Разведка ў «Афгане» заўсёды лічылася элітным армейскім падраздзяленнем
За ўвесь перыяд вайны праз Афганістан прайшлі 620 тысяч вайскоўцаў. У прыватнасці, больш за 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі, з якіх каля 800 не вярнуліся дадому. Ва Узброеных Сілах Беларусі і сёння працягваюць службу воіны-інтэрнацыяналісты, у тым ліку на стратэгічна важных пасадах.
Адзін з іх — Алег Вараб'ёў — прайшоў шлях ад малодшага сяржанта да намесніка камандзіра ўзвода, кавалера ордэна Чырвонай Зоркі і двух медалёў «За адвагу». Служба праходзіла ў ваеннай часці 781-240, асобным разведвальным батальёне, 2-й разведвальнай роце горада Баграм. Дарога на вайну пачалася з Узбекістана. У горадзе Тэрмезе Алег Вараб'ёў прайшоў курс маладога байца, затым на працягу наступных чатырох месяцаў былі падрыхтоўчыя курсы ў Туркменістане па спецыяльнасці «камандзір БМП» і, у рэшце рэшт, ён разам з іншымі маладымі байцамі ноччу прыляцеў у Кабул.
На вайну, па словах Алега Васільевіча, ён ішоў з энтузіязмам, без думак пра смерць: «Страшна становіцца тады, калі не ведаеш, хто і адкуль страляе». Нядзіўна, бо маладыя салдаты, якім толькі што споўнілася 18 гадоў, нічога і не маглі ведаць пра сапраўдную вайну.Тэмпература ў Афганістане вагаецца ад -25 зімой да +50 летам. Краіна мае суровы клімат, дзе за адзін дзень можна пабываць у розных кліматычных зонах. Менавіта ў такіх жорсткіх умовах і даводзілася ваяваць маладым савецкім салдатам.
Афганістан «цывільны», як успамінае Алег Вараб'ёў, гэта вельмі выразная беднасць, якая кантраставала з экзатычным рэльефам і разнастайнасцю вінаграднікаў і гранатавых і грэцкіх дрэў, што раслі паўсюль. Каб паліваць вінаграднікі, сяляне стагоддзямі капалі студні-кярызы, якія ўтвараюць падземную сетку хадоў рознага ўзроўню. Гэтымі сухімі рэчышчамі сталі карыстацца «душманы», каб схавацца ці падрыхтаваць тэракт.
На месцы салдат, зыходзячы з іх навыкаў і ўменняў, размяркоўвалі па батальёнах так званыя «купцы», гэта значыць камандзіры, якія адбіралі вайскоўцаў у свае часці. Спартыўнае мінулае, кемлівасць, навыкі рукапашнага бою, стралковай падрыхтоўкі і ўсходніх адзінаборстваў, атрыманыя падчас «вучэбкі» ў гарадах Сярэдняй Азіі, прадвызначылі размеркаванне ў разведбатальён.
Мэтай разведкі было атрыманне інфармацыі, знішчэнне дробных бандфарміраванняў. Разведка заўсёды лічылася элітным армейскім падраздзяленнем, якое карыстаецца найбольшым аўтарытэтам. Усяго ў разведбатальёне горада Баграм было каля 30 чалавек.
Разведчыкі мелі права перасоўвацца малымі групамі па 7, 9, максімум 18 чалавек, таму суадносіны сіл з ворагам часта былі адзін да пяці. Пасля адной з такіх аперацый, у 1982 годзе, камандзір разведатрада Алег Вараб'ёў быў узнагароджаны ганаровым ордэнам Чырвонай Зоркі за ўзорнае выкананне спецыяльных заданняў камандавання. Мэтай разведгрупы было ўзяць групоўку маджахедаў* з 45 чалавек. Савецкія салдаты арганізавалі засаду, і на світанні, калі сталі падыходзіць маджахеды, уступілі ў бой. Абодва бакі былі ўзброены «да зубоў», уключаючы гранаты і нажы. Разведгрупа паспяхова правяла аперацыю і ўзяла 12 адзінак трафейнай зброі. Баграмскім батальёнам камандаваў легендарны маёр Нікалаеў. Яго салдаты атрымалі ў душманаў мянушкі «чорныя д'яблы» або «начныя ваўкі» за тое, што былі няўлоўныя і выходзілі на заданне пераважна ноччу.
