Сталыя чытачы «Звязды» памятаюць конкурс прыпевак, які наша газета праводзіла ў аддаленым ужо на два дзесяцігоддзі 1994-м. Сярод тэм, што былі зададзены для агучвання ў песенных чатырохрадкоўях, Дзень Перамогі значыўся асобна. Бо чытачы дасылалі на гэту тэму не толькі ўласныя прыпеўкі, але і прынесеныя народнай памяццю з часоў вайны, пачутыя ад матуль і бабуль. Думаем, варта ўспомніць сёння менавіта гэтыя, гістарычныя, якія сведчаць пра тое, што нават у страшнае ліхалецце нашы людзі знаходзілі ў сабе сілы спяваць і жартаваць.
Ішоў мілы на вайну,
Пакідаў мяне адну.
Як з ім расставалася,
Слязамі аблівалася.
*
Я салдаціка любіла,
Пілотачку мерала.
На вайну яго пусціла —
Ў Перамогу верыла.
*
Не спявай мне, шэра птушка,
Жалю мне не паддавай.
Ты не плач, мая дачушка,
Адваюем родны край.
*
Не скрыпіце вы, калёсы,
Бо нядаўна змазаны.
Вы не ліце, бабы, слёзы,
Фрыцы ўсе павязаны.
*
Белую хусціначку
Не буду завязываць,
Пашлю міламу ў лясок
Раны перавязываць.
*
Партызан як прыйдзе ў хату,
Стаўлю я на стол харчы.
Бо гатова, нібы брату,
Партызану памагчы.
*
Ўсе наперад, партызаны!
Засталося нам адно:
Разбіць фрыцаў пад Гарыўцам,
А таксама пад Сянно.
Віцебск возьмем мы з бамбёжкай,
Бешанковічы — з гармошкай.
*
Вельмі туга немцам стала,
Проста хоць крычы капут.
Толькі ноч на землю пала —
Партызаны тут як тут.
*
Цяжка Гітлеру дыхнуць —
Дыхавіцу спёрла:
Хоча шар зямны глынуць,
Ды не лезе ў горла.
*
На бярозе дзве зязюлі,
На вішаньцы салавей.
Як убачу партызана,
На душы мне весялей.
*
А мой мілы партызан,
А я партызаначка.
Пайшоў мілы на Берлін,
Я ж качала лялечку.
*
Хоць і цяжкая вайна,
А мне адгукнулася:
Ваяваць пайшла адна,
Удваіх вярнулася.
*
Раней муж быў брыгадзір,
Ну а я — даярка.
Цяпер муж мой камандзір,
А я — санітарка.
*
Ах, вайна, вайна, вайна,
Што ж ты нарабіла:
Я карова, я і бык,
Я і баба, і мужык.
*
Дзеванькі, вайна, вайна,
Дзеванькі, Пабеда!
Дзеванькі, хлапцоў няма —
Хапайцеся за дзеда.
Дасылалі нашы чытачы і сучасныя прыпеўкі, якія склалі самі. Мінула дваццаць гадоў, але словы аб міры ў нас будуць актуальнымі заўсёды.
Ты ляці, мой галубочак,
Цераз мора-акіян,
Занясі мой галасочак
Супраць войнаў у ААН.
*
Калі Божа дапаможа,
Вера спраўдзіцца адна:
Усё зможам-пераможам,
Абы толькі не вайна!
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/pamyac
[2] https://zviazda.by/be/70-gadou-vyalikay-peramogi