Такім чынам, у нашай краіне павялічваюцца тарыфы на электрычнасць і цэны на газ для дзяржпрадпрыемстваў, якія ўжываюць энергарэсурсы звыш вызначанага ўрадам задання. Аб гэтым гаворыцца ў Пастанове Міністэрства эканомікі Беларусі №10 «Аб павелічэнні тарыфаў на электрычную энергію і цэн на прыродны газ у 2015 годзе».
Цяпер прынятым дакументам павялічваюцца ў 2 разы тарыфы на электрычную энергію і цэны на прыродны газ, спажытыя звыш аб'ёмаў, вызначаных адпаведнымі заданнямі Пастановы Савета Міністраў №118, што прынята ў мэтах зніжэння спажывання электрычнай энергіі і прыроднага газу, павелічэння долі мясцовых відаў паліва ў кацельна-пячным паліве.
Адзначаная пастанова Саўміна тычыцца юрыдычных асоб і гаспадарчых таварыстваў з доляй дзяржавы ў статутным фондзе больш за 50% і гадавым спажываннем энергарэсурсаў больш за 1 тысячу тон умоўнага паліва, якія адносяцца да апрацоўчай прамысловасці. Сёлета такія структуры павінны знізіць спажыванне электрычнай энергіі і прыроднага газу на вытворчыя патрэбы не менш як на 3% да ўзроўню 2014 года. Выключэнне складае спажыванне прыроднага газу, які выкарыстоўваецца ў якасці сыравіны і для выпрацоўкі электрычнай энергіі ўласнымі энергакрыніцамі, а таксама электрычнай энергіі і прыроднага газу, якія выкарыстоўваюцца ўласнымі энергакрыніцамі для выпрацоўкі цеплавой энергіі, што адпускаецца іншым юрыдычным асобам і насельніцтву. Таксама дакументам прадугледжана, што арганізацыі ЖКГ камунальнай формы ўласнасці з кацельным абсталяваннем, якія працуюць на прыродным газе і мясцовых відах паліва (МВП), павінны выконваць памесячныя заданні па выкарыстанні МВП з улікам максімальна магчымай загрузкі кацельнага абсталявання. Такія заданні вызначаюць аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.
Дакумент удакладняе, што павялічаныя тарыфы на электрычнасць і цэны на газ будуць дзейнічаць на працягу года, адразу пасля падвядзення вынікаў работы прадпрыемстваў за люты.
Сяргей КУРКАЧ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/energetyka
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0