– У эпоху інтэрнэта, велічэзнага росту інфармацыйных патокаў важнасць прафесійнай і якаснай журналістыкі ўзрастае ў шмат разоў, – зазначыў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір МАТУСЕВІЧ. – Чалавек заўсёды імкнецца да якаснай інфармацыі, каб у тым ліку атрымаць асалоду ад прыгожага журналісцкага слова.
Як паведаміў намеснік міністра інфармацыі, у рэйтынгу развіцця інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, які штогод складае Міжнародны саюз электрасувязі, Беларусь займае 38-ю пазіцыю. І ў гэтай сітуацыі, на яго думку, адной з задач СМІ з’яўляецца размеркаванне кантэнту па розных платформах.
Па традыцыі падчас Летняй школы журналістыкі сабралася моладзь з усёй краіны – як студэнты, так і маладыя супрацоўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Сімвалічна, што ў Год моладзі творчыя юнакі і дзяўчаты атрымалі магчымасць праявіць свае здольнасці, агучыць і ажыццявіць ідэі. І такой пляцоўкай у гэтыя дні стаў Інстытут журналістыкі.
– Сёлета на летняй школе будзе як ніколі цікава, – перакананы намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар ЯКЖЫК. – У нашай краіны ў разгары Год моладзі, год 70-годдзя Вялікай Перамогі, што сугучна з тэматыкай медыяфоруму. Вядома, будуць абмяркоўвацца і пытанні якасці падрыхтоўкі журналістаў, якой будзе журналістыка будучыні, як спалучаецца развіццё інтэрнэт-прасторы і традыцыйных медыя. Гэтыя пытанні знаходзяцца і ў сферы ўвагі Міністэрства адукацыі.
Як падкрэсліў намеснік міністра адукацыі, якасць падрыхтоўкі журналістаў у Беларусі дастаткова высокая. Гэта пацвярджаецца вялікай колькасцю спецыялістаў на ўсёй постсавецкай прасторы, якія вучыліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, іншых ВНУ краіны. «Сёння існуе дыскусійная пляцоўка, дзе абмяркоўваецца пытанне падрыхтоўкі журналістаў на фоне Балонскага працэсу, – дадаў Віктар Якжык. – Ведаю, што дзейнічаюць праграмы бакалаўрыята, якія прадугледжваюць падрыхтоўку спецыяліста за два гады, за два гады і сем месяцаў. Але ўзнікае пытанне: каго можна падрыхтаваць – журналіста або чалядніка? Журналістыка павінна мець маральны стрыжань. А падрыхтаваць журналіста з маральным стрыжнем за такі кароткі тэрмін амаль немагчыма».
Удзельнікам Летняй школы журналістыкі пашчасціла атрымаць урокі майстэрства, што называецца, з першых вуснаў. Мэтры журналістыкі з Беларусі, Расіі і Арменіі расказалі аб сучасных тэндэнцыях у медыясферы, закранулі найбольш разнастайныя тэмы, якія хвалююць медыясупольнасць, падзяліліся асабістым журналісцкім вопытам.
Аляксандр ГУРНОЎ, вядучы праграмы “Точка отсчета” тэлеканала Russia Today, разважаў над тым, што такое праўда з філасофскага пункту гледжання і чаму ў кожнага яна свая. На пытанне “Ці можна атаясаміць журналістыку і блогасферу?” адказаў адназначным “не” першы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Комсомольская правда” Мікалай Ефімовіч. На яго думку, задача блогера – выказаць меркаванне, даць каментар. А журналісцкі тэкст пачынаецца, калі карэспандэнт праводзіць расследаванне, шукае праўду і стараецца дайсці да кораня праблемы, а не толькі паказаць на яго.Галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім ГІГІН распавядаў пра тэхналогіі стварэння тэлеперадач у Амерыцы, Еўропе і Расіі, аб тэндэнцыях развіцця медыясферы і, галоўнае, падзяліўся прыёмамі ўздзеяння на гледача, якімі карыстаюцца карэспандэнты тэлеканалаў.
– Выдатна, што ў вас ёсць магчымасць паслухаць майстроў пяра, слова, – звярнуўся да моладзі Вадзім Гігін. – Гэта цудоўна, бо калі мы з вамі вучымся, важна ў каго мы гэта робім. Людзі, якія прадстаўляюць класічную, а магчыма, ужо посткласічную школу айчыннай журналістыкі, яе традыцыі, падзеляцца з вамі сваім вопытам. Якімсьці вопытам ужо і вы можаце з імі падзяліцца, бо гэта працэс узаемны. Выдатна, што вы гэта пачуеце і, самае галоўнае, зможаце выказаць свой пункт гледжання. Журналіст цікавы тады, калі ў яго ёсць асабістае «я».
Вераніка КАНЮТА, Вераніка ПУСТАВІТ.
Фота Аляксандра ШАБЛЮКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shablyuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/veranika-kanyuta
[3] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[4] https://zviazda.by/be/medyya
[5] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/MG_6333.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/Безимени-120.jpg