У краіне створана адмысловая крымінальная выведка ў інтэрнэце, распаўсюднікам дурману не хапае кур'ераў, а ў Міністэрствасувязі і інфарматызацыі ўжо адправілі прашэнне аб закрыцці шасці сайтаў, праз якія распаўсюджваюць наркотыкі.
16-40
Пра гэта і іншае на прэс-канферэнцыі, прысвечанай рэалізацыі антынаркатычнага дэкрэта, паведаміў Васіль ЛОСІЧ, начальнікгалоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі.
Патэнцыйных «закладчыкаў» спакушаюць бонусамі
Не сакрэт, што мінулы год вызначыўся вялікай колькасцю нарказлачынстваў. Ад праваахоўнікаў даволі часта паступалі звесткі аб затрыманні, а ад медыкаў, на жаль, інфармацыя пра атручанні і смерці...
— Летась выяўлена 7319 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Гэта значны прырост у параўнанні з 2013 годам, — заўважае Васіль Лосіч. — Што выклікае непакой? У 4 разы павялічылася колькасць крымінальных спраў, якія завялі за нарказлачынствы з удзелам непаўналетніх.
Але паводле слоў Васіля Лосіча, пасля падпісання Дэкрэта №6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў» сітуацыя пачала мяняцца.
— Дэкрэт запрацаваў. Мы пачалі адсочваць інтэрнэт, і ў частцы прафілактыкі гэты дакумент ужо нам дапамагае. Нават такія з'явы, як павышэнне цэнаў на наркотыкі, больш асцярожныя дзеянні наркадылераў, сведчаць пра тое, што адчуваецца ўплыў нарматыўнага акта. Безумоўна, меркаваць пра працу цяжка, бо прайшло толькі некалькі тыдняў са дня падпісання дэкрэта. Аднак гэта той інструмент, які дазволіць больш эфектыўна супрацьстаяць наркаагрэсіі.
— Але чаму не закрываюць сайты, на якіх размяшчаюць аб'явы аб продажы наркотыкаў? — звярнуліся да кіраўніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі.
— Я прадбачыў падобнае пытанне, — кажа Васіль Лосіч і дэманструе прысутным стос лістоў. — Мне раздрукавалі спіс гэтых сайтаў. Сярод іх не толькі беларускія, расійскія, але і казахскія. Мы насамрэч усе іх ведаем і ў адносінах да ўсіх працуем. Аднак ёсць свая спецыфіка. Мы вядзём сваю гульню. Важна дайсці да пастаўшчыка, канкрэтнага збытчыка, вызначыць канал пастаўкі і затрымаць усіх удзельнікаў працэсу. Але такія аб'явы ў інтэрнэце, як «патрабуюцца закладчыкі», паказваюць, што адчуваецца дэфіцыт у той «пяхоце», што выкарыстоўвалася для закладак. Моладзь ужо спрабуюць спакусіць бонусамі, заахвочваннямі. Што тычыцца ліквідацыі сайтаў, у Міністэрства сувязі і інфарматызацыі адпраўлены ліст аб закрыцці шасці падобных парталаў.
Ад Афганістана да Марока
Летась у Беларусі перакрылі 40 каналаў паступлення і транзіту наркотыкаў. Частка з іх не прызначалася для нашай краіны.
— Восенню затрымалі буйную партыю гераіну, якая часткова прызначалася для Украіны, часткова для Літвы, — працягвае Васіль Лосіч. — Але наркотыкі да нас пераважна паступаюць з тэрыторыі Расіі. Мытны саюз не прадугледжвае кантролю на мяжы, а таму многія лічаць гэты маршрут самым бяспечным. Пры гэтым мы ўзмацнілі кантроль за паштовымі адпраўленнямі, бандэролямі, пасылкамі. Справа ў тым, што 1 дозу курыцельнай сумесі можна зрабіць з дзвюх тысячных грама рэагенту. Яе можна атрымаць па пошце, развесці саматужным метадам — і вось патрэбная колькасць рэчыва для спажывання.
Сінтэтычныя наркотыкі ў Беларусь традыцыйна пастаўляюць з Літвы і Польшчы, макавую саломку — з Украіны, марыхуану — з Галандыі. А вось гашыш праз транзітныя каналы трапляе ў Беларусь з Іспаніі і Марока.
16-39
Школьнікі пройдуць тэсціраванне
Іван Канаразаў, галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя, лічыць антынаркатычны дэкрэт даволі своечасовым, прыводзіць некалькі цікавых фактаў:
— У 2014 годзе ў медыцынскія ўстановы з перадазіроўкай псіхаактыўнымі рэчывамі даставілі 1351 чалавека ( у 2013 годзе — 759 пацыентаў). Усе гэтыя асобы знаходзяцца ў аддзяленнях рэанімацыі, інтэнсіўнай тэрапіі. Адзін дзень утрымання ў іх каштуе прыкладна 2 мільёны рублёў. Можна толькі падлічыць, колькі сродкаў было затрачана дзяржавай на аказанне ім медыцынскай дапамогі. У нармальных умовах грошы маглі б пераарыентавацца на тых, хто пакутуе на сардэчна-сасудзістыя і іншыя захворванні. Летась таксама зафіксавалі 32 выпадкі атручання са смяротным зыходам. У 2013 годзе такіх было 83. З чым звязана падобнае зніжэнне? З агрэсіўнай прафілактычнай палітыкай і інфармаваннем насельніцтва.
Іван Канаразаў таксама дадаў, што міністэрствы аховы здароўя і адукацыі распрацавалі алгарытм тэсціравання школьнікаў на ўжыванне псіхатропных рэчываў. Анкетаванне будуць праводзіць не менш за адзін раз на год сярод школьнікаў, якія дасягнулі 11-гадовага ўзросту, а таксама сярод студэнтаў. Пры выяўленні схільнасці да спажывання наркотыкаў навучэнца накіруюць на медагляд. Пры гэтым усё павінна праходзіць з дазволу бацькоў (законных прадстаўнікоў) дзіцяці.
Тарас ШЧЫРЫ.
Фота Надзеі Бужан.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka-0
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/16-40.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/16-39.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus