На Захадзе яго паважалі і пабойваліся. Ведалі, што ён заўсёды будзе паслядоўна гнуць сваю лінію, адстойваць інтарэсы сваёй краіны і не паддасца на ліслівасць і танную прыманку. Толькі Грамыка пасля чарговага абвастрэння на Блізкім Усходзе мог сказаць без хітрыкаў грознаму прэм'ер-міністру Ізраіля Голдзе Мэер: «Я глыбока расчараваны вамі, пані». Або на канферэнцыі, прысвечанай падрыхтоўцы мірнага дагавора паміж Японіяй і Кітаем, з'едліва высмеяць пазіцыю заходніх дзяржаў: «Трэба быць сляпымі, каб не бачыць, у якім смешным становішчы апынуліся арганізатары канферэнцыі, якія паставілі справу так, што ў вырашэнні пытання аб мірным дагаворы з Японіяй удзельнічаюць такія дзяржавы, як, напрыклад, Сальвадор і Нікарагуа, і не ўдзельнічае Кітай. Зразумела, што ад таго, падпішуць мірны дагавор з Японіяй некаторыя з прысутных на канферэнцыі дзяржаў ці не падпішуць, нікому не будзе ні цёпла, ні холадна. Іншая справа, калі дамову не падпіша Кітайская Народная Рэспубліка».
Сказана гэта было ў 1951 годзе, яшчэ пры Сталіне. Нават адчуваецца ўплыў знакамітага сталінскага стылю — сцісласць, сарказм. Саракадвухгадовы Грамыка знаходзіўся ў рангу першага намесніка міністра замежных спраў. Але за яго плячыма ўжо была вялікая дыпламатычная кар'ера.
Нехта падлічыў: калі скласці ўсе падпісаныя ім міжнародныя пагадненні адно на другое, атрымаецца стос вышынёй з Манблан. Акуратны аўтограф Андрэя Грамыкі стаіць на Статуце ААН, Хельсінскім акце Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, пагадненнях па СНУ і нераспаўсюджанні ядзернай зброі, на дакументах Ялты і Патсдама. Ён літаральна тварыў гісторыю. Увесь пасляваенны светапарадак — шмат у чым дзецішча Грамыкі.
Андрэй Грамыка пачаў сваю дыпламатычную кар'еру ў амерыканскім аддзеле Наркамата замежных спраў СССР. Потым быў саветнікам пасольства СССР у ЗША. Нічым асабліва не вылучаўся, нікуды асабліва і не лез. Такі звычайны, шараговы выканаўца службовых абавязкаў. Тагачасны амбасадар СССР у Амерыцы М. Літвінаў, мабыць, не крывіў душой, калі напісаў у характарыстыцы Андрэя Андрэевіча: «Да дыпламатычнай службы непрыгодны».
Памыліўся, ох, як памыліўся Максім Максімавіч Літвінаў. Андрэй Грамыка аказаўся нават вельмі прыдатным. Прайшло не так шмат часу і ён змяніў Літвінава на пасадзе амбасадара. Пасля, яшчэ пры Сталіне, стаў першым намеснікам міністра замежных спраў СССР. Амаль 30 гадоў быў міністрам, займаў гэтую пасаду пры пяці генеральных сакратарах: Хрушчове, Брэжневе, Андропаве, Чарненку і — некалькі месяцаў — пры Гарбачове.
Рэдкая працаздольнасць, уменне прасоўвацца, пры гэтым асабліва не выдзяляючыся, цярпенне дапамаглі Грамыку пракласці сабе дарогу з глухой беларускай вёскі на самы верх кіраўніцтва савецкай дзяржавы. Ён заўсёды быў асцярожны, пазбягаў неразумных і небяспечных крокаў. Гэта адзін (але далёка не адзіны) з фактараў яго даўгалецця ў палітыцы.