Нярэдка ваяваць прыходзілася ў розных стратэгічна важных месцах Афганістана, напрыклад, на знакамітых цяснінах Панджшэр і Сурубі. Абедзве былі непрыступныя з прычыны геаграфічных асаблівасцяў і знаходзіліся пад узмоцненым кантролем «духаў». Панджшэрская цясніна вядома тым, што Кабульская ўлада так і не ўмацавалася ў гэтым раёне, а за 9 гадоў знаходжання ў Афганістане савецкага кантынгенту праводзілася 12 аперацый па выцясненні атрадаў душманаў. Дзяржава не кантралявала здабычу наркотыкаў і алмазаў, якімі бандфарміраванні расплачваліся за пастаўкі ўзбраення. Пры гэтым маджахеды атрымлівалі падмацаванне з суседняга Пакістана, мяжа з якім не была перакрытая. Савецкія салдаты некалькі разоў спрабавалі «ўзяць» цясніну Панджшэр. І вось падчас адной з такіх аперацый «духі» былі нарэшце пераможаны. Усяго ў аперацыі прымала ўдзел каля 12 тысяч савецкіх ваеннаслужачых розных родаў войскаў, яна праходзіла адначасова на тэрыторыі 120 км цясніны.
Дзе яшчэ можна навучыцца шанаваць жыццё так, як на вайне, дзе салдаты кожны дзень аказваліся на мяжы жыцця і смерці. У цясніне Сурубі група савецкіх байцоў пад камандаваннем Алега Вараб'ёва трапіла ў акружэнне маджахедаў. За жыццё прыйшлося змагацца, на восем чалавек заставалася некалькі патронаў... Каардынаты месцазнаходжання перадаць было немагчыма, а савецкую пяхоту, якая выйшла на падмогу, маджахеды не падпускалі. Калі байцы зразумелі, што шанцы на выратаванне мізэрныя, развіталіся адзін з адным. Аднак праз некаторы час удалося забіць аднаго з маджахедаў і група атрымала доступ да патронаў ворага. Бой за жыццё аднавіўся, салдатам сталі зразумелыя каардынаты іх месцазнаходжання, пра што яны паведамілі кіраўніцтву ў штаб. У выніку група разведчыкаў была выратавана, але салдатам, каб схавацца ад маджахедаў, давялося ныраць у горную раку.
Неўзабаве пра Вараб'ёва ўсе пачалі гаварыць, як пра выдатнага разведчыка: ён навучыўся з выключнай дакладнасцю вызначаць месцазнаходжанне ворага і яго колькасць. Не раз вадзіў падначаленых да размяшчэння душманаў, і, калі патрабавалі абставіны, умела выводзіў іх з-пад агню.
Вайна назаўсёды застанецца ў сэрцах тых, хто служыў у Афганістане. Па-рознаму скаліся лёсы саслужыўцаў: на жаль, не заўсёды яны станавіліся шчаслівымі. «Да гэтага часу засталося залішне насцярожанае стаўленне да людзей, што ідуць ззаду цябе, — прызнаецца Алег Васільевіч. — Заўсёды спінай адчуваю погляды».
Жорсткасць, якую праяўлялі маджахеды нават у адносінах да ўласных байцоў, не магла не здзіўляць. Не кажучы ўжо пра сістэму ўзнагароджанняў тых, хто прынясе асобныя часткі цела савецкіх салдат як трафей у пацверджанне знішчэння праціўнікаў. «Духаў», западозраных у дэзерцірстве, саджалі ў кішлак на ланцуг з двухтыднёвым запасам пайка і зброяй. Так смяротнік не мог пазбегнуць сваёй долі і сустракаўся з савецкімі салдатамі тварам да твару. Яму заставалася знішчыць сваіх праціўнікаў або загінуць самому. У выпадку, калі смяротнік заставаўся жывы, яму дазвалялі вяртацца да маджахедаў, але, зразумела, такія выпадкі былі рэдкімі.
