Дэпутаты Саветаў пярвічнага звяна пашыраюць практыку абмеркавання важных пытанняў, прыцягваючы грамадскасць да іх вырашэння. У якасці такога прыкладу можна прывесці выкананне на месцах Закона Рэспублікі Беларусь «Аб раслінным свеце». Праблемы экспансіі інвазіўных раслін і метады барацьбы з імі абмеркавалі падчас «круглага стала» ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь старшыні сельскіх Саветаў разам з вучонымі.
Максімальна небяспечныя
У Беларусі налічваецца больш як 300 відаў агрэсіўных раслін. Гэта ў асноўным паўночна-амерыканскія віды, якія прыжыліся ў нашых кліматычных умовах. Змагацца з імі ўсімі адначасова не хопіць ні сіл, ні сродкаў. Таму вучоныя вылучылі 6 відаў, якія прызналі максімальна небяспечнымі. Гэта сумнік канадскі, клён ясенялісты, рабінія псеўдаакацыя, эхінацысціс лопасцевы (шалёны агурок), баршчэўнік Мантэгацы і баршчэўнік Сасноўскага.
Экспансія гэтых «чужынцаў» пагражае знікненнем ягад і грыбоў, апусташае некалі сенакосныя лугі, урадлівыя сельскагаспадарчыя ўгоддзі, змяншае прырост драўніны. Акрамя таго, многія з іх уплываюць на здароўе людзей, выклікаюць апёкі, розныя алергічныя рэакцыі і нават атручэнне.
—А многія расліны, што прыйшлі на нашу тэрыторыю, муціруюць, становяцца больш агрэсіўнымі, рэзка пашыраюць сваю плошчу. Напрыклад, сумнік канадскі перагнаў свайго «суайчынніка»: ён расце ў кожнай вёсцы, на прысядзібных, дачных участках. Неабходна растлумачыць мясцовым жыхарам, каб не апрацоўвалі яго, не рэкультывавалі, — звярнуўся да старшынь Саветаў кандыдат біялагічных навук, загадчык сектара кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Алег Маслоўскі.
Усяго ў Беларусі зарэгістравана 700 папуляцый сумніка. Найгоршая сітуацыя — пад Мінскам. Няпростае становішча і з клёнам ясенялістым. Ён пачынае вегетацыю раней за наш звычайны клён, дае больш насення, хутчэй расце і выцясняе айчынную флору. У Беларусі зафіксавана 2106 месцаў яго росту. Рабінія псеўдаакацыя калісьці высаджвалася каля ўзбочын дарог для ўпрыгожвання, азелянення, і, як правіла, на поўдні Беларусі, пераважна ў Пінскім раёне. А цяпер расліна актыўна распаўсюджваецца далей. Шалёны агурок аплятае, як ліяна, поймы рэк, па агрэсіўнасці перамагае ўсё на сваім шляху, нават той жа сумнік канадскі і баршчэўнік Сасноўскага.
Не ліквідаваць, дык стабілізаваць
—У краіне крок за крокам абследуюцца вобласці, рэгіёны, фіксуюцца папуляцыі, падлічваецца іх колькасць, — канстатаваў Алег Маслоўскі. — Мы маем аб'ектыўную карціну, як развіваецца сітуацыя. Сёння ў нас зафіксавана 2865 папуляцый баршчэўніку Сасноўскага на агульнай плошчы больш як 2 тыс. гектараў. Максімальная колькасць яго сканцэнтравана ў Мінскай і Віцебскай абласцях. У «лідарах» — Ушацкі, Браслаўскі, Віцебскі, Мёрскі, Дзяржынскі раёны.
У выніку мерапрыемстваў па змяншэнні колькасці баршчэўніка Сасноўскага сітуацыя мяняецца да лепшага ў шэрагу рэгіёнаў. У Мінску за апошнія тры гады плошчы «шкодніка» скараціліся ў 4 разы. Калі б з агрэсарам не вялася барацьба, то штогод яго плошча павялічвалася б на 20%, з'яўлялася б 30 новых «плантацый». Зразумела, на падобныя мерапрыемствы патрэбны пастаянныя і немалыя грашовыя ўкладанні. Гэта тычыцца не толькі Беларусі. Напрыклад, Латвія летась затраціла 5 млн еўра на барацьбу з баршчэўнікам, але — без асаблівага поспеху. Эканамічныя страты ад інвазійных раслін каласальныя. ЗША штогод губляе з‑за іх 137 млрд долараў, Індыя — 117, Бразілія — 50. Такая будучыня чакае і нашу краіну, папярэджваюць вучоныя, калі не будзем прымаць своечасовых захадаў.
—Менавіта ад дзеяння ці бяздзеяння мясцовых улад, дэпутатаў Саветаў пярвічнага ўзроўню, старшынь сельскіх і пасялковых Саветаў у многім залежыць сітуацыя ў канкрэтных рэгіёнах, — лічыць вучоны. — У раённых інспекцыях прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ёсць кадастравыя матэрыялы і адпаведныя пашпарты. Для кожнага віду раслін існуюць свая стратэгія і тактыка барацьбы.
