Ваенна-транспартны самалёт «Ан-26». Мы ляцім у Баранавічы. Хуткасць — 400 кіламетраў у гадзіну, вышыня — 2400 метраў. Любуючыся прыгажосцю роднай Беларусі, яе палеткамі, заўважаю ў ілюмінатары знішчальнік. Ён быў зусім побач. Стала не па сабе...
Мы збіліся з маршруту, паведаміў камандзір карабля. «Су-27» атрымаў сігнал і вылецеў нам на дапамогу. Прыгожа манеўруючы, ён правёў нас да аэрадрома. Мы — на месцы! У 61-й знішчальнай авіяцыйнай базе. Праўда, з маршруту мы ніколькі не збіваліся. Усё было толькі легендай, акрамя таго, што знішчальнік насустрач нам усё ж такі вылятаў. Але не для таго, каб паказаць маршрут, а прадэманстраваць, што ў любой сітуацыі — няхай гэта будзе збой з курсу або парушэнне паветранай прасторы краіны — наша авіяцыя заўсёды напагатове.
І днём, і ноччу, без выхадных і свят Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны Беларусі нясуць баявое дзяжурства. У тым, што робяць яны гэта прафесійна, пераканаліся і мы, прадстаўнікі айчынных СМІ, для якіх да 20-годдзя Аб'яднанай сістэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў — удзельніц СНД камандаванне ВПС і СПА арганізавала «паветраны» прэс-тур. І пералёт з аэрадрома Мачулішчы на баранавіцкую зямлю быў толькі яго пачаткам.
Вочы і вушы супрацьпаветранай абароны
Перад тым, як мы ўзняліся ў неба, начальнік радыётэхнічных войскаў — начальнік упраўлення камандавання Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны палкоўнік Ігар НАСІБЯНЦ расказаў, што ў мірны час радыётэхнічныя войскі вырашаюць дзве асноўныя задачы: ахоўваюць дзяржаўную мяжу Беларусі і кантралююць выкарыстанне яе паветранай прасторы. Дзеля гэтага на баявое дзяжурства штодзень заступае каля 300 вайскоўцаў падраздзялення, працуе больш за сотню радыёлакацыйных станцый і перасоўных радыёвысатамераў, функцыянуе два дзясяткі камандных пунктаў з аўтаматызаванымі комплексамі.
— Адзіная аўтаматызаваная электронная сістэма прызначана для таго, каб своечасова выявіць паветраны аб'ект, апазнаць, ідэнтыфікаваць яго і дазволіць каманднаму складу прыняць рашэнне аб далейшым прымяненні сістэмы супрацьпаветранай абароны, — паведаміў начальнік радыётэхнічных войскаў. — Калі гэта самалёт або верталёт, які законна выкарыстоўвае паветраную прастору Беларусі, то ён праляціць па прызначаным маршруце і ніхто яму перашкаджаць не будзе. Калі ж гэта парушальнік выкарыстання паветранай прасторы, у справу актыўна ўступаюць сродкі супрацьпаветранай абароны.
На ўзбраенні радыётэхнічных войскаў стаяць радыёлакацыйныя станцыі айчыннай вытворчасці «Раса» і «Усход», якія з гэтага года серыйна пастаўляюцца ў войскі. «Што тычыцца комплексаў сродкаў аўтаматызацыі, то мы пераўзброіліся практычна на 90%, — удакладніў Ігар Насібянц. — Гэтым пакуль не могуць пахваліцца ні ва Украіне, ні ў Расійскай Федэрацыі».
Летась радыётэхнічныя войскі не зафіксавалі ніводнага парушэння дзяржаўнай мяжы Беларусі. А што тычыцца парушэнняў выкарыстання парадку паветранай прасторы, было зарэгістравана 18 выпадкаў. Як правіла, гэта палёты мотадэльта-планаў, дэльталётаў, парапланаў.
Сумеснае баявое дзяжурства
Пасля таго, як мы прызямліліся на аэрадроме Баранавічы, насустрач нам выйшаў пілот «Су-27». Наш суправаджаючы, штурман эскадрыллі 159-га гвардзейскага знішчальнага авіяцыйнага палка Ваенна-паветраных сіл Расійскай Федэрацыі гвардыі маёр Дзяніс Жарабцоў, адразу адзначыў, што беларускае неба нічым не адрозніваецца ад іншага.
— Яно ўсюды аднолькавае! — удакладніў лётчык. — Тут такія ж аблокі, як у Расіі. Адрозненняў пры нясенні баявога дзяжурства паміж нашымі краінамі няма. У нас адзіная сістэма супрацьпаветранай абароны. Таму ўсе дзеянні, якія мы выконваем з мэтай аховы паветраных рубяжоў, абсалютна ідэнтычныя. Адзіны нюанс — метэаралагічныя асаблівасці. У нас на поўначы надвор'е можа памяняцца тры разы за адну гадзіну. У Беларусі я такога не заўважаў.
Нагадаем, на аэрадроме Баранавічы сумесна з нашымі авіятарамі нясуць баявое дзяжурства расійскія экіпажы самалётаў «Су-27». Дзяніс Жарабцоў, напрыклад, у нашай краіне ўжо трэці раз. За гэты час здзейсніў больш за дзесяць палётаў над нашай тэрыторыяй. Увогуле за ўсю службу налятаў больш за 930 гадзін, 50 з якіх правёў у небе над Беларуссю.
— У эпоху высокіх хуткасцяў, калі на прыняцце рашэнняў неабходны не гадзіны, а хвіліны і секунды, вельмі важна своечасова атрымаць інфармацыю аб паветраным становішчы, — падкрэсліў камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёр Алег ДВІГАЛЕЎ.
— І тыя крокі, якія мы робім, дазваляюць нам ажыццяўляць узаемнае інфармаванне аб паветраным становішчы як на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, так і на тэрыторыі Беларусі: усё, што мы бачым на тэрыторыі сумежных дзяржаў, мы перадаём на камандныя пункты Расіі. Гэты абмен дазваляе нам своечасова прымаць рашэнні па супрацьпаветранай абароне.
Ад каманды да ўзлёту — 15 хвілін
Сталі мы сведкамі і іншага эксперымента. Узнікла ўмоўная пагроза. Пасля аб'яўлення трывогі да двух знішчальнікаў «МіГ-29», якія чакалі свайго часу на ўзлётнай паласе, падбеглі лётчыкі і тэхнічны склад. Неўзабаве самалёты былі прыведзены ў гатоўнасць і накіраваліся на ўзлётна-пасадачную паласу. Ад каманды да ўзлёту прайшло ўсяго 15 хвілін!
— Пры абвастрэнні становішча або пры выяўленні парушальніка паветранай прасторы краіны дзяжурныя сілы пераводзяцца ў больш высокія ступені баявой гатоўнасці, — патлумачыў камандуючы ВПС і СПА. — Поўны баявы разлік прыбывае на камандны пункт, куды з цэнтральнага каманднага пункта паступаюць каманды па прымяненні зброі. Пасля пастаноўкі задач разлік знішчальнай авіяцыйнай базы арганізуе перавод дзяжурных самалётаў у гатоўнасць №1 і вывад іх у раён магчымага парушэння дзяржаўнай мяжы або ў раён знаходжання парушальніка ў паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь.
[caption id="attachment_76620" align="alignnone" width="400"] [5] Дуэльная
сітуацыя:
«Су-25» супраць
«Тор-М2».[/caption]
Адным словам, праца не з лёгкіх. Прычым калі пяць гадоў таму ў паветранай прасторы Беларусі штодзень знаходзілася каля 500 паветраных судоў, то цяпер іх больш як дзве тысячы амаль кожны дзень. Інтэнсіўнасць палётаў павялічылася ў пяць разоў. У выхадныя дні колькасць палётаў праз паветраную прастору нашай краіны становіцца большай на 400—500 паветраных судоў.
Служба ў арміі — справа не жаночая
Мы зноў на аэрадроме. Нас аглушыла: жалезныя птушкі пранесліся побач і разам падняліся ў паветра, дэманструючы нам парны палёт. Затым знішчальнікі «Су-25» атакавалі зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2». Вядома, умоўна. Апошнія, у сваю чаргу, «захоплівалі» і «знішчалі» паветраныя цэлі. «Не дай Бог тут аказацца падчас сапраўднага бою! — быццам прачытаў мае думкі намеснік камандуючага ВПС і СПА — начальнік авіяцыі палкоўнік Аляксандр КАРАЎ. — Гэта дуэльная сітуацыя, так званы супрацьпаветраны бой».
— Баявая машына «Тор-М2» з'яўляецца сумесным праектам Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, — удакладніў Алег Двігалеў. — Мы працягваем закупку батарэй «Тор-М2» для зенітных ракетных войскаў. Акрамя таго, завяршаем практычную рэалізацыю закупкі першага звяна вучэбна-баявых самалётаў «Як-130», якія ў будучыні павінны замяніць самалёты «Л-39», што стаяць у нас на ўзбраенні. Літаральна нядаўна нашы лётчыкі і тэхнікі выехалі ў Расійскую Федэрацыю, дзе ўжо праходзяць навучанне і разам з самалётамі ў красавіку ажыццявяць перабазаванне на аэрадром Ліда. У планах узаемадзеяння з Расіяй у нас таксама прадугледжана закупка новай трохкаардынатнай сістэмы «Праціўнік» для радыётэхнічных войскаў. Таксама працягнем закупку і нашых беларускіх радыёлакацыйных станцый «Усход» і «Раса». Яшчэ адным кірункам у развіцці ВПС і войск СПА стане пастаўка чатырох зенітных ракетных дывізіёнаў «С-300».
...Мы з захапленнем назіралі за крылатымі машынамі, якія імгненна праносіліся літаральна над нашымі галовамі. Бяспечней, праўда, за ўсім гэтым было назіраць з экранаў баявых машын «Тор-М2». Разам з вайскоўцамі мы паспелі ацаніць становішча, прасачылі за працай баявых разлікаў. А дзяўчаты, у тым ліку я, нават змаглі пакіраваць баявой машынай. Дарэчы, нічога складанага: газ і тормаз, аўтаматычная каробка перадач. Вось і вер цяпер, што служба ў арміі — справа не жаночая. Праўда, педалі былі «цвердаватымі»: не для дзявочых ног дакладна. Ды і не трэба: ваеннай тэхнікай павінны кіраваць мужчыны, а яны якраз з гэтым спраўляюцца годна, як і ўвогуле з пастаўленымі задачамі.
Вераніка КАНЮТА,
Мінск — Баранавічы — Мінск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/25-16.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/25-15.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/25-17.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/25-19.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/placdarm