Жыхары вёскі Негіна, якую абслугоўвае Станіслаў Напрыенка, гатовы падпісвацца на газеты ўжо дзеля таго, каб… зрабіць яму прыемнае
Наогул Станіслаў на Касцюковіцкай пошце агульны любімец. Яго начальнік Ірына Каваленка кажа, што такога дысцыплінаванага работніка яшчэ пашукаць трэба. Заўсёды прыветлівы, акуратны. Ды і як жа інакш, калі ідзеш да людзей, калі прадстаўляеш вельмі паважаную імі ўстанову?
Хлопец і насамрэч з першых хвілін выклікае давер і сімпатыю. І пра людзей кажа толькі станоўча, відавочна, што робіць гэта не дзеля паказухі: яму сапраўды даспадобы тое, чым ён займаецца.
—Паштальёнам стаў выпадкова, — усміхаецца суразмоўца. — Пасля школы не змог паступіць, куды збіраўся, сядзець на шыі ў бацькоў не хацелася. І калі знаёмая з пошты прапанавала папрацаваць, згадзіўся. Ніколі не думаў, што мне спадабаецца, што ўцягнуся і буду займацца гэтай справай 12 гадоў.
— Спачатку я абслугоўваў родную вёску Негіна і дзве суседнія — Чырвоную Слабаду і Васілеўку, да якіх прыкладна па 2,5 кіламетра хоць і па лесе. Для маладога хлопца гэта не адлегласць. Праўда, усякае бывала — зімой дарогі замятала так, што часам ішоў па калена ў снезе. Ды яшчэ з цяжкай сумкай… Я ўжо не кажу пра тое, што ў лесе можна сустрэць каго заўгодна — і нядобрых людзей, і галодных звяроў, — расказвае ён.
—Напэўна, страшна было? — хутчэй, спачуваю, чым пытаюся ў хлопца.
—Ну, можа, трохі... І тое спачатку, — шчыра адказвае ён. — Звярнуў увагу на тое, што, калі аб дрэнным думаеш, нешта непрыемнае і здараецца. Таму я ўспамінаю ўсё толькі добрае. А на выпадак сустрэчы з хуліганамі ёсць газавы балончык. На шчасце, яшчэ не даводзілася ім карыстацца.
На цяжкасцях Станіслаў наогул не зацыкліваецца. Кажа, што сілы яму даюць стасункі з добрымі людзьмі. А дрэнных, запэўнівае ён, на яго ўчастку наогул не было. Нават сярод тых, хто сварыўся.
—Калі чалавек не ў гуморы, ніколі не іду на канфлікт, імкнуся па-добраму з ім размаўляць, — дэманструе ён не ўласцівую для сваіх гадоў мудрасць. — У вясковых жыхароў ёсць чаму павучыцца, яны шмат чаго бачылі і чулі, пра многае паспяваюць расказаць: і пра жыццё ў савецкія гады, і пра вайну.
Хлопцу ўсё цікава. Ён з сумам успамінае двух ветэранаў, якія пайшлі з жыцця. Ён так прывык да іх, што першы час перажываў
страту.
Для тых, каму Станіслаў разносіць газеты і пенсіі, ён таксама чалавек не чужы. Ніколі не адмовіцца прынесці вады ці дроў, а калі бачыць на вуліцы бабульку з цяжкай сумкай у руках, першы спяшаецца ёй на дапамогу. Шкада старых. Хто ім яшчэ дапаможа, калі дзеці і ўнукі ў горадзе?
На жаль, некалі вялікія вёскі паступова выміраюць. Вось і Чырвоная Слабада, дзе калісьці былі і школа, і клуб, некалькі гадоў таму трапіла ў разрад неперспектыўных. А следам за ёй — і Васілеўка. Цяпер гэтыя вёскі абслугоўвае перасоўная пошта. Людзі паціху прывыклі да змен, хаця пры сустрэчы прызнаюцца паштальёну, што крыху сумуюць аб тым часе, калі ён да іх прыходзіў.
У вёсцы Негіна, дзе цяпер працуе хлопец, таксама жыхароў не шмат. Заробкі невялікія, і людзі імкнуцца выпісваць нешта таннае. Але нават у такім маленькім населеным пункце (добра, калі 60 чалавек назбіраецца) ёсць сапраўдныя прыхільнікі штодзённых газет, у тым ліку і «Звязды».
—Валерый Базылеў пэўны час не мог вызначыцца з любімай газетай. Адну рэспубліканскую выпісаў, потым — другую, а паспрабаваў чытаць «Звязду» і вось ужо трэці год ёй не здраджвае», — згадвае Станіслаў.
Сваё далейшае жыццё ён пакуль не ўяўляе без пошты: паступіў у Віцебскі дзяржаўны вышэйшы каледж сувязі і вельмі задаволены. Па-першае, гэта новыя веды і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Па-другое, ёсць магчымасць некалькі разоў на год пажыць гарадскім жыццём. У роднай вёсцы моладзі зусім не засталося, а кантактаваць з равеснікамі ў інтэрнэце не так цікава, як у рэальным жыцці.
—На гарэлку ад нуды часам не цягне? — хочацца знайсці хоць нейкую загану ў гэтым чалавеку, вельмі не падобным на сваіх аднагодкаў.
—Не, барані Бог. Калі гэтым заняцца, крыж на сабе можна ставіць адразу.
—А як пазбаўляецеся негатыву?
—З добрымі людзьмі пагаворыш — і ўжо лягчэй. Мудрыя бабулі раяць ніколі ні з кім не сварыцца. Дурнога чалавека не зменіш, а настрой сапсуеш.
…Адзінае, што засмучае негінскага паштальёна, дык гэта невялікі пакуль што заробак. Але ёсць перспектыва пераехаць на працу ў Касцюковічы, а там і з фінансамі стане лягчэй, і перспектывы кар'ернага росту з'явяцца. Яго раённае кіраўніцтва ў гэтым таксама зацікаўлена. «Такіх маладых спецыялістаў трэба цаніць, — кажа начальнік раённага вузла паштовай сувязі Ірына Каваленка. — Наша служба развіваецца, з'яўляюцца новыя паслугі, мяняюцца формы працы. Трэба пастаянна ўдасканальваць свае веды, вучыцца чамусьці новаму. І такія неабыякавыя да прафесіі людзі, як Станіслаў, справе толькі на карысць».
Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/01/31-1.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya-1