Бывала, мясцовае насельніцтва само супрацоўнічала з савецкімі салдатамі. Такіх людзей называлі «інфарматарамі»: яны ведалі мясцовыя парадкі і патэнцыйныя месцы хованак маджахедаў. Інфарматараў, пераканаўшыся ў іх прыхільнасці да афіцыйнай ідэалогіі Кабула, апраналі ў маскіровачную форму і дазвалялі весці групу разведчыкаў да месцаў хованкі маджахедаў — каб атрымаць неабходную інфармацыю ад кіраўніка банды.
Алег Вараб'ёў атрымаў звальненне з Афганістана 18 красавіка 1983 года ўжо старшыной камузвода. За паўтара года афганскай службы ў роце, дзе ваяваў Алег Васільевіч, з 45 чалавек загінулі дзевяць. Адзін з камандзіраў роты ў Афганістане казаў: «Людзі гінуць у першыя тры месяцы службы і ў апошнія: спачатку таму, што нічога не ведаюць, а ў канцы таму, што мяркуюць, што ведаюць усё».
Быць вайскоўцам — гэта больш чым прафесія або перыяд жыцця. Чалавек, які аднойчы стаў на абарону мірных грамадзян, усё жыццё, як правіла, імкнецца апраўдаць аказаны яму давер. Сёння мой любімы тата, а «па сумяшчальніцтве» маёр запасу, намеснік дырэктара ўпраўлення будаўнічага трэста №7 кажа, што не бачыў іншых альтэрнатыў у прафесійнай дзейнасці, акрамя працы ў органах унутраных спраў, якія адказваюць за бяспеку дзяржавы і яе грамадзян.
Алеся Вараб'ёва.
*Слова «маджахед» арабскага паходжання («муджахід»), літаральна азначае «змагар за веру», адначасова з'яўляючыся найменнем удзельніка джыхаду або паўстанца. Савецкая Армія і афганскія ўлады называлі іх «душманамі» або «духамі» (што азначае ў перакладзе «вораг»).
Гістарычная даведка
У 1950—1980-х гадах вайскоўцы з былых рэспублік СССР прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі 18 дзяржаў. Афганская грамадзянская вайна доўжылася з 25 снежня 1979 па 15 лютага 1989 года і скончылася поўным вывадам савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана. Варта адзначыць, што на афганскай зямлі і зараз працягваюцца ўзброеныя лакальныя канфлікты з прычыны таго, што злачынная групоўка радыкальна настроеных маджахедаў не была звязаная палажэннямі Жэнеўскіх пагадненняў.
Многія задаюцца пытаннем мэтазгоднасці афганскай вайны. Гэтая вайна была першай буйной антытэрарыстычнай вайной найноўшай гісторыі. Тут патрэбна гістарычная даведка. Афганскае насельніцтва да 1978 года было на 90% непісьменным, а племянны ўклад нагадваў Сярэднявечча. Нядзіўна, што тут панаваў палітычны хаос. Гэта была вайна суніцкіх маджахедаў, прыхільнікаў радыкальнай ісламскай ідэалогіі («Ісламскі саюз маджахедаў Афганістана», або Пешаварская сямёрка), супраць Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана, якая прыйшла да ўлады ў 1978 годзе. Новае кіраўніцтва краіны спрабавала правесці рэформы, што дазволілі б пераадолець адставанне Афганістана, у гэтым жа годзе пачалася грамадзянская вайна. У 1979 годзе прагучала ўслед першая просьба афганскага кіраўніцтва аб прамым савецкім ваенным умяшанні (усяго такіх просьбаў было каля 20). СССР паспрабаваў прадухіліць з'яўленне арыентаванай на Амерыку дзяржавы каля сваіх межаў. Гэта і паслужыла прычынай уводу абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў у краіну.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alesya-varabyova-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/Безимени-11.jpg