Як часта вам не хацелася ісці ў школу? Вядома, што цяжкі прадмет, суровы настаўнік і ранняя пабудка — не самае прыемнае ў жыцці вучня, аднак з гэтым можна справіцца намаганнем волі. А вось з булінгам (ад англ. bully — «хуліган, задзіра») змагацца сваімі сіламі немагчыма. Калі аднакласнікі чапляюць на цябе пёркі «белай вароны» і аб'яўляюць сапраўднае паляванне без перадыху і літасці, кожны школьны дзень ператвараецца ў тэст на выжыванне. Дражнілкі і штуршкі перарастаюць у сінякі і сапсаваныя рэчы, а пастаянны дрэнны настрой — у псіхалагічную траўму. Пра тое, адкуль усё бярэцца, што рабіць, каб не трапіць пад удар, і хто вінаваты — ахвяра ці агрэсар, расказвае псіхолаг аддзялення дапамогі сям'і ў крызісных сітуацыях Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Ірына Дрозд.
26-18
— Ёсць некалькі прыкмет, па якіх старэйшыя ў сям'і могуць здагадацца аб праблемах дзяцей. Дрэнны настрой, рэзкае зніжэнне адзнак па прадметах, нежаданне ісці ў школу, частыя хваробы ці іх сімуляцыя. Могуць з'явіцца сінякі, парванае адзенне і сапсаваныя рэчы, «згубленыя» (а насамрэч адабраныя аднакласнікамі) грошы, нежаданне гуляць у двары. Апошняе звязана з тым, што школьныя ганіцелі часта пераследуюць сваю ахвяру і па-за сценамі навучальнай установы. Такія ўмовы робяць дзіця крыўдлівым альбо, наадварот, злосным, яно можа вымяшчаць свой дрэнны настрой на малодшых братах ці сёстрах. Нельга сказаць, што адзін з гэтых фактараў абавязкова сведчыць аб прыцясненні ў школе, але ён павіннен быць заўважаны дарослымі.
— Чаму дзеці становяцца агрэсарамі?
— З аднаго боку, «школьны тыран» сам калісьці мог быць аб'ектам кпінаў з боку аднакласнікаў ці дарослых. У такім выпадку гэта своеасаблівая помста за свае крыўды. З другога боку, мы можам мець справу з дзіцем, у якога не зусім канструктыўныя маральныя прынцыпы, напрыклад, няма кантролю над сваімі паводзінамі. Таксама ўплывае і калектыў. Клас, дзе кожны сам па сабе, не можа пахваліцца сяброўскімі адносінамі.
— Як часта дзеці звяртаюцца ў цэнтр па псіхалагічную дапамогу?
— Звяртаюцца не яны, а іх бацькі. Самая тыповая фраза: «Маё дзіця крыўдзяць у школе». Псіхолаг працуе не толькі з ахвярай агрэсіі, часта мама ці тата прыводзяць і школьнага крыўдзіцеля... Дарэчы, самая эфектыўная — праца з групай. На жаль, супрацоўнікі цэнтра не могуць кожны раз выязджаць на месца канфлікту, таму праблемамі павінен займацца найперш школьны псіхолаг. Мы ж працуем над камунікатыўнымі магчымасцямі дзіцяці. Бывае, што школьнік сам не жадае ні з кім сябраваць альбо не ўмее кантактаваць з аднакласнікамі і міжволі трапляе пад агрэсію іншых дзяцей. Змагаемся са стрэсавымі перажываннямі, звязанымі з гвалтам. Працуем і над паводзінамі бацькоў, бо праблемы многіх школьных задзір вырастаюць з непрыемнасцяў у сям'і.
— Хто рызыкуе стаць «белай варонай»?
— Цяжка вылучыць нейкія крытэрыі. Добрая вучоба ў адных можа выклікаць зайздрасць, а ў іншых — ледзь не пакланенне. Інтраверт выглядае прывабнай мішэнню з-за сваёй замкнутасці і невялікага кола сяброў, але ў той жа час гэта можа быць моцная духам асоба, адзін з лідараў класа і нікому проста не прыйдзе ў галаву думка яго дражніць. Тое самае і з нестандартнай знешнасцю: у дружным калектыве на яе не будуць звяртаць увагу. Стаць аб'ектамі булінгу рызыкуюць дзеці, якія лёгка крыўдзяцца і не ўмеюць стрымліваць эмоцыі. Напрыклад, мянушкі існуюць ці не ў кожным дзіцячым калектыве, і калі хто-небудзь пачне ўсімі сваімі паводзінамі паказваць, што мянушка яму не падабаецца, то ў класе могуць знайсціся два-тры «ўдальцы», якія будуць дражніць проста дзеля забавы.
26-14
— Што вы скажаце пра булінг у сацыяльных сетках?
— У інтэрнэце ты вольны назвацца прыдуманым іменем, схавацца за карцінкай, ператварыцца ў фантом. Яшчэ адна рыса віртуальных зносін — мы самі ствараем сваю рэальнасць і ў звычайным запісе можам «прачытаць» крыўдны падтэкст. А вырашаецца праблема пераследавання ў інтэрнэце проста: дастаткова выключыць камп'ютар і пайсці да сваіх рэальных сяброў.
— Што можаце параіць у сітуацыі школьнага ўціску?
— Дарослым — не адмахвацца ад дзяцей фразамі кшталту: «Разбярыся сам». Для дзяцей школьны ўціск такі ж экстрэмальны, як для дарослага — сустрэча са злачынцам. Дзецям, у сваю чаргу, не трэба замоўчваць свае крыўды. Калі яны раскажуць пра гэта бацькам ці класнаму кіраўніку, школьнаму псіхолагу, гэта ні ў якім разе не будзе паклёпам ці прыкметай слабасці, а стане просьбай дапамагчы. Папрасіць аб дапамозе па сілах нават інтраверту. Згадзіцеся, адзіночка, хутчэй за ўсё, пойдзе з заявай у міліцыю, калі яго, напрыклад, абакралі. У выпадку з дзецьмі булінг крадзе нармальнае жыццё і псіхалагічна прыгнятае.
Для псіхолага сацыяльнага цэнтра булінг — толькі адзін з аспектаў працы. А вось школьнаму псіхолагу даводзіцца пастаянна сачыць за канфліктамі сярод аднакласнікаў, шукаць іх прычыны і выпраўляць наступствы. Пра асаблівасці «белых варон» і не толькі іх расказвае школьны псіхолаг сярэдняй школы №151 г. Мінска Надзея Чыркова.
— У гэтым навучальным годзе ў нашай школе праходзіла даследаванне, вывучаліся ўзаемаадносіны паміж аднакласнікамі. Старшакласнікам з шасці класаў прапаноўвалася адказаць на пытанні, з кім яны сябруюць і хацелі б сябраваць, а хто, наадварот, выклікае ў іх антыпатыю. У выніку атрымалася тры групы дзяцей з рознай ступенню цярпімасці ў дачыненні да тых, хто не жадае быць як усе (гаворка пра тых самых «белых варон»). Гэта «зачараваныя», «памяркоўная большасць» і «ганіцелі».
— Прыгожая назва — «зачараваныя». Што яна азначае?
— Так, іх не многа, каля 15% у кожным класе, але гэта тыя, хто цэніць дзівацтвы. Вобраз «белай вароны» ім уяўляецца нечым рамантычным, а непадобны да іншых чалавек набывае ў вачах «зачараваных» незвычайныя рысы. Яны ахвотна прымуць дзівака, бо з ім не сумна размаўляць і можна навучыцца нестандартнаму мысленню.
Далей паводзіны лёгка адгадваюцца па назвах груп. «Памяркоўная большасць» — прыблізна палова ад класа. Яны ведаюць, што ёсць людзі з асаблівасцямі, яны гэта прымаюць і не звяртаюць на «птушак» увагі. Не адгароджваюцца, а ставяцца да іх спакойна, як да роўні. Іншая справа з «ганіцелямі». Яны ні ў якім разе не будуць прымаць таго, хто хоча вылучацца, бо непадобнасць здаецца ім выклікам.
— А што наконт саміх «белых варон»?
— Такіх дзяцей зусім мала. Яны таксама бываюць розныя. Існуюць «птушачкі», якіх правільна было б называць «белымі коршакамі». Гэта дзеці, што ганарацца сваёй непадобнасцю да «шэрай большасці» і актыўна гэта дэманструюць. Ім падабаецца быць заўважанымі, пастаянна знаходзіцца на самым піку чужой цікаўнасці. Дзеля такога іміджу лідара гэтыя дзеці часта ахвяруюць сваімі перажываннямі: што б з імі ні здаралася, да твару павінна быць прылеплена вясёлая маска. Часта пад ёй псіхолаг знаходзіць няўпэўненую ў сабе слабую асобу. Аднак напрацаваны вобраз моцнага і бесклапотнага чалавека надзейна хавае «белага коршака» ад магчымага ўціску.
Другі тып «белых варон» — прызнаныя адзіночкі. Яны выглядаюць і паводзяць сябе так, як лічаць патрэбным, прымусіць такога чалавека ісці за натоўпам амаль немагчыма. Можна ўявіць сітуацыю: увесь клас вырашыў не пайсці на матэматыку. Але калі «варона»-адзіночка ўпэўнена, што ёй гэты прадмет патрэбен, яна спакойна адна пойдзе на ўрок і не зрэагуе на незадаволенасць астатніх. Адзіночка не навязвае сяброўства і наўмысна аддаляецца ад класа, калі там няма цікавых для яго людзей. Аднак калі раптам знойдзецца чалавек, блізкі па духу, лепшага сябра, чым такая ж «белая варона», яму не знайсці.
Трэці тып «экзатычных птушак» — гэта і ёсць тыя самыя ахвяры школьнага гвалту. Няўпэўненыя ў сабе і забітыя, у гэтых дзяцей быццам бы вісіць на шыі шыльдачка: «Я гатовы цярпець кпіны і не набяруся смеласці даць адпор. Крыўдзіце, хто хоча».
— Адкуль бярэцца такі падзел сярод аднакласнікаў?
— Будзе дзіця ахвярай ці ганіцелем, часта залежыць ад сямейнага выхавання. Калі маленькага чалавека пастаянна прымушаюць трымаць сябе ў рамках, стрымліваюць дзіцячую непасрэднасць, то такія паводзіны стануць для школьніка нормай, ён будзе чакаць таго ж самага ад аднакласнікаў, а ўсе «непадобныя» акажуцца для яго парушальнікамі заведзенага парадку. Адсюль маем школьнага агрэсара. Калі бацькі не саромеюцца быць непасрэднымі і перадаюць творчы погляд на свет дзіцяці — вялікі шанц, што вырасце моцная духам асоба. Залішняе апекаванне альбо, наадварот, ускладанне завышаных надзей ператвараюць падлетка ў зацюканую «белую варону». А наогул, агрэсія ў «ганіцеляў» часта бывае звязана з жаданнем апусціць іншага чалавека да свайго ўзроўню. Напрыклад, калі дзяўчынка спявае, іграе ў студыі маладых акцёраў, да таго ж добра вучыцца, то іншыя дзяўчаты адчуваюць сябе няўтульна побач з больш паспяховай сяброўкай і часам гатовыя скарыстацца яе промахам, каб абсмяяць і тым самым «прызямліць» да свайго узроўню.
— Ёсць думка, што на нападкі аднакласнікаў «шанцуе» новенькім вучням...
— Сярод школьнікаў сапраўды бываюць сітуацыі, калі новенькага хочацца зрабіць «падушачкай для шпілек». Аднак і самі навічкі могуць справакаваць агрэсію, асабліва калі загадзя прымерваюцца да ролі ахвяры. «У старой школе былі сябры, а тут усе незнаёмыя і злыя, будуць крыўдзіць мяне, няшчаснага», — найгоршая думка, з якой можа з'явіцца вучань у класе. Такім спосабам ён наўмысна адгароджваецца ад аднакласнікаў, а тыя, у сваю чаргу, лічаць, што новенькі зазнаецца і не хоча з імі сябраваць.
— Як жа спадабацца сваім аднакласнікам?
— І для дзяцей, і для дарослых галоўнай «зброяй» павінна стаць усмешка. Калі мы ўсміхаемся суразмоўцы, мы аўтаматычна перадаём сігнал, што з ім прыемна размаўляць, а адчуць сваю значнасць — вялікі стымул для сімпатыі. Дабрадушнае стаўленне да ўсіх, невялікая дапамога — перададзеная ручка ці завостраны аловак — таксама дадуць аднакласнікам зразумець, што вы «свой» чалавек. Толькі не трэба адразу ўступаць у адну з «групак па інтарэсах», што існуюць унутры класа, пакуль вы не ведаеце, што за імі хаваецца.
Наогул, перамены, як вядома, вядуць толькі да лепшага. Магчыма, менавіта на новым месцы ўдасца адшукаць сапраўднае сяброўства пад колер уласных «пёрак».
Рагнеда Юргель, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/adukacyya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/26-18.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/03/26-14.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/ragneda-yurgel-0