досыць рэдкім зместам (дзённікі пісьменнікаў сёння выходзяць не так часта) і тым, што яшчэ раз даказвае: паэт мысліць менавіта вобразамі. Нават простае апісанне надвор'я для яго — ланцужок прыгожых эпітэтаў, метафар і параўнанняў. Паэт мае абвостраныя пачуцці: яго можа моцна ўразіць падарожжа ў старажытны горад, сустрэча з даўнім сябрам, тэлефонны званок ад калегі ці проста пажоўклы лісток у лужыне ці лебедзь на вадзе. Жыццё паэта складаецца не толькі з вершаў, асабліва калі ён — яшчэ і галоўны рэдактар выдавецтва. Гэта бясконцыя прэзентацыі, інтэрв'ю, сустрэчы з аўтарамі, патэнцыйнымі пісьменнікамі, якія толькі хочуць напісаць кнігу, ці тымі, хто ўжо мае рукапіс «геніяльнага» «рамана», тэлефанаванні ад жонак аўтараў і абмеркаванне задум новых кніг.
А паміж працоўнымі і творчымі клопатамі — сямейныя справы. Хвароба маці, бацькі... Смерць абаіх бацькоў... І калі паэт так востра перажывае ўсе падзеі ўласнага жыцця, то і страта бацькоў проста працінае яго наскрозь нясцерпным болем, доўга адгукаецца балючымі ўспамінамі, сумам па цяпле роднай хаты і страчаных надзеях. Але тады навошта занатоўваць гэтыя балючыя старонкі? І тым больш — распавядаць пра іх тысячам чытачоў, шырока раскрываць дзверы душы, паказваючы самае дарагое і патаемнае?
Тут я бачу два варыянты адказу. Першы: безумоўная шчырасць творцы. Ён аднолькава праўдзівы з сабой і чытачамі ў паэзіі, прозе, дзённіках. Ён не хаваецца за маскамі і не крывіць душой. Другі — жаданне дапамагчы чытачу, аказаць, так бы мовіць, тэрапеўтычны эфект і на яго душу. Цалкам лагічна, што і тыя, хто гартае старонкі кнігі, таксама стараюцца справіцца з болем ад страты блізкага чалавека. Дык чаму б не зрабіць гэта разам? Разам з аўтарам прыгадаць самыя цёплыя моманты, усміхнуцца, паплакаць. Галоўнае — быць сабой і не ўтойваць уласных пачуццяў. А магчыма — завесці ўласны дзённік.
Марына ВЕСЯЛУХА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura-0
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[4] https://zviazda.by/be/tags/maryna-vesyaluha-1