Выступаючы ў чацвер на пазачарговай сесіі парламента, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь будзе мэтанакіравана імкнуцца да нармалізацыі адносін з краінамі Захаду. Пры гэтым беларускі лідар заклікаў «нікога не хвалявацца» на гэты конт.
Гэтая думка Прэзідэнта выглядае досыць цікавай, бо, на першы погляд, нічога надзвычайнага ў тым, што суверэнная еўрапейская краіна імкнецца кіравацца ў сваёй знешняй палітыцы прынцыпамі добрасуседства і бесканфліктнасці, абсалютна не праглядаецца. Здавалася б, якія могуць быць «хваляванні» і ў каго?
Між тым, сапраўды традыцыйная шматвектарная дыпламатыя Беларусі зноў выклікае цалкам неабгрунтаваныя «спадзевы» ў адных і неадпаведныя рэчаіснасці «падазрэнні» ў другіх буйных геапалітычных гульцоў. Такія знешнепалітычныя эмоцыі ў адрас нашай краіны не толькі шкодзяць іміджу Беларусі ў сістэме міжнародных адносін, але і з'яўляюцца небяспечнымі, таму і трапілі ў фокус прамовы кіраўніка дзяржавы.
Прыярытэты даўно расстаўлены
Справа ў тым, што, нягледзячы на сумны гістарычны вопыт, палітычныя эліты як Расіі, так і заходніх краін працягваюць гуляць у канкурэнцыю інтэграцый, і самае цяжкае выпрабаванне на якасць і ўстойлівасць дзяржаўнага ладу для маладых постсавецкіх рэспублік палягае ў тым, каб вытрымаць уласную, а не навязаную кімсьці збоку знешнепалітычную лінію, заставацца паўнапраўным суб'ектам міжнародных адносін, а не стаць аб'ектам геапалітычнай спрэчкі. Гэты тэзіс наглядна падмацоўваецца трагічнай сітуацыяй у нашых украінскіх суседзяў, дзе ўсё пачыналася з размоў аб еўраінтэграцыі, а скончылася рэвалюцыяй, зменай улады і грамадзянскай вайной, у якой лік загінулых ужо ідзе на тысячы.
Беларускае кіраўніцтва заўжды ўдала расстаўляла прыярытэты айчыннай знешняй палітыкі. Асноўнай задачай заўжды было ўзнаўленне разбуранага патэнцыялу адзінства на постсавецкай прасторы і інтэграцыйныя праекты найперш з Расійскай Федэрацыяй. Менавіта афіцыйны Мінск яшчэ на пачатку 1990-х першым агучыў неабходнасць і мэтазгоднасць новых саюзаў былых савецкіх рэспублік, узнаўлення сувязяў і прамысловай кааперацыі. Лагічным вынікам гэтых намаганняў беларускай дыпламатыі стала Саюзная Дзяржава Беларусі і Расіі, што дазваляе нашай краіне стабільна знаходзіцца сярод дзесяці вядучых гандлёва-эканамічных партнёраў расійскай эканомікі з аб'ёмам рынку больш за 140 мільёнаў чалавек. Другім вынікам стаў удзел нашай краіны ў заснаванні Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе ў рамках адзінай эканамічнай прасторы аб'яднаны магчымасці Расіі, Беларусі, Казахстана і Арменіі.
Логіка шматвектарнасці
Аднак вырашэнне першачарговых задач ніяк не адмаўляе тое, што Беларусь мусіць імкнуцца да ўсталявання канструктыўных партнёрскіх адносін з іншымі краінамі свету, шукаючы для сябе палітычную падтрымку, інвестыцыі, супольныя праекты і рынкі збыту. Тая самая айчынная шматвектарнасць наўпрост вынікае з аналізу эканамічнай мадэлі краіны: індустрыяльная, небагатая на сыравінныя рэсурсы, беларуская дзяржава мусіць увесь час клапаціцца аб інтарэсах уласнага экспарту, што азначае пастаянную канкурэнцыю на знешніх рынках за якасць прадукцыі. Таму і атрымліваецца, што сферы інтарэсаў Беларусі непараўнальныя з адносна невялікім памерам нашай краіны на палітычнай карце. Беларускія праекты ў Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыцы выглядаюць досыць незвычайна нават для саміх радавых жыхароў Беларусі, не кажучы пра тое, што гэта недасяжная велічыня, скажам, для нашых прыбалтыйскіх суседзяў. Але такія праекты не толькі існуюць, але з'яўляюцца эфектыўнымі і прыбытковымі: напрыклад, мала хто ведае, што нават у далёкім В'етнаме існуе зборачная вытворчасць аўтамабіляў «МАЗ», а станоўчае сальда гандлю для нашай краіны склалася ў памеры больш за 100 мільёнаў долараў ЗША.
Сучасная рэцэсія расійскай эканомікі яшчэ раз пацвердзіла правільнасць шматвектарнасці і неабходнасць пошуку новых рынкаў для прадукцыі беларускай індустрыі. Залежнасць ад магчымасцяў Расійскай Федэрацыі вельмі негатыўна адбіваецца на айчыннай эканоміцы, калі нас фактычна накрыла хваляй крызісу з суседняй краіны. Як бы прагматычна гэта ні гучала, але беларускія дыпламаты і супрацоўнікі знешнегандлёвых аддзелаў нашых прамысловых флагманаў мусяць жыць згодна з прымаўкай «ваўка ногі кормяць», бо чакаць, пакуль «павысіцца цана на нафту», як гэта цяпер прынята ў нашых расійскіх саюзнікаў, у Беларусі няма ні часу, ні рэзерваў.