* * *
Ён нарадзіўся 5 (18) ліпеня 1909 года ў вёсцы Старыя Грамыкі Магілёўскай губерні (цяпер Гомельская вобласць). Усё мясцовае насельніцтва насіла такое ж прозвішча, таму кожная сям'я, як гэта нярэдка бывае ў беларускіх вёсках, мела родавую мянушку. Сям'ю Андрэя Андрэевіча называлі Бурмаковымі. Пайшлі Бурмаковы з беднага беларускага шляхецкага роду, большая частка якога ў часы Расійскай імперыі была пераведзена ў падатковыя саслоўі сялян і мяшчан. Дарэчы, захаваўся цікавы дакумент пра так званы Смутны час, які адносіцца да вядомых падзей расійска-польскіх войнаў пачатку ХVІІ стагоддзя, — дзённік Марыны Мнішак, жонкі Лжэдзмітрыя І. Там ёсць узгадванне таго, што масквічы, узняўшыся супраць захопнікаў, забілі, сярод іншых, пана Мікалая Грамыку-малодшага. Дык вось, гэты Мікалай паходзіць з таго роду Скарбек-Грамык, які пасля даў і Андрэя Андрэевіча Грамыку. Тады Масква не скарылася Грамыкам. Гэта адбылося пазней, у сярэдзіне ХХ стагоддзя. Але гэта — лірычнае адступленне...
У афіцыйных жа біяграфіях пра шляхетны род будучага міністра, вядома, нічога не гаварылася: указвалася менавіта сялянскае паходжанне, як і тое, што яго бацька, Андрэй Мацвеевіч, быў селянінам, які працаваў, праўда, на заводзе. З 13 гадоў Андрэй ужо хадзіў з бацькам на заробкі. У вольны час любіў пачытаць, у асноўным — кнігі па гісторыі. Маці будучага дыпламата, Вольга Яўгенаўна Бекарэвіч, любіла кнігі і змагла сабраць дома нядрэнную бібліятэку. У вольны час Андрэй любіў павесяліцца з сябрамі, схадзіць на рыбалку, забрацца ў чужыя сады. Бабуля, калі скардзіліся суседзі, хапалася за венік і здалёк (дзе ж тут зловіш непаседу) сварылася: «Вось я табе пакажу, дэмакрат ты такі...» Пра гэта пазней у аўтабіяграфіі ўспамінаў сам Андрэй Андрэевіч.
Пасля заканчэння 7-гадовай школы вучыўся ў прафесійна-тэхнічнай школе ў Гомелі, потым — у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме. У 1931 годзе ўступіў у партыю і адразу быў абраны сакратаром партыйнай ячэйкі. У гэтым жа годзе паступіў у Эканамічны інстытут у Мінску. Вочна адвучыўся ўсяго два курсы, пасля чаго, у сувязі з прызначэннем яго дырэктарам сельскай школы непадалёк ад Мінска, перайшоў на завочнае аддзяленне. У 1936 годзе ў Мінску, у Акадэміі навук БССР, абараніў кандыдацкую дысертацыю, пасля чаго быў накіраваны ў Маскву ў НДІ сельскай гаспадаркі Акадэміі сельскагаспадарчых навук. Праз тры гады Андрэй Грамыка паступае на дыпламатычную службу. Сялянска-пралетарскае паходжанне і веданне замежных моў былі ў той час дастатковымі для атрымання работы ў Наркамаце замежных спраў СССР. Кіраўнік савецкай дыпламатыі Молатаў сказаў пра яго: «Ён неспрактыкаваны, але сумленны. Гэты не падвядзе». І Грамыка не падвёў. Паводле легенды, кандыдатуру Андрэя Грамыкі зацвердзіў асабіста Іосіф Сталін. Калі чытаў прапанаваны Молатавым спіс кандыдатаў на дыпламатычную службу, убачыўшы прозвішча Грамыкі, Сталін быццам бы сказаў: «Грамыка... Добрае прозвішча». Сам Андрэй Андрэевіч адзначаў: «Я стаў дыпламатам па выпадковасці. Выбар мог бы прыпасці на іншага хлопца з рабочых і сялян, а гэта ўжо заканамернасць».
[caption id="attachment_87789" align="alignnone" width="600"] [4] Патсдамская канферэнцыя, ліпень 1945.[/caption]
Але галоўнае, што малады дыпламат падабаўся асабіста Сталіну, які ўмеў цаніць дзелавых і адказных людзей, калі яны не ўяўлялі для яго небяспекі. А Грамыка валодаў проста прыроджанай лаяльнасцю ў адносінах да асобы нумар адзін у сістэме. Ён заставаўся адданым як Іосіфу Вісарыёнавічу, так і Хрушчову, Брэжневу, Андропаву і Чарненку, якія па чарзе змянялі адзін аднаго на найвышэйшых дзяржаўных і партыйных пастах. Шмат у чым яму дапамагала адсутнасць у кіраўнікоў СССР пасля Сталіна глыбокага ведання знешнепалітычных пытанняў. Яны прыходзілі на пасаду «правадыра» з партсакратароў, не ведалі замежных моў, слаба разбіраліся ў міжнародных пытаннях, не валодалі геапалітычнай сітуацыяй, як сказалі б цяпер, і адчувалі, што без такога прафесіянала, як Грамыка, проста не абысціся.
Пры гэтым сам Андрэй Андрэевіч нават на схіле жыцця ўспамінаў пра Сталіна выключна цёпла:
«Перш за ўсё звяртала на сябе ўвагу тое, што ён — чалавек думкі, кароткай фразы, важкага слова. Уводных слоў, доўгіх прапаноў або заяў, якія нічога не выказваюць, ён не любіў. Ён не цярпеў, калі хто-небудзь гаварыў шматслоўна і было немагчыма ўлавіць думку, зразумець, што ж чалавек хоча сказаць. У той жа час Сталін мог памяркоўна, больш за тое, паблажліва ставіцца да людзей, якія праз свой адукацыйны ўзровень адчувалі цяжкасці ў тым, каб выразна сфармуляваць думку. Гледзячы на Сталіна, калі ён выказваў свае меркаванні, я заўсёды адзначаў сам сабе, што ў яго гаворыць нават твар. Асабліва выразнымі былі вочы, ён іх часам прыжмурваў. Гэта рабіла яго погляд яшчэ вастрэйшым. Але гэты погляд утойваў у сабе і тысячу загадак. Гаворцы Сталіна была ўласціва своеасаблівая манера. Ён браў дакладнасцю ў фармуляванні думак і, галоўнае, нестандартнасцю мыслення».
З тых часоў кар'ера Андрэя Грамыкі няўхільна ішла ўгару: загадчык Аддзела амерыканскіх краін НКЗС, саветнік паўнамоцнага прадстаўніцтва СССР у ЗША. Дзейнасць на пасадзе амбасадара ў ЗША ён сумяшчаў з аналагічнай пасадай на Кубе. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён займаўся падрыхтоўкай Тэгеранскай, Патсдамскай і Ялцінскай канферэнцый і нават прымаў удзел у дзвюх з іх. Яго памяць захавала шмат цікавых падзей. Вось, напрыклад, як ён успамінаў пра ўсемагутнага Берыю.
«У Ялце, дзе праходзіла канферэнцыя лідараў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, падчас абеду, які давала савецкая дэлегацыя ў гонар амерыканцаў і англічан, Рузвельт звярнуўся да Сталіна з пытаннем:
— Хто гэта сядзіць насупраць пасла Грамыкі?
Мабыць, перш чым сесці за стол, Берыя не прадставіўся Рузвельту. Сталін адказаў:
— А-а! Гэта ж наш Гімлер. Берыя!
Мяне ўразіла трапнасць сталінскага параўнання. Не толькі па сутнасці, але і па знешнім выглядзе гэтыя два кАты былі падобныя адзін на аднаго: Гімлер — адзіны ў асяроддзі Гітлера, хто насіў пенснэ, Берыя — адзіны ў сталінскім асяроддзі, якога таксама цяжка ўявіць без пенснэ.
Заўважыў я, што Рузвельту стала відавочна ніякавата ад гэтага параўнання, тым больш што і Берыя чуў усё сказанае. Адказ Сталіна, вядома, збянтэжыў прэзідэнта. Ён нават не ведаў, як на такую рэпліку рэагаваць. На яго твары з'явілася нешта, падобнае на вінаватую ўсмешку (навошта, маўляў, паставіў чалавека сваім пытаннем у няёмкае становішча).
Берыя нічога не сказаў. Такое параўнанне яго збянтэжыла яшчэ больш, а магчыма, і азадачыла. У той вечар Берыя, і без таго негаваркі, маўчаў, трымаўся скавана. Замежныя госці яго як бы не заўважалі».
У 1944 годзе Грамыка ўзначаліў савецкую дэлегацыю на канферэнцыі ў амерыканскім Думбартон-Оксе, дзе вырашаліся пытанні пасляваеннага ўладкавання свету, у тым ліку пытанне аб стварэнні Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Менавіта яго подпіс стаіць пад Статутам ААН, які быў прыняты на канферэнцыі ў Сан-Францыска 26 чэрвеня 1945-га. Потым ён — пастаянны прадстаўнік СССР у ААН, намеснік міністра замежных спраў СССР, першы намеснік кіраўніка МЗС, амбасадар у Вялікабрытаніі.
У 1957 годзе змяніў на пасадзе міністра замежных спраў СССР Дзмітрыя Шапілава. Па некаторых звестках, Шапілаў сам парэкамендаваў кандыдатуру Грамыкі на гэтую пасаду, і Хрушчоў прыслухаўся да гэтай парады.
Дарэчы, калі Хрушчоў толькі збіраўся прызначыць Грамыку міністрам замежных спраў, яго адгаворвалі: безыніцыятыўны і ўпарты. Мікіта Сяргеевіч, які вырашыў, што знешняй палітыкай ён зоймецца асабіста, гаварыў тым, каму не падабалася кандыдатура Грамыкі: «Ну, што вы хвалюецеся? Пост сакратара ЦК у нас больш важны. А знешняя палітыка не залежыць ад таго, хто будзе міністрам. Вось прызначце заўтра загадчыка склада, і ён такую лінію будзе праводзіць, што проста пальчыкі абліжаце. Таму што палітыку ў нас робіць не міністр, а партыя».
Хрушчоў недалюбліваў Грамыку, збіраўся з часам прызначыць на пасаду міністра замежных спраў свайго зяця Аджубея. Тады хадзіла шмат чутак пра «нягнуткага» Андрэя Андрэевіча і няздольнасць яго да ажыццяўлення «дынамічнай» хрушчоўскай палітыкі. Шапталіся пра нейкія непрыемныя службовыя характарыстыкі, якія нібыта ляжаць у архівах міністэрства і тычацца яго знаходжання ў Вашынгтонскім пасольстве яшчэ на пасадзе саветніка.
Як мы памятаем, ва ўспамінах Грамыкі пра Сталіна адчуваецца шчырае захапленне. А вось Хрушчова ён лічыў дурнем і блазнам. На адным з прыёмаў Мікіта Сяргеевіч у прысутнасці заходніх дыпламатаў ляпнуў: «Калі партыя загадае Грамыку сесці голым задам на лёд, ён сядзе!» Неўзабаве, праўда, менавіта міністр стаў адным з тых членаў партыі, якія «пасадзілі голым задам на лёд» самога Хрушчова, адправіўшы грубіяна ў адстаўку. Пры гэтым падчас знакамітага інцыдэнту ў ААН, калі Хрушчоў стукаў чаравікам па стале, Грамыка знаходзіўся побач з ім. Хрушчоўская выхадка была для яго поўнай нечаканасцю. Але ён нават выгляду не падаў і таксама стаў біць кулаком, каб «падтрымаць» кіраўніка краіны. Захад павінен быў думаць, што экспрэсія Хрушчова — глыбока прадуманы ход савецкай дыпламатыі.
[caption id="attachment_87788" align="alignnone" width="600"] [5] З прэзідэнтам Дж. Кенэдзі, «карыбскі крызіс», кастрычнік 1962.[/caption]
Брэжнеў, асабліва ў першыя гады кіравання, не прэтэндаваў на ролю бясспярэчнага аўтарытэта ў знешняй палітыцы і быў заўсёды ўважлівы да меркавання і парадаў такога вопытнага дыпламата, як Грамыка.
У 1973 годзе Грамыка стаў членам Палітбюро ЦК партыі. З таго часу яго вага і становішча ўсё больш умацоўваліся. Змянілася і становішча МЗС. Андрэй Андрэевіч карыстаўся ўсё большым даверам
Л.І. Брэжнева, неўзабаве перайшоў у размовах з ім на «ты», устанавіў цесны кантакт з Мінабароны і КДБ, і ўзнікла ўрэшце такое становішча, калі практычна ўсе пытанні знешняй палітыкі СССР вырашаліся «тройкай» у складзе Грамыка-Усцінаў-Андропаў. Адпаведным чынам змянялася і лінія паводзінаў, якой ён прадпісваў трымацца апарату МЗС у адносінах з ЦК і іншымі ведамствамі. Ні пра якія подпісы аддзелаў ЦК пад прапановамі МЗС гаворка больш ужо не ішла, наадварот, у апошнія гады перапыняліся любыя намеры Міжнароднага аддзела ЦК КПСС (Б.М. Панамарова, В.В. Загладзіна і іншых) выступаць з якімі-небудзь самастойнымі ініцыятывамі ў знешнепалітычных пытаннях, асабліва па праблематыцы раззбраення. («Хай яны займаюцца сваёй справай — адносінамі з брацкімі кампартыямі. Гэта ім даручана».)
Заходняя прэса называла Андрэя Грамыку «Містар «Не» за непадатлівасць пры перамовах. Раней такая ж мянушка была ў Вячаслава Молатава (Грамыка быў яго пратэжэ), які славіўся сваёй жорсткасцю ў адстойванні дзяржаўных інтарэсаў СССР. Пры гэтым сам Андрэй Андрэевіч гаварыў: «Маё «Не» яны чулі значна радзей, чым я іх «Nо». А калегі згадвалі, што дзякуючы шырокаму кругагляду і фенаменальнай памяці Грамыка лёгка, пры гэтым ветліва і суха, заганяў у кут любых суразмоўцаў. Няхітры прыём, якім Грамыка карыстаўся ўсё жыццё, у большасці выпадкаў працаваў безадказна: у канцы гутаркі ён падводзіў вынікі і з дапамогай складаных, заблытаных, на першы погляд, фармулёвак, зводзіў усе дамоўленасці ў патрэбны нашай краіне бок.
Пры гэтым ён ніколі не павышаў голас. Сам ён ускіпеў толькі аднойчы. Калі 1 верасня 1983 года савецкія ВПС збілі паўднёвакарэйскі «Боінг», які дзіўным чынам трапіў ў нашу паветраную прастору, дзяржсакратар ЗША Дж. Шульц, прадстаўляючы Маскву міжнародным разбойнікам, паспрабаваў схіліць ход перамоў, якія праходзілі ў тыя дні ў Жэневе, у свой бок, заявіў Грамыку: «Значыць, гаварыць няма пра што». Рэакцыя савецкага міністра ўсіх ашаламіла.
«Ён устаў і праз стол рэзка кінуў яму ў твар: «Калі вы не хочаце гаварыць, значыць гутаркі не будзе!» І Шульц здаўся: «Не, я хачу весці размову». І гутарка пайшла па тым аспекце, як таго хацеў Грамыка», — успамінаў перакладчык Віктар Сухадрэў.
З Грамыкам было цяжка не толькі контрпартнёрам, але і найбліжэйшым супрацоўнікам. Ён не прымаў адказаў «не ведаю», «не памятаю», «можа быць». З'яўляючыся працаголікам, сам працаваў да глыбокай ночы і іншым расслабіцца не даваў.
«Ён пачынаў працаваць у 9 раніцы. У дзевяць-дзесяць вечара ён ад'язджаў з МЗС з папкай папер і чытаў іх дома да гадзіны, да дзвюх ночы. Калі яму не падабаўся нейкі з падрыхтаваных намі дакументаў, ён казаў: «Лянуецеся вы, лянуецеся». Потым глядзеў на гадзіннік і казаў: «А колькі цяпер часу? Гадзіна ночы? Але ўсё роўна вы лянуецеся», — дадае штрыхі да партрэта савецкага міністра замежных спраў Валянцін Фалін, былы пасол СССР у ФРГ. На працягу ўсёй палітычнай кар'еры Андрэй Грамыка дазваляў сабе выказваць уласныя думкі, адрозныя ад пункту гледжання кіраўніцтва краіны. Прэса заўсёды адзначала яго незалежнасць, падкрэслівала востры розум і называла яго «майстэрскім дыялектыкам і спецыялістам па вядзенні перамоў з вялікімі здольнасцямі».
Гэтага ж меркавання прытрымліваліся замежныя калегі. Ужо ў 80-я гады на Захадзе яго называлі «дыпламатам №1». «Ва ўзросце 72 гадоў ён — адзін з самых актыўных і працаздольных членаў савецкага кіраўніцтва. Чалавек з выдатнай памяццю, праніклівым розумам і незвычайнай цягавітасцю... Магчыма, Андрэй Грамыка з'яўляецца самым інфармаваным міністрам замежных спраў у свеце», — пісала лонданская газета Thе Tіmеs у 1981 годзе.
Неяк англійскі міністр замежных спраў Джорж Браўн прапанаваў Грамыку перайсці на «ты» — на заходні манер, называць адзін аднаго проста па імені: «Завіце мяне Джо, а як мне Вас?» Адказ быў такі: «Можаце называць мяне Андрэй Андрэевіч».
Па словах дачкі, за апошнюю чвэрць стагоддзя свайго жыцця ён ні разу не ступаў па вуліцах Масквы. Бачыў сталіцу толькі з акна ўрадавага ЗіЛа з куленепрабівальным шклом.
Жанаты Андрэй Андрэевіч быў толькі раз — на Лідзіі Грыневіч. Яна нарадзілася пад Мінскам, у вёсцы Каменка. Пажаніліся ў 1930-м, калі ёй было 19, а ён яшчэ не збіраўся ісці ў дыпламаты. Працавала заатэхнікам у саўгасе. Муж называў яе Лідунчыкам і Маім Хатнім Дзяржсакратаром. Лідунчык вызначалася адсутнасцю густу і насіла сукенкі дзікіх расфарбовак. Аднойчы на прыёме ў турэцкім пасольстве зімой, убачыўшы на дэсерт кавун, яна сказала перакладчыцы: «Схадзі на кухню, папрасі, каб нам у машыну занеслі пару штук». На прыёме з нагоды візіту кіраўніка МЗС Сенегала Дутуціяма спыталася ў яго жонкі: «А вы чым займаецеся?» Даведаўшыся, што мадам Дутуціям скончыла філасофскі факультэт, Лідунчык пажартавала: «Ды што ж гэта за навука такая?! Сёння там адно, заўтра — іншае». І мела рацыю, бо, у параўнанні з заатэхнікай, філасофія — навука вельмі недакладная. Але чарнаскурая «Дутуціямша» Лідунчыку вельмі спадабалася. Развітваючыся, яна нават запіхнула некалькі цукерак з вазачкі ў кактэйльную сумачку госці.
Як і ўсе савецкія мужчыны, Андрэй Андрэевіч меў ваенны білет. У ім было запісана: «Воінскае званне — радавы».