—У Законе «Аб раслінным свеце» вызначана кампетэнцыя і абавязкі ўсіх зацікаўленых бакоў. Распарадчыя і выканаўчыя органы ўлады павінны арганізоўваць распрацоўку і рэалізацыю планаў і праграм па рацыянальным выкарыстанні аб'ектаў расліннага свету, весці барацьбу з інвазійнымі відамі, не наносячы шкоду іншым, — нагадала аўдыторыі кансультант аддзела ўпраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ксенія Панцялей.
Сістэмны падыход з выездам на месца
Як паказвае практыка, праблему з распаўсюджваннем раслін-агрэсараў удаецца мінімізаваць там, дзе з імі змагаюцца ўсімі даступнымі сродкамі. На Лагойшчыну баршчэўнік Сасноўскага быў завезены ў 70‑я гады мінулага стагоддзя, ён добра прыжыўся. Паспрыяў прыродны ландшафт: пагоркі, малыя рэкі, кустоўе, лясы, якія займаюць 54% ад агульнай плошчы раёна.
—Сітуацыю з экспансіяй расліны ў раёне за апошнія 3–4 гады ўдалося стабілізаваць, але ўсё роўна яна даволі складаная: засталося каля 100 гектараў баршчэўніка Сасноўскага, — расказаў старшыня Лагойскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Вабішчэвіч. — Пытанні па зніжэнні яго колькасці разглядаюцца на пасяджэннях райвыканкама, штогод зацвярджаецца план мерапрыемстваў па абмежаванні распаўсюджання гэтай расліны, прапісваюцца задачы ўсім землекарыстальнікам па яе рэгуляванні. Адначасова працуем з насельніцтвам, тлумачым, што гэта сур'ёзная пагроза для эканомікі і іх здароўя.
Летась на Лагойшчыне на мерапрыемствы па скарачэнні колькасці баршчэўніка Сасноўскага затрацілі 500 млн рублёў з раённага бюджэту. Гэта з улікам таго, што набылі спецыялізаваную машыну «Раса» для ўнясення ядахімікатаў. Тэхніку мадэрнізавалі для эфектыўнай барацьбы з баршчэўнікам. Яе выдзяляюць не толькі сельгаспрадпрыемствам, але і іншым арганізацыям па спецыяльна распрацаваным графіку — для знішчэння «чужынца» на ўзбочынах дарог, пад лініямі электраперадач, у населеных пунктах.
Сёлета плануецца патраціць на набыццё ядахімікатаў і аплату працы механізатара і рабочых, што будуць прыцягнуты для барацьбы з баршчэўнікам, 150 млн рублёў. Частку ядахімікатаў, што закупляюць арганізацыі, выдзяляюць сельвыканкамам. Яны наймаюць людзей (якія праходзяць медыцынскую камісію), забяспечваюць іх спецадзеннем. Участкі работы ім вызначае старшыня сельскага Савета. Па выніках месяца ён падае акты выкананых работ і акт на спісанне ядахімікатаў у арганізацыю, дзе работнік атрымлівае заработную плату.
—У барацьбе з інвазіўнымі відамі раслін павінна быць сістэма, — перакананы Пётр Андрэевіч. — Мы вельмі цяжка яе наладжвалі: не ўсе адказна ставіліся да праблемы. Вымушаны былі ўвесці штотыднёвую справаздачнасць: якія работы па выкараненні баршчэўніка выканала кожная арганізацыя згодна з заданнем. Гэтая тэма пастаянна гучыць і на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама, разглядаецца на прэзідыумах раённага Савета дэпутатаў.
Як вынік, за мінулы год папуляцыя баршчэўніка Сасноўскага ў раёне скарацілася на 40 гектараў. Праўда, ён пачаў з'яўляцца на новых месцах. Прааналізавалі сітуацыю і прыйшлі да высновы: вінаваты механізатары, якія не ачышчаюць плугі ад насення пасля заворвання, дыскавання «плантацый». Цяпер іх работу кантралюе аграном.
—Менавіта на Лагойшчыне працуюць у цеснай сувязі з гаспадарнікамі, дэпутатамі, раяцца з вучонымі, як лепш выкарыстаць прэпараты, сродкі, тэхніку ў барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Вопыт Лагойскага раёна па рабоце з насельніцтвам, працоўнымі калектывамі, арганізацыямі варта абагульніць і распаўсюдзіць у рэгіёнах, для якіх актуальная праблема інвазійных раслін, — прапанавала, падводзячы вынікі сустрэчы, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч.
А яшчэ, на думку Святланы Міхайлаўны, такія «круглыя сталы» з удзелам вучоных карысна было б правесці непасрэдна на месцах, у раёнах.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/11-12.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/11-15.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/11-13.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne