Збіраецеся павандраваць па Вільні? Хочаце не толькі выпіць кубачак добрай кавы ў адной з мясцовых кавярняў, але і ўбачыць штосьці сапраўды цікавае? Значыць, вам проста неабходна прайсціся па беларускіх адрасах Вільні. А каб адшукаць іх, вазьміце з сабой набор паштовак «Vіlnіus — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі», выдадзеных журналістам і гісторыкам, супрацоўнікам газеты «СБ. Беларусь сегодня» Віктарам Корбутам у выдавецтве «Рыфтур». На серыі з 9-ці картачак змешчаны выявы і апісанні месцаў жыцця і працы нашых культурных дзеячаў.
Для таго, каб сабраць інфармацыю, Віктару Корбуту давялося пралістаць падшыўкі беларускіх газет, якія выходзілі ў Вільні ад 1906-га да нашых дзён. Да таго ж ён вывучаў мемуары нашых дзеячаў, напрыклад, Вацлава Ластоўскага, браў звесткі з рамана Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары», цалкам прысвечанага гэтаму гораду.
Цікава, што плошчы, касцёлы, цэрквы, вуліцы Вільні нярэдка згадваюцца ў вершах. Янка Купала, Якуб Колас апявалі Замкавую гару. След у творчасці нашых песняроў пакінулі і іншыя мясціны літоўскай сталіцы.
Адметным было і наведванне Вільні Максімам Багдановічам, які прыехаў сюды па запрашэнні рэдакцыі газеты «Наша ніва». Начаваць ён застаўся ў кватэры Вацлава Ластоўскага, які паказаў творцу сваю калекцыю слуцкіх паясоў, кніг на старабеларускай мове. Паэт так уразіўся, што сказаў: «Гэта ёсць фундамент нашага адраджэння! Гэта і за тысячу гадоў будзе сведчыць аб нас!» Менавіта пасля такой начоўкі Багдановіч напісаў «Слуцкіх ткачых». Прагуляўшыся пазней каля Вострай Брамы, паэт стварыў свой шэдэўр — «Пагоню».
Віктар Корбут адзначае, што на некаторых з беларускіх дамоў у Вільні сёння ёсць мемарыяльныя шыльды, якія сведчаць пра славутых жыхароў і вызначальныя арганізацыі. Іншыя ж яшчэ чакаюць, калі даўнія падзеі будуць адзначаны на іх хаця б надпісамі.
— Гэтыя дзеячы з'яўляюцца прадстаўнікамі не толькі беларускай, але і сумеснай беларуска-літоўскай культуры. Таму ў працы мне спрыяла літоўскае пасольства ў Беларусі і асабіста пасол Эвалдас Ігнатавічус, — гаворыць Віктар Корбут. — Дні беларускай культуры ў Вільні звычайна праходзяць увосень. Варта было б яшчэ больш беларускіх будынкаў абазначыць шыльдамі, правесці сумесныя творчыя сустрэчы. Хоць шмат што ў гэтым кірунку ўжо робіцца. Хачу адзначыць, што праект «Vіlnіus — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі» з'яўляецца ў выглядзе краязнаўчых нарысаў на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня», за што выказваю падзяку яе галоўнаму рэдактару Паўлу Якубовічу.
Стварыць кішэнны даведнік для вандроўнікаў Віктару Корбуту дапамаглі дырэктар выдавецтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч, дызайнер Алена Жданоўская, прадпрымальнік Павел Бераговіч, яго сябар і дарадца Аляксандр Гіль.
Дарэчы, набыць жаданы набор паштовачак з беларускім мясцінамі ў Вільні можна ў выдавецтве «Рыфтур», якое знаходзіцца ў Мінску па адрасе праспект Пераможцаў, 19а. Або непасрэдна звярнуцца да аўтара, напісаўшы ліст на яго электронную скрыню:
korbutvіktar@gmaіl.com.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.
Што нам раіць паглядзець у літоўскай сталіцы журналіст «СБ. Беларусь сегодня» Віктар Корбут:
Будынак на вуліцы Дамінікону (Дамініканская), 11 вядомы з 1600 года як уласнасць Яўстаха Валовіча. У ім размяшчаўся палац Пацеяў, затым — Умястоўскіх. У першай палове XX стагоддзя на Дамініканскай месцілася Літоўская кнігарня, у якой гандлявалі літоўскімі і беларускімі газетамі і кнігамі. Сюды разам завітвалі Янка Купала і Мікалоюс Чурлёніс.
Гісторыя беларускай перыёдыкі калісьці пачыналася на Піліма (Завальная), 5. У доме, пабудаваным у пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіліся рэдакцыі газет «Наша ніва», «Гоман», «Krynіca», «Bіelaruskaja krynіca», часопісаў «Саха», «Krywіcanіn». У свой час жылі і працавалі там Вацлаў Ластоўскі, Ян Луцкевіч, Аляксандр Уласаў, Станіслаў Станкевіч (Кнігар). Завітвалі сюды Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Янка Купала, Цётка, Зоська Верас.
Варта зайсці і ў касцёл Святога Мікалая, што на вуліцы Швянта Мікалояус (Святога Мікалая), 4, збудаваны ў пачатку XVІ стагоддзя. Набажэнствы ў ім даўней праходзілі на беларускай мове, а ў 20-30-я гады мінулага стагоддзя нават дзейнічаў беларускі хор.
Дом па вуліцы Вільняус (Віленская), 37, што быў пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя, адметны тым, што ў ім жыў Язэп Драздовіч. Тут жа размяшчалася Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз віленскага Універсітэта Стэфана Баторыя, Беларуская сялянска-работніцкая грамада, віленскі Беларускі нацыянальны камітэт. У гэты дом прыходзілі на працу Браніслаў Тарашкевіч, Янка Пачопка, Антон Войцік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Луцкевіч і іншыя.
У будынку на Вільняус, 14, пабудаваным у канцы XVІІІ стагоддзя, у 1914—1915 гадах жыў і працаваў Янка Купала. Пэўны час размяшчаліся рэдакцыі беларускіх газет, працавалі тут Змітрок Бядуля, Аляксандр Уласаў, Вацлаў Ластоўскі.
Аўшрос Варту (Вастрабрамская), 7а — гэта колішні базыльянскі кляштар («базылянскія муры»), пабудаваны ў пачатку XVІІ стагоддзя. Да 1827 года ён дзейнічаў як турма, дзе ў свой час былі зняволены філаматы Адам Міцкевіч і Ігнацы Дамейка. Тут знаходзіліся рэдакцыя газеты «Беларуская думка», Віленская беларуская рада. Менавіта па гэтым адрасе размяшчалася Віленская беларуская гімназія і Віленскі беларускі музей.
Ёсць меркаванне, што дом па вуліцы Дзіджоі (Вялікая), 19, 19а, быў збудаваны ў канцы XVІ — пачатку XVІІ стагоддзя і належаў купцам беларускага паходжання Кузьму і Лукашу Мамонічам. Яны адкрылі на гэтым месцы друкарню, у якой сярод іншага быў выдадзены на старабеларускай мове трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага.
Будынак на вуліцы Траку (Троцкая), 1 прываблівае вытанчаным аздабленнем. Ён вядомы з пачатку XVІ стагоддзя, калісьці належаў графам Тышкевічам. Іх родавы герб «Ляліва» і сёння аздабляе франтон дома. Яго фасад адметны балконам са скульптурамі двух атлантаў. Яўстах Тышкевіч захоўваў у гэтым доме калекцыі будучага Віленскага музея старажытнасцяў. Пазней у колішнім палацы знаходзіўся суд, дзе працаваў адвакатам Францішак Багушэвіч.
Дом па вуліцы Барборас Радвілайцес (Барбары Радзівіл), 3, пабудаваны, магчыма, яшчэ ў XVІІ стагоддзі. 10 апошніх гадоў свайго жыцця ў ім правёў Уладзіслаў Сыракомля. Тут размяшчаліся Беларускі кааператыўны банк, Беларускае кааператыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыя часопіса «Беларуская борць» (яго выдаўцом-рэдактарам працавала Зоська Верас).
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/24-8.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/02/24-9.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[5] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich-0