Напрамкі стратэгіі
Вядомы тэзіс Прэзідэнта аб залежнасці палітычнай сітуацыі ад эканамічнай лагічна паказвае напрамкі айчыннай знешнепалітычнай стратэгіі на бліжэйшыя гады. Сусветны Банк прагназуе рост ВУП Беларусі на 2015 год у памеры каля 1,8%, а прамысловая прадукцыя мусіць быць рэалізавана, а не залежвацца на складах.
Такім чынам, відавочна, што беларускае кіраўніцтва будзе імкнуцца да атрымання ўсіх магчымых бонусаў ад еўразійскай інтэграцыі і такім жа важным з'яўляецца працяг курсу на мадэрнізацыю айчыннай прамысловасці. Такі падыход ужо прадэманстраваў Прэзідэнт Беларусі ў сваім нядаўнім звароце да калег — кіраўнікоў краін ЕАЭС, дзе адзначана, што Рэспубліка Беларусь настойвае на фармаванні адзінага рынку без абмежаванняў як базавай умовы поспеху еўразійскай інтэграцыі. Другім маркёрам з'яўляюцца даручэнні Аляксандра Лукашэнкі, датычныя нармалізацыі адносін з ЕС і ЗША, бо відавочна, што перадавыя тэхналогіі, неабходныя для мадэрнізацыі беларускай прамысловасці, як і інвестыцыі, можна атрымаць на гэтым кірунку.
Тут задача для Беларусі вельмі няпростая, бо на працягу доўгага часу кіраўніцтва Еўрасаюза і ЗША перад шчыльным эканамічным супрацоўніцтвам ставіла палітычныя патрабаванні змены дзяржаўнага ладу ў нашай краіне, аднак гэтая інерцыя павольна, але пераадольваецца. Беларускі інвестыцыйны форум у Нью-Ёрку, перамовы з Еўрапейскім саюзам аб змякчэнні візавага рэжыму, трансгранічныя праекты Беларусі і ЕС — усе гэтыя падзеі былі б немагчымыя без змены ўспрыняцця вобразу Беларусі заходнімі палітычнымі элітамі. Вядома, неабгрунтаваная крытыка ў адрас нашай краіны па-ранейшаму мае месца ў рыторыцы Бруселя і Вашынгтона, але хаця б цяпер афіцыйны Мінск ужо амаль не ўспрымаецца як пагроза для «цывілізаванага свету».
Думаецца, што такая змена пазіцыі ў дачыненні да Беларусі абгрунтоўваецца наступнымі думкамі: па-першае, украінскі крызіс і дэманстратыўна міратворчая лінія айчыннай дыпламатыі ў гэтым пытанні наглядна прадэманстравалі, што беларуская дзяржаўная мадэль не толькі ўстойлівая, але і можа быць выкарыстана сусветнымі гульцамі як фактар рэгіянальнай стабільнасці і парадку; па-другое, дамаўляючыся аб зоне свабоднага гандлю з ЗША, уводзячы дадатковыя санкцыі супраць Расіі, пэўныя колы Еўрапейскага саюза не жадаюць канчаткова страціць расійскі рынак. У гэтым выпадку Беларусь, як частка ЕАЭС, можа стаць той брамай, праз якую ўсё ж будуць прыцягвацца заходнія тэхналогіі і інвестыцыі ў Расію. Крызіс сыравіннай, экстэнсіўнай эканамічнай мадэлі ў РФ таксама ўказвае на тое, што праз некаторы час, нават у інтарэсах захавання дзяржавы, фінансава-палітычныя эліты Расіі прыйдуць да высновы пра неабходнасць кампрамісу з Захадам і інвестыцый у развіццё прамысловага патэнцыялу Еўразійскага саюза.
Шчырая палітыка
Гэта значыць, што мэта для Беларусі ясная, але яна патрабуе пэўнага майстэрства і якасці выкання: трэба ўжо сёння ўсвядоміць сваё месца ў глабальных працэсах і ясна выказацца аб прыярытэтах, патлумачыўшы іх партнёрам. Выступленне Прэзідэнта на пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў з'явілася менавіта такім крокам — звяртаючыся да заходніх краін, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «ніхто ніколі не зможа замяніць нам Расію»; а звяртаючыся да Расіі, Прэзідэнт адзначыў, што «не трэба напружвацца наконт адносін Беларусі з ЕС і ЗША. Гэта крыху іншыя адносіны, бо ў нас з імі вялікі таваразварот».
Такім чынам, Прэзідэнт даў зразумець, што Беларусь адкрытая да эканамічнага супрацоўніцтва з краінамі Захаду, аднак пэўным колам не трэба цешыць сябе ілюзіяй, што гэтым шляхам нашу дзяржаву можна «адарваць» ад саюза з Расіяй; гэтак жа і ў Расіі трэба разумець шырокі спектр беларускіх эканамічных інтарэсаў, а не шукаць канспіратыўныя змовы ды таямніцы.
Адкрытасць беларускай палітыкі, нецярпімасць кіраўніцтва краіны да ўсякага роду «пасярэдніцтваў» і «мышкавання» часам не вельмі зразумелая як канкурэнтам Беларусі, так і яе партнёрам. Між тым шматвектарная беларуская палітыка з'яўляецца досыць простай, з ясна расстаўленай іерархіяй міжнародных адносін: трэба толькі ўважліва аналізаваць тое, што гаворыць беларускі бок, а не імкнуцца глядзець на нашу краіну праз прызму ўласных амбіцый.
Аляксандр ШПАКОЎСКІ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0