Пракурор Гродна Уладзімір КЛІШЫН і яго намеснік асабіста выязджалі ў каледж і ліцэй абласнога цэнтра, дзе аб'яўлялі меру стрымання юнакам за дзеянні, звязаныя з незаконным абарачэннем наркотыкаў.
— Калі метады пераканання не дапамагаюць, нельга абысціся без самых радыкальных мер?
— А як інакш? Летась нашы работнікі пабывалі на сходах практычна ва ўсіх навучальных установах горада, тлумачылі моладзі, чым пагражае наркатычная зараза. Калі ж пачуцця страху няма, тады адбываюцца, так бы мовіць, паказальныя арышты. Пад канвоем у актавую залу прыводзім аднаго з навучэнцаў, паведамляем, што ён учыніў, і аб'яўляем меру стрымання.
— Якая рэакцыя была ў прысутных у зале?
— Мяркую, што для многіх гэта быў сапраўдны шок. Такая, напрыклад, сітуацыя. Сямнаццацігадовы юнак стаў, па сутнасці, членам дылерскай сеткі па збыце псіхатропных рэчываў — перавозіў рэагенты з Мінска ў Гродна, атрымліваючы даволі буйную суму за кожную дастаўку. Пэўна, гэтыя грошы дазвалялі яму даволі аўтарытэтна глядзецца ў вачах некаторых равеснікаў. Але вось ён у наручніках, і гэта ўжо не самаўпэўнены, не дзёрзкі, а маральна прыніжаны малады чалавек, у якога наперадзе прысуд і непазбежнасць суровага пакарання. Урок для іншых, бо колькі б воўк ні валок, павалакуць і воўка: усё роўна сядзеш на лаву падсудных.
— Той юнак можа разлічваць на адтэрміноўку пакарання ў сувязі з узростам?
— Судовая практыка цяпер іншая. Калі раней непаўналетнім, як правіла, за набыццё і захоўванне наркотыкаў давалі адтэрміноўку, то цяпер — толькі рэальнае пакаранне: пазбаўленне альбо абмежаванне волі. Асабліва сурова караецца збыт наркотыкаў. У гэтым выпадку хлопцу пагражае ад 5 да 12 гадоў зняволення. Прычым, калі б ён здзейсніў гэтае злачынства пасля ўступлення ў сілу Дэкрэта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконным абарачэнні наркотыкаў», атрымаў бы яшчэ больш жорсткае пакаранне.
— Можна сцвярджаць, што ўзмацненне адказнасці за распаўсюджванне наркотыкаў спыніць гэтую бяду для грамадства?
— Безумоўна, Дэкрэт № 6 вызначыў ключавыя пункты ў барацьбе з наркатычнай пагрозай — і па блакіроўцы адпаведных інтэрнэт-сайтаў, электронных кашалькоў, і па ўзмацненні адказнасці. У тым ліку ў дачыненні так званых пасіўных спажыўцоў, бо яны ўцягваюць у гэта і сваё акружэнне: «Не бойся, гэта ж так класна». Больш за тое, у нас ёсць матэрыялы крымінальнай справы, дзе гэтыя спажыўцы спачатку толькі заказвалі наркотыкі для сябе, а потым прапаноўвалі свае паслугі ў якасці распаўсюджвальнікаў.
Сёлета мы ўжо фіксуем пэўнае зніжэнне колькасці злачынстваў у гэтай сферы. Аднак супакойвацца, спадзеючыся толькі на заканадаўчыя меры, нельга. Бо наіўна спадзявацца, што арганізатары злачынных груповак спужаюцца і адмовяцца ад свайго вельмі прыбытковага бізнесу. Пра яго маштабы можна меркаваць, напрыклад, па матэрыялах адной крымінальнай справы, якую цяпер разглядае суд Кастрычніцкага раёна Гродна. У арганізаваную злачынную групоўку, якая займалася распаўсюджаннем псіхатропных рэчываў, уваходзілі шасцёра маладых гродзенцаў. «Казырныя» аўтамабілі, схованкі, сайт... У выніку вобыскаў у іх знайшлі каля мільярда рублёў. Прычым гэтая злачыннасць не замыкаецца ў асобных рэгіёнах. У прыватнасці, наркадылер па іншай крымінальнай справе знаходзіўся ў адным з райцэнтраў Магілёўскай вобласці, а арудаваў у разліку на больш буйны горад — Гродна.
Зразумела, што ў сувязі з новымі заканадаўчымі мерамі з боку дзяржавы наркадзялкі будуць перагрупоўвацца, шукаць шчыліны, каб абысці закон і прадоўжыць сваю злачынную дзейнасць. І гэтаму павінны супрацьстаяць не толькі праваахоўнікі, а ўсё грамадства — дзяржаўныя органы, грамадскія аб'яднанні, бацькі.
— Ці саюзнікі тут для праваахоўнікаў педагогі навучальных устаноў? Ці, можа, пераважае жаданне ўтаіць «наркатычную» інфармацыю, каб не сапсаваць свой імідж перад вышэйшымі структурамі?
— Летась міністэрствы ўнутраных спраў і адукацыі прынялі сумеснае распараджэнне наконт выяўлення асоб, якія ўжываюць наркатычныя і псіхатропныя рэчывы. Такія факты, якія выяўляюцца педагогамі, не будуць расцэньвацца як загана ў іх працы, наадварот. І ўжо ёсць выпадкі, калі работнікі навучальных устаноў займаюць прынцыповую пазіцыю. Напрыклад, нядаўна ў суд накіравалі крымінальную справу ў дачыненні маладога чалавека, які ўжыў у інтэрнаце псіхатропнае рэчыва. Але яго заўважыў педагог, які дзяжурыў, і выклікаў міліцыю.
— А якая пазіцыя моладзі? Летась «Звязда» надрукавала артыкул «Зайцы» пра групу гродзенцаў у інтэрнэце, якая ставіла за мэту безбілетны праезд у грамадскім транспарце, абдурванне кантралёраў. Колькасць яе членаў узрастала, як на дражджах. Нешта не відаць, каб такая ж актыўнасць праяўлялася з боку маладых людзей у барацьбе з наркатычнай пагрозай...
— Сапраўды, гэта вельмі прынцыповая праблема. Трэба, каб антынаркатычная свядомасць фарміравалася не толькі дзякуючы намаганням праваахоўных органаў, узмацненню мер пакарання, але і, так бы мовіць, знутры, у самім маладзёжным асяродку. Каб чалавек, які ўжывае і распаўсюджвае наркатычныя рэчывы, разумеў, што яго ў грамадстве не паважаюць, лічаць ізгоем. Пакуль, на жаль, сярод моладзі бывае і наадварот: «Ах, ты супраць наркотыкаў, курэння? Значыць, ты супраць мяне, майго сябра?» Маладзёжным арганізацыям, і не толькі ім, трэба прыкласці максімум намаганняў, каб пераламіць гэтую псіхалогію. У тым ліку і шляхам актыўнай антынаркатычнай работы ў інтэрнэце. Галоўнае, каб усё гэта рабілася не па ўказцы зверху, не фармальна, а ад шчырага сэрца і разумення бяды, што пагражае сённяшнім і будучым пакаленням.
Дарэчы, сёлета дзеля прафілактыкі мы практыкуем сустрэчы з бацькамі ў навучальных установах. Нядаўна, напрыклад, я пабываў на сходзе ў каледжы, дзе некалькі месяцаў таму ўзялі пад варту распаўсюджвальніка псіхатропных рэчываў.
— Бацькі заклапочаны тым, каб і іх дзеці не трапілі ў канфлікт з законам?
— На жаль, у многіх няма жадання абмяркоўваць тэму наркатычнай пагрозы. Маўляў, майго сына ці дачкі яна не тычыцца, усё ў іх нармальна. Разам з тым адчуваецца, што некаторыя бацькі, ведаючы пра арышт юнака ў гэтай зале, пачынаюць баяцца за сваіх дзяцей. А значыць, спадзяюся, зробяць адпаведныя высновы і для сябе. А гэта ўжо пэўны вынік.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/5-30.jpg