* * *
12 снежня 1979-га на вузкім пасяджэнні Палітбюро па ініцыятыве Андропава, Усцінава і Грамыкі было прынята рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан. Наогул ініцыятарам быў Усцінаў. Андропаў асцярожна паставіўся да гэтай ідэі міністра абароны. Аднак пад уплывам Усцінава змяніў сваю пазіцыю. Андрэй Андрэевіч быў заўсёды з большасцю, хоць і не мог не разумець цяжкіх наступстваў гэтай авантуры. І яго подпіс стаіць пад дакументам аб уводзе войскаў у Афганістан. Падставы для гэтага быццам бы былі. У 1979 годзе НАТА вырашыла нашпігаваць Еўропу ракетамі «Першынг», а тут яшчэ амерыканцы ўзяліся падтрымліваць апазіцыю ў Кабуле, пагражаючы інтарэсам Саюза не толькі з Захаду, але і з Усходу. Былы саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Збігнеў Бжэзінскі ўспамінаў:
«Прэзідэнт Картэр падпісаў першую дырэктыву аб сакрэтнай дапамозе праціўнікам прасавецкага рэжыму ў Кабуле 3 ліпеня 1979 года. Мы не прымусілі рускіх умяшацца у сітуацыю, мы проста павялічылі магчымасць таго, што яны гэта зробяць самі. Гэтая сакрэтная аперацыя была выдатнай ідэяй. Яе мэтай было завабіць рускіх у афганскую пастку. У той дзень, калі Саветы афіцыйна перайшлі мяжу, я напісаў прэзідэнту Картэру: «У нас зараз ёсць магчымасць даць СССР сваю в'етнамскую вайну».
* * *
Грамыка адыграў ключавую ролю ў вылучэнні М.С. Гарбачова на пост генеральнага сакратара ЦК КПСС, ён вёў перамовы з яго прыхільнікамі Аляксандрам Якаўлевым і Яўгенам Прымаковым праз свайго сына, дырэктара Інстытута Афрыкі Анатоля Грамыку. У абмен на падтрымку кандыдатуры Гарбачова яму была абяцана пасада старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Ягор Лігачоў піша ў сваіх мемуарах, што быў вельмі здзіўлены, калі на пасяджэнні Палітбюро, без усялякага папярэдняга абмеркавання, устаў Грамыка і вылучыў на пасаду генеральнага сакратара Гарбачова. А Віктар Ісраэлян, савецкі дыпламат, былы пасол СССР у ААН, успомніў, што яшчэ ў 1984-м віцэ-прэзідэнт ЗША Буш-старэйшы па сакрэце расказаў яму, хто менавіта зменіць у Крамлі Чарненку: «Калі я паведаміў пра гэта Грамыку, ён уважліва выслухаў мяне, але мне невядома, ці аказала гэтая інфармацыя які-небудзь уплыў на пазіцыю самога Грамыкі, які пасля смерці Чарненкі першым выступіў з прапановай абраць генсекам Гарбачова».
«Я не проста выступіў на пасяджэнні Палітбюро, — не хаваў гэтага і сам Грамыка, — а адразу ж, як Гарбачоў адкрыў пасяджэнне, не раздумваючы ні секунды, устаў і сказаў: «Прапаную генеральным сакратаром ЦК КПСС абраць Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова».
Пасля прызначэння на новы пост — старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, фармальна — галоўнай дзяржаўнай пасады ў краіне, але якая па сутнасці нічога не вырашала, Грамыка выйшаў з будынка МЗС і з'ехаў у Крэмль. Ён не развітаўся нават са сваімі супрацоўнікамі, з якімі працаваў многія гады.
Сухасць (характэрная рыса для кіраўнікоў таго часу, якія прайшлі школу Сталіна) — гэта таксама было яго неад'емнай якасцю.
Пасля смерці Андропава Грамыка прымерваўся ўжо да пасады генеральнага сакратара, але вылучылі Чарненку. Як гэта адбылося, Усцінаў распавядаў галоўнаму крамлёўскаму медыку — акадэміку Чазаву: «Мы сустрэліся ўчатырох — я, Ціханаў, Грамыка і Чарненка. Калі пачалося абмеркаванне, адчуў, што на гэтае месца прэтэндуе Грамыка. Ставіць яго нельга. Ведаеш яго характар. Бачачы такую сітуацыю, я прапанаваў кандыдатуру Чарненкі, і ўсе са мной пагадзіліся».
«Стаўшы старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, Грамыка пачаў ездзіць па вялікай краіне, ён дрэнна ведаў жыццё савецкіх людзей. Здзіўляўся — магазінаў шмат, а тавараў у іх няма. Перастаўшы быць міністрам, ён перастаў быць патрэбным. Выступаў на кожным пасяджэнні Палітбюро, але часта недарэчы. Свет мяняўся, але Грамыка жыў мінулым», — пісаў вядомы журналіст Леанід Млечын у сваёй кнізе «МЗС. Міністры замежных спраў».
Новая палітычная сістэма, прызначаная на 19-й Усесаюзнай партканферэнцыі (1988), не прадугледжвала пасады старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Уводзіўся новы пост для кіраўніка дзяржавы — Старшыня Вярхоўнага Савета СССР. І яго павінен быў заняць лідар кіруючай партыі.
Грамыка збіраўся з візітам у Пхеньян. Да яго прыехаў Гарбачоў, яны пагаварылі, візіт быў адменены. На Пленуме ЦК КПСС была зачытана заява Грамыкі з просьбай аб адстаўцы.
Калі яго адпраўлялі на пенсію, ён папрасіў: пакіньце мне дачу, машыну і аднаго памочніка — пісаць мемуары.
Стаўшы пенсіянерам, не прапускаючы ніводнага дня, працаваў над мемуарамі. Калі выйшаў яго двухтомнік «Памятнае», чытачы былі расчараваны. Суха і шэра. Грамыка застаўся верны сабе. Ён павучаў маладых дыпламатаў: «Маўчыце. Або гаварыце так, каб нічога не сказаць». Вядомы нямецкі палітык Эган Бар пісаў: «Сваімі ўспамінамі ён абразіў сябе, бо яны ніяк не маглі быць у яго такімі бледнымі і беднымі. Ён утаіў ад будучых пакаленняў цэлы скарб, забраўшы з сабой у магілу вопыт, веды і ўзаемасувязі гістарычных падзей і характарыстыкі асоб, якімі мог падзяліцца толькі ён адзін». Як бы папярэджваючы гэтую крытыку, сам Грамыка аднойчы сказаў свайму сыну: «Калі б я напісаў усё, што ведаю, свет перавярнуўся б».
Перабудова і галоснасць прыводзілі яго ў стан шоку. Аднойчы, убачыўшы, як па тэлевізары кіраўніка дзяржавы літаральна абліваюць памыямі, Андрэй Андрэевіч не вытрымаў.
«Ён устаў, перахрысціўся і сказаў: «Дзякуй Богу, што мяне там няма», — кажа Анатоль Андрэевіч Грамыка.
Анеўрызма яго брушной аорты лопнула ў тую ноч, калі ён скончыў пісаць мемуары. Да распаду краіны, інтарэсы якой Андрэй Грамыка так доўга і шчыра абараняў, ён не дажыў два гады. Па патрабаванні сям'і, яго пахавалі на Новадзявочых могілках, а не каля Крамлёўскай сцяны. Ніхто з новых гаспадароў СССР на пахаванне патрыярха савецкай дыпламатыі так і не прыйшоў...
Анатоль СЛАНЕЎСКІ, slaneuski@zviazda.by
На жаль, ён не паспеў даць грунтоўнага інтэрв'ю, не паспеў расказаць пра ўсё, чаму быў сведкам, не паспеў падзяліцца сваімі разважаннямі. Не паспеў ці не захацеў... Бо тады, у 1989-м, калі бралася гэтае інтэрв'ю, яшчэ існавала цэнзура. Можа быць, вытрымка з невялікай гутаркі, падрыхтаванай журналістам Дзмітрыем Ціханавым, хоць часткова запоўніць гэты прабел. Мы пакідаем яе без каментарыяў. Паспрабуйце самі дапасаваць словы Андрэя Андрэевіча да падзей, якія адбываліся на працягу чвэрці стагоддзя пасля таго, як ён сказаў гэта і пайшоў ад нас.
— Андрэй Андрэевіч, якое ў вас самае моцнае ўражанне з дзяцінства?
— Калі я быў малым, пачуў неяк ад бабулі незвычайнае слова. Не памятаю, у чым я правініўся, але яна мяне прыстрашыла пальцам і сказала:
— Ах ты дэмакрат! Ну, ты ў мяне дажджэшся крапівы!
Гэта было да рэвалюцыі, пры цары, і яна, якая ведала па чутках, што «дэмакратаў» саджаюць у турму, