У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі да 95-годдзя з дня нараджэння Аляксея Карпюка падрыхтавалі цікавую выставу. Яна расказвае не толькі пра жыццё, творчы шлях пісьменніка, грамадскага дзеяча, але і пра яго — як музейшчыка. Так супрацоўнікі ўшанавалі памяць першага дырэктара свайго музея.
— Хочацца падзякаваць Валянціне Аляксееўне, дачцэ Аляксея Нічыпаравіча, якая не толькі дала нам у часовае карыстанне фатаграфіі, рэчы, дакументы свайго бацькі, але і падаравала частку яго архіва, — кажа вядучы навуковы супрацоўнік музея Людміла Русецкая і прапануе азнаёміцца з экспазіцыяй.
Вось, напрыклад, фатаграфія, дзе Аляксей Карпюк — навучэнец педагагічнага тэхнікума ў Навагрудку. Побач з ім — Уладзімір Калеснік. Два будучыя выдатныя пісьменнікі.
Уладзімір Калеснік узгадваў, што навучэнцы часта прывозілі з дому сідр — дамашняе віно. А Карпюк два разы на год, пасля летніх і зімовых канікул валачыў з дому цэлую гару смакаты — кумпяк, паляндвіцы, каўбасы. Напоямі з «вялікімі градусамі» ён і тады, і пазней не захапляўся. Аляксей Нічыпаравіч хацеў нават стварыць таварыства непітушчых і прапаноўваў гэтую ідэю Алесю Адамовічу. Той з гумарам адказаў: «Я ўступлю ў тваё таварыства, толькі разламаю яго знутры».
Выстава паказвае таксама кніжку чырвонаармейца Карпюка, яго інвалідную кніжку. Але пазней Аляксей Нічыпаравіч адмовіўся ад атрымання грошай па інваліднасці, бо лічыў, пэўна, што нейкія льготы яму не патрэбны.
Сярод іншых экспанатаў — нямецкая пішучая машынка Аляксея Карпюка (ён не любіў пісаць ручкай), яго губны гармонік. А гэта — Біблія, якая ляжала на рабочым стале дырэктара Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі. Можна ўбачыць, што ён рабіў там алоўкам паметкі.
Аляксей Карпюк быў кіраўніком-музейшчыкам крыху больш за 5 гадоў. За гэты час, як кажа Людміла Русецкая, у музей паступіла больш за 6 тысяч экспанатаў, былі закладзены асновы ўсіх сённяшніх калекцый. Гэта і абразы, і старажытныя вырабы з тканіны, металу, дрэва, і старадрукі... Іх знаходзілі падчас пошукавых экспедыцый у розных рэгіёнах Беларусі, набывалі ў прыватных калекцыянераў, яшчэ пры Карпюку зарадзілася і традыцыя перадачы музею культавых прадметаў, што затрымліваюцца мытнікамі на мяжы.
Найбольшую цікавасць з усіх экспанатаў, якімі папоўніўся музей падчас дырэктарства Аляксея Карпюка, выклікае так званы акваманіл (вадаліў) пачатку XІІІ стагоддзя — сярэдневяковы посуд для вады. Першапачаткова ён (у выглядзе фігуры чалавека альбо жывёлы) служыў для абмывання рук святара падчас набажэнства. А пазней ператварыўся ў прадмет паўсядзённага бытавога ўжытку на землях усходніх славян.
— Ён трапіў у музей дзякуючы Аляксею Карпюку. Былі дакументы, якія сведчылі пра тое, што гэты бронзавы вадаліў першапачаткова знаходзіўся ў нашай Барысаглебскай (Каложскай) царкве, а потым пасля розных перыпетый апынуўся ў адным з музеяў Вільнюса. І Аляксею Нічыпаравічу ўдалося вярнуць адтуль гэты рарытэт у Гродна. Мяркую, што калі б Карпюк набыў толькі яго і больш нічога, то ўжо ўвайшоў бы ў гісторыю музея.
— Можа, наконт перадачы вадаліва было адпаведнае ўказанне з Масквы?
— На маю думку, у тых рэаліях уплыў аказала тое, што Аляксей Нічыпаравіч умеў размаўляць з людзьмі, дамаўляцца.
— Якім ён застаўся ў памяці музейных старажылаў?
— Усе кажуць, што ён успрымаўся як родны бацька. Пра кожнага клапаціўся. Камусьці дапамог атрымаць кватэру. Альбо мог сказаць: «Збірайцеся, паедзем у лес на «дзень ландыша». Селі калектывам у аўтобус і паехалі. Вось, дарэчы, «лясная» фатаграфія, дзе Карпюк са сваім легендарным кіем, што цяпер паказваем на выставе. Асабіста я не ўяўляю сабе вуліцу Ажэшкі 1970-х гадоў без Аляксея Нічыпаравіча і яго кія, з якім той рашуча крочыў па жыцці.
[caption id="attachment_77685" align="alignnone" width="600"] [6] Старажытны вадаліў, які вярнуўся ў Гродна дзякуючы Аляксею Карпюку.[/caption]
Дарэчы, Аляксей Карпюк прычыніўся да лёсу вядомага мастака-рэстаўратара Уладзіміра Кіслага. Вось што ён расказаў пра абставіны свайго працаўладкавання:
— 1979 год. Заходжу ў музей, дзе дырэктарам высокі мужчына — такога каўбойскага, вэстэрнаўскага выгляду, як у галівудскіх фільмах. Кажу, хто я такі, што хачу працаваць у музеі. Вакансій, на жаль, няма. «Але ты да нас заходзь», — абнадзеіў Аляксей Нічыпаравіч. У той час я быў знаёмы з беларускімі пісьменнікамі. Уладзімір Дамашэвіч пазнаёміў мяне з Уладзімірам Караткевічам. Расказаў ім пра жаданне працаваць у музеі, і яны перадалі мне ліст да Карпюка. Канверт я не адкрываў, але відавочна, што гэта была нейкая пратэкцыя. Неўзабаве я зноў прыйшоў да Аляксея Нічыпаравіча. Ён прачытаў ліст, паклаў яго ў шуфляду і сказаў: «Так, хлопец, ты нам панравіўсо (ён так «сокаў» і «сакаў», як на Беласточчыне, яго малой радзіме гавораць), пакінь свае каардынаты. І як будзе месца — мы цябе знойдзем». Так і сталася.
Дзеля сваёй мары Уладзімір Кіслы ахвяраваў нашмат большай зарплатай мастака-карэктара ў праектным інстытуце і прыйшоў на работу ў музей.
Вось якім яму запомніўся Аляксей Карпюк як чалавек і дырэктар музея:
— Цяжка было зразумець, калі Аляксей Нічыпаравіч жартуе, а калі гаворыць сур'ёзна. Але чалавек ён быў высокамаральны. Страшна не любіў выпівох — лічыў гэта найгоршай заганай. Але, разам з тым, мог сабраць застолле, якое не перарастала ў п'янку. Не любіў бюракратызму, «правакаваў» творчыя адносіны да любой работы. Менавіта Карпюк зрушыў з месца рэстаўрацыю будынкаў базыліянскага манастыра, што музей атрымаў у вельмі занядбаным стане. Напрыклад раздабыў медзь, якой пакрылі манастырскія купалы.
Наўрад ці Аляксея Карпюка папрасілі «зверху» пакінуць пасаду дырэктара музея. Уладзімір Кіслы мяркуе, што гэта было чыста асабістае пытанне:
— Ён усё ж быў найперш пісьменнік. І, падрыхтаваўшы гэтую музейную «глебу», калі «механізм» быў ужо запушчаны, вырашыў, пэўна, засяродзіцца на літаратурнай працы.
Але для будучыні застаецца не толькі напісанае...
Барыс ПРАКОПЧЫК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/2-9.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/2-7.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/04/2-8.jpg
[7] https://zviazda.by/be/tags/kultura