Жыхарка Пружан ноччу вярталася з прыгараднай вёскі Засімавічы. На роўнай дарозе па вуліцы Леніна яна не справілася з кіраваннем і ўляцела ў агароджу прыватнага сектара. Паводле інфармацыі старшага інспектара Пружанскай ДПС Алега Краснакуцкага, у выніку дарожна-транспартнага здарэння знесена сем метраў агароджы. Аўтамабіль таксама моцна пашкоджаны.
Калі ж супрацоўнікі міліцыі сталі высвятляць прычыну «манеўру», кіроўца ва ўсім стала вінаваціць ката, які нечакана выскачыў на дарогу. Каб не наехаць на жывёліну, яна і павярнула рэзка ўбок. Што возьмеш з ката? Ды ён у любым выпадку быў цвярозы, а вось у вадзіцеля экспертыза паказала 1,6 праміле алкаголю ў крыві.
А ў Брэсце інспектары звярнулі ўвагу, што жанчына ранкам, калі добра не развіднела, ехала ў цёмных акулярах. Калі яе спынілі і прапанавалі прайсці медыцынскі агляд, яна зачынілася ў машыне. Давялося прымяняць спецыяльныя сродкі, каб прымусіць кіроўцу выйсці з аўтамабіля. 45-гадовая жыхарка Кіева таксама аказалася нецвярозая.
Яна СВЕТАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yana-svetava
[2] https://zviazda.by/be/zdarenni