Вучоны, выкладчык, удзельнік і старшыня шматлікіх навуковых аб'яднанняў і канферэнцый і перадусім рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сярод кола даследчыкаў ён вядомы як знаўца інфармацыйных і касмічных тэхналогій, а таксама апрацоўкі малюнкаў і распазнавання вобразаў. Пад кіраўніцтвам Сяргея Абламейкі вядучы ўніверсітэт краіны ўвайшоў у пяцьсот найлепшых ВНУ свету. Пра тое, як гэта стала магчымым, а таксама пра перспектывы развіцця БДУ і не па чутках вядомай акадэміку аэракасмічнай сферы, даведвалася газета «Звязда».
29-17
— Сяргей Уладзіміравіч, вы з'яўляецеся членам аўтарытэтных міжнародных асацыяцый, а нядаўна былі выбраны замежным членам (акадэмікам) Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук і віцэ-прэзідэнтам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. На што «працуе» такое высокае прызнанне калег: на рэйтынг БДУ ці толькі папаўняе прафесійную скарбонку вучонага Абламейкі?
— Упэўнены, што гэтыя два паняцці ўзаемазвязаныя. Кожная навучальная ўстанова ганарыцца сваімі, скажам так, тытулаванымі выкладчыкамі. Між тым удзел у працы грамадскіх асацыяцый патрабуе шмат часу. Але прафесійнае прызнанне вучонага немагчымае без яго навукова-арганізацыйнай працы. Для пазнавальнасці навукоўца або школы толькі адных даследчых вынікаў недастаткова. У сухім астатку — радок у энцыклапедыі або раздзел у падручніку.
Пасля распаду СССР перад Беларуссю стаяла задача зарэкамендаваць сябе на міжнароднай арэне. Неабходна было паказаць свету ключавыя супольнасці нашых вучоных, прадэманстраваць індывідуальныя вынікі і публікацыі...
Зразумела, што званні падымаюць аўтарытэт як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Удзел у працы розных камісій, саветаў, камітэтаў дазваляе пашырыць эрудыцыю, веды, а таксама пераняць вопыт старэйшых калег у прыняцці рашэнняў. Зыходзячы з матэматычнай логікі «ўсё сістэматызаваць», я вылучыў чатыры асноўныя напрамкі сваёй прафесійнай дзейнасці. Адзін з іх — адміністрацыйная лесвіца і грамадская праца. Раю вучоным-пачаткоўцам не пазбягаць арганізацыйнай і публічнай работы.
29-18
— Што сёння можа матываваць маладога чалавека пайсці ў навуку? Дарэчы, якая яе галіна лічыцца найбольш запатрабаванай?
— Думкі чалавека спыніць нельга. Заўсёды будуць ікары свайго часу, будуць людзі апантаныя навуковай справай. Відавочна, сёння мала хто з моладзі выбірае даследчую дзейнасць. Гэта ўсвядомлены выбар выключных. Хачу падкрэсліць, што сёння БДУ робіць усё магчымае, каб падтрымаць маладога вучонага. У адпаведнасці з выбранай тэмай заўсёды можна заняцца выкладчыцкай дзейнасцю на факультэтах. У нас імкнуцца фінансаваць паездкі на канферэнцыі, аказваюць садзейнічанне ў падрыхтоўцы публікацый і нават займаюцца пошукамі грантаў.
Што тычыцца кан'юнктуры, найбольш запатрабаванай навуковай вобласці, то я нагадаю адну прыказку: нам не трэба шукаць чорную кошку ў цёмным пакоі. Упор у Беларусі павінен рабіцца на ўжо эфектыўныя прыкладныя даследаванні і распрацоўкі. На тое, што сёння забяспечвае рэальнае інавацыйнае развіццё. Дарэчы, пасля крушэння Савецкага Саюза ў нас, мабыць, у адзінай з 15 краін, захаваліся і вытворчасць, і інжынерны патэнцыял.
Беларусь заўсёды славілася сваімі інжынерна-тэхнічнымі кадрамі. Як вядома, нашы навукова-даследчыя інстытуты працавалі над закрытымі праектамі і стварэннем праграмнага забеспячэння ўсяго Савецкага Саюза. Мы працягваем развіваць тое, над чым заўсёды працавалі, у чым маем карт-бланш.
29-19
— Як вы лічыце, якая вынаходка вучоных кардынальна змяніла свет і беларускую навуку ў прыватнасці? І якія дасягненні супрацоўнікаў комплексу БДУ можна сёння ўзгадаць у першую чаргу?
— Калі коратка, без філасофскіх разважанняў, то, на мой погляд, любое сапраўднае навуковае адкрыццё можа ў корані змяніць наш свет і побыт чалавека. Дастаткова ўспомніць мабільныя тэлефоны, без якіх яшчэ 15 гадоў таму чалавецтва выдатна існавала. А калі сур'ёзна, стварэнне электрычнасці моцна паспрыяла на сусветнае развіццё. Адносна дасягненняў нашых вучоных прыгадаю фізічныя даследаванні, звязаныя з распрацоўкай лазераў. Яны былі вынайдзены і зроблены ў нас, у Беларусі. Гэта было ў мінулым стагоддзі. Што тычыцца апошніх дзесяцігоддзяў, то магу прывесці прыклад, што разам з расіянамі мы стварылі моцныя камп'ютары серыі «СКІФ». Гэта дазволіла адкрыць новую галіну ў нашых краінах —суперкамп'ютарабудаванне.
У БДУ таксама ёсць сферы, у якіх мы сапраўды робім поспехі. Нядаўна атрымалі Дзяржаўную прэмію нашы вучоныя-хімікі акадэмік Алег Івашкевіч, Анатоль Лесніковіч і Міхаіл Арцем'еў. Яны ўнеслі вялікі ўклад у развіццё неарганічнай хіміі. Гэтаму мы можам знайсці пацверджанне ў публікацыях самых вядомых навуковых часопісаў. Акрамя таго, калектыў вучоных Інстытута прыкладных фізічных праблем імя А.Н. Сеўчанкі, які ўзначальвае доктар фізіка-тэхнічных навук Барыс Бяляеў, стварыў цэлы шэраг прыбораў для касмічнай прамысловасці, якія і ў нашы дні выкарыстоўваюцца на міжнароднай касмічнай станцыі.
— У інтэрв'ю, якое вы далі «Российской газете» ў 2006 годзе, я знайшла такія радкі: «Трэба вучыць і студэнтаў ВНУ, і тых, хто працуе з касмічнай інфармацыяй у міністэрствах. Плануецца, што адукацыя будзе дыстанцыйнай, галаўным цэнтрам у гэтай сістэме стане, магчыма, Белдзяржуніверсітэт». Як аказалася з цягам часу, вы выказалі прарочую думку...
— Не ўпэўнены наконт прарока. Увогуле, шчыра кажучы, на той час я нават не марыў пра пасаду рэктара самага лепшага ўніверсітэта нашай краіны. Але з цягам часу ўсё змянілася, і сёння прыемна адзначыць, што ў нас нават ліцэісты БДУ запускаюць спадарожнікі! Запуск першага з іх яны ажыццявілі яшчэ тры гады таму. Акрамя ведаў у галіне механікі, радыёсувязі і праектавання бартавой электронікі, юныя даследчыкі касмічнай галіны павінны ведаць яшчэ і матэматыку, інфарматыку, валодаць асновамі 3D-мадэлявання, ды і ўвогуле ўмець працаваць у камандзе.
З 2011 года ў БДУ дзейнічаюць новыя спецыяльнасці «аэракасмічныя інфармацыйныя сістэмы» і «космааэракартаграфія». На факультэце радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій створаны першы ў краіне Цэнтр аэракасмічнай адукацыі. Мы маем добрае тэхнічнае абсталяванне, супрацоўнічаем з НАН Беларусі і расійскімі ўніверсітэтамі.
29-20
— Дарэчы, даўно цікаўлюся: даследаванні ў космасе, запуск спадарожнікаў і наяўнасць касмадрома — прэстыж краіны ці камерцыйная неабходнасць?
— І тое, і другое адначасова. Толькі заўважу: наяўнасць касмадрома ў краіне яшчэ не азначае пакарэння касмічных вяршынь. Вядома, перад даследаваннямі ў гэтай галіне, як і перад іншымі дысцыплінамі, стаяць задачы камерцыйнага характару. А чаму не?
Сёння ў БДУ функцыянуе адзіны ў Беларусі Цэнтр аэракасмічнай адукацыі, дзе рыхтуюць высакакласных спецыялістаў для патрэб сучаснай касмічнай сферы. У разрэзе міжнароднага падзелу навуковай працы ў Беларусі вырабляюцца эксклюзіўныя прыборныя базы, фотакамеры, відэа- і фотаспектральныя сістэмы. Яны эксплуатуюцца на арбітальных навуковых станцыях «Салют-4, -6, -7», арбітальным комплексе «Мір» і Міжнароднай касмічнай станцыі. Фотаспектральная сістэма ФСС і блок аптычных датчыкаў «Фатон гама» працуе з 2010 года. У выніку гэтых даследаванняў атрыманы вялікі аб'ём інфармацыі аб аптычным полі атмасферы і паверхні Зямлі. Яе апрацоўка таксама мае кошт на міжнародным рынку. Наш навуковы патэнцыял дазваляе зарабляць грошы на расшыфроўцы гэтай інфармацыі для іншых краін.
— Давайце вернемся з космасу ў аўдыторыю БДУ. Раней выкладчык для студэнтаў меў непахісны аўтарытэт, з якім нельга было спрачацца. Сёння сучасны выкладчык — гэта...
— ...суразмоўца, які арганізоўвае жывы і цікавы навучальны працэс. Працэс, у якім студэнты з'яўляюцца раўнапраўнымі ўдзельнікамі заняткаў. Выкладчык павінен зацікавіць студэнтаў. Зразумела, што ёсць план, працоўная праграма. Ад іх нельга адхіляцца. Таксама вядома, што моладзі недастаткова, як 10-20 гадоў таму, толькі напісаць на дошцы формулы. Ім патрэбны наглядныя матэрыялы і аргументаваныя тэматычныя выявы. Сённяшні выкладчык у сваёй працы актыўна выкарыстоўвае розныя мультымедыйныя сродкі. І, дарэчы, сваю выкладчыцкую дзейнасць я не ўяўляю без гэтых сучасных дапаможнікаў.
— Нарэшце, Сяргей Уладзіміравіч, што трэба зрабіць, каб наш самы буйны ўніверсітэт у краіне трапіў у сотню найлепшых універсітэтаў свету?
— Гэта досыць няпросты шлях, і «на раз-два» не атрымаецца. Зразумейце адно: славутыя сістэмы ранжыравання разлічаны на англамоўныя ўніверсітэты. Пры складзе рэйтынгу ўлічваецца ўзровень навуковай дзейнасці, колькасць публікацый у англамоўных часопісах. Безумоўна, уплывае і фінансаванне. Не трэба быць вялікім аналітыкам, каб адзначыць той факт, што бюджэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта значна меншы, чым у аналагічных еўрапейскіх ці амерыканскіх вядучых навучальных устаноў. А калі сродкаў у ВНУ дастаткова, то абсталяванне і арганізацыя навучальнага працэсу будуць на парадак вышэйшымі. Напрыклад, можна нават запрасіць чытаць лекцыі нобелеўскіх лаўрэатаў.
Па выніках сусветнага вэбаметрычнага рэйтынгу ўніверсітэтаў «Webometrіcs Rankіng of World Unіversіtіes» БДУ заняў 612 месца і ўвайшоў у тройку лепшых універсітэтаў СНД. У разліковай табліцы ўлічваліся звесткі аб 22 000 вышэйшых навучальных устаноў, а ўсяго ў свеце налічваецца больш за 30 000 ВНУ. БДУ саступіў толькі Маскоўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя М.В. Ламаносава (129 месца) і Санкт-Пецярбургскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту (539 месца). Так што нам ёсць куды расці і над чым працаваць.
Вераніка ПУСТАВІТ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/05/29-17.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/05/29-18.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/05/29-19.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/05/29-20.jpg