Старшыня сельскага Савета дэпутатаў — прызванне ці прафесія? Як бы ні было, ён у вёсцы — незаменны чалавек, спецыяліст шырокага профілю. І арганізатар, і дарадчык, і гаспадарнік... Пытанні, якія асабліва хвалююць прадстаўнікоў улады на месцах, абмеркавалі старшыні сельскіх Саветаў разам са спецыялістамі падчас «круглага стала» ў Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Па інстанцыях, як па лесвіцы
— У краіне створана маніторынгавая група на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаілам Мясніковічам, якая вывучае сітуацыю на прамысловых прадпрыемствах, — паведаміла прысутным старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Святлана Герасімовіч. — На падначаленых вам тэрыторыях таксама ёсць суб'екты гаспадарання. Назіраць збоку за тым, як у іх ідуць справы, нельга.
Разам з тым Святлана Герасімовіч папярэдзіла, што кіраўнікамі ні ў якім разе нельга камандаваць, даваць нейкія ўказанні. «Вы ў першую чаргу іх памочнікі, і павінны аказваць ім садзейнічанне, уплываць на сітуацыю ў калектыве, рэагаваць на пытанні, якія ўзнікаюць. Неабходна даваць людзям інфармацыю, тлумачыць, якімі клопатамі жывуць гаспадарка, раён, вобласць, краіна. Пагадзіцеся, не толькі расійскі рубель уплывае на работу прадпрыемстваў і арганізацый, але і дысцыпліна, парадак, стаўленне работнікаў да сваіх непасрэдных абавязкаў».
Асаблівую ўвагу варта звярнуць на недастатковую работу са зваротамі і скаргамі грамадзян. У Саветаў розных узроўняў наладжана сістэма ў гэтым кірунку, але яна патрабуе карэктыў, новых падыходаў у адпаведнасці з часам. Здавалася б, рэгулярна праводзяцца прыёмы грамадзян, арганізуюцца прамыя тэлефонныя лініі ў аблвыканкамах, райвыканкамах, абласных і раённых Саветах дэпутатаў, ды і старшыні сельскіх Саветаў штодня сустракаюцца з людзьмі, а не толькі ў пэўны час. Але часта заяўнікі імкнуцца выйсці з пытаннем на ўзровень вобласці, берагуць асобныя пытанні «да суботы», каб задаць іх губернатарам.
«Існуюць і такія праблемы, як пераадрасоўка скаргаў, адкладванне вырашэння пытанняў з-за адсутнасці фінансавання. Маўляў, калі яно будзе, тады і разгледзім. Яшчэ горш — абяцанні: зробім у наступным квартале, годзе. У выніку грамадзяне застаюцца незадаволеныя такімі адказамі і, як па лесвіцы, ідуць па інстанцыях усё вышэй і вышэй», — лічыць сенатар.
Святлана Герасімовіч прывяла прыклад, як рэагуюць на звароты і скаргі грамадзян у Барысаўскім раёне. У раённай газеце «Адзінства» на кожнае пытанне, што паступіла, даюць канкрэтны адказ. Не кормяць людзей абяцанкамі, а тлумачаць, чаму сёння нельга выканаць тое, што яны просяць. І ў гэтым выпадку, атрымаўшы вычарпальнае тлумачэнне, людзі не будуць звяртацца вышэй.
— Калі вы ўдзельнічалі ў сесіях па рабоце са зваротамі грамадзян, то трэба даносіць да выбаршчыкаў іх рашэнні. Недакладныя навіны, у сэнсе «адна бабулька сказала», хутка распаўсюджваюцца і абрастаюць плёткамі. Але ж тое, што робіцца для людзей на месцах, адбываецца не само па сабе. Трэба тлумачыць, што канкрэтна робіцца для забеспячэння жыццядзейнасці тэрыторый, аб удзеле дэпутатаў у сацыяльна-эканамічным развіцці населенага пункта, рэгіёна, — канстатавала сенатар.
Абмяркоўвалася падчас пасяджэння і такая балючая для ўсіх тэма, як дармаедства. Ёсць грамадзяне, якія не працуюць гадамі, жывуць за кошт іншых: блізкіх людзей, дзяржавы. Некаторыя сем'і лічацца малазабяспечанымі, атрымліваюць адрасную сацыяльную дапамогу, карыстаюцца льготамі. А на самой справе муж, бацька працуе за мяжой, забяспечвае матэрыяльна сваіх дзяцей і жонку. «Такія сем'і трэба выяўляць, — сказала Святлана Герасімовіч. — Сельскі Савет мае законнае права стварыць дэпутацкую групу, камісію, наведаць сям'ю, прааналізаваць яе матэрыяльнае становішча і ўнесці свае прапановы ў органы сацыяльнай абароны. І ваша меркаванне будзе ўлічана, калі сям'я атрымлівае сацыяльную дапамогу незаконна. Трэба ведаць не толькі тых людзей, што жывуць за кошт сумленных падаткаплацельшчыкаў, але і тых, хто злоўжывае спіртным, вядзе асацыяльны лад жыцця, не займаецца выхаваннем дзяцей. І прымаць дзейсныя захады разам з міліцыяй, органамі сацыяльнай абароны».
П'янства — каталізатар злачынстваў
— Мы з вамі вырашаем адну і тую ж задачу па змяншэнні колькасці правапарушэнняў і злачыннасці, — звярнуўся да старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Алег Каразей. — У сельскай мясцовасці ў параўнанні з горадам узровень злачыннасці меншы. Але ў разліку на 100 тыс. насельніцтва злачынстваў тут здзяйсняецца больш. Кожнае трэцяе — у нецвярозым стане. А п'янства — каталізатар злачыннасці. Таму наша агульная задача ў барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва — абмежаванне даступнасці спіртных напояў.
Раённыя службы, выканаўчыя камітэты маюць права прымаць рашэнні па абмежаванні часу продажу гарэлачных вырабаў на тэрыторыі абслугоўвання, нават да поўнай забароны іх рэалізацыі.
Што тычыцца крадзяжоў, то, як паказвае статыстыка, часам чалавек не ідзе наўмысна на гэтае злачынства. Але... Праходзіць міма і не стрымліваецца, каб не прыхапіць з сабой тое, што дрэнна ляжыць. «Таму і вам, і ўчастковым інспектарам міліцыі трэба тлумачыць насельніцтву, каб не кідалі рэчы абы-дзе. Уважлівасць, беражлівыя адносіны да сваёй маёмасц
Спрасціць працэдуру
Праблема пустуючых і старых дамоў таксама вельмі хвалюе старшынь сельскіх Саветаў дэпутатаў. Часта закінутыя, недагледжаныя будыніны, зарослыя пустазеллем падворкі псуюць знешні выгляд населеных пунктаў. Знесці ці прадаць іх усе адначасова немагчыма: патрэбны вялікія грошы.
Шмат зваротаў па гэтай праблеме прыходзіць у Дзяржаўны камітэт па маёмасці. Начальнік аддзела прававога забеспячэння зямельных адносін, геадэзіі і картаграфіі юрыдычнага ўпраўлення Вікторыя Верына прывяла тыя, што найбольш часта сустракаюцца. У прыватнасці, выявіў сельвыканкам пустуючы дом, правёў адпаведную працэдуру і звяртаецца ў суд, каб яго прызналі безгаспадарчым і перадалі ва ўласнасць тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі. Але ў раёне не могуць фінансава забяспечыць яго знос. Ці можна ў гэтым выпадку прадаць з аўкцыёну зямельны ўчастак?
— Нельга. Трэба прыняць рашэнне аб магчымасці далейшага выкарыстання маёмасці шляхам перадачы ў камунальную ўласнасць і выставіць дом на аўкцыён. Што тычыцца старога дома, то рашэнне суда прымаецца не аб прызнанні яго безгаспадарчым, а аб выкупе ў грамадзяніна і перадачы ва ўласнасць тэрытарыяльна-адміністрацыйнай адзінкі.
— А калі грамадзяне аб'явіліся пасля таго, як дом знесены? — пацікавіліся ў прадстаўніка камітэта.
— У адпаведнасці з заканадаўствам яны могуць абскардзіць дзеянні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады ў судзе — у тым выпадку, калі была парушана працэдура: не атрымалі паведамлення, дом не ўключаны ў рэестр, не была распаўсюджана інфармацыя, што ён будзе прызнаны пустуючым.
Прагучала прапанова і аб тым, каб спрасціць працэдуру зносу ці адабрання дамоў. Напрыклад, вызначыць тэрмін: не прымаеш дом праз тры гады пасля смерці ўласнікаў, бацькоў, значыць, па рашэнні суда ён забіраецца. Як адзначыў адзін са старшынь сельскіх Саветаў, у яго на ўліку 900 пустуючых дамоў, з іх 470 маюць уласнікаў, а астатнія — толькі патэнцыйных спадчыннікаў. «Высылаем ім прадпісанні, просім прывесці ў належны выгляд сядзібы, але яны ігнаруюць усе патрабаванні, — падтрымала яго калега. — Разам з тым штрафуюць нас за тое, што не прынялі належныя меры па навядзенні парадку».
і могуць скараціць колькасць крадзяжоў», — звярнуўся да прысутных Алег Каразей.
Як адзначыў прадстаўнік ведамства, кожнае трэцяе крымінальнае правапарушэнне — на сумленні непрацуючых. Яны не маюць сродкаў да існавання, а значыць будуць красці ці «выбіваць» грошы ў старых бацькоў. Праблема гвалту вельмі істотная для сямейных адносін.
— Здараецца, што правапарушэнне на тэрыторыі сельсавета адбываецца з удзелам чалавека, які тут не пражывае. Напрыклад, дарожна-транспартнае здарэнне ці крадзеж з удзелам жыхароў іншых мясцовасцяў, залётных «гастралёраў». Тым не менш яно рэгіструецца па месцы здарэння. А гэта псуе раённую статыстыку і ўплывае на аўтарытэт раёна, — выказала думку аўдыторыя.
— Улік правапарушэнняў вядзецца па тэрытарыяльнай прыкмеце. Іншага не дадзена. Мы не можам рэгістраваць яго ў Расіі, калі яго здзейсніў расіянін, ці ва Украіне, калі злачынца — жыхар гэтай краіны, — адказаў Алег Каразей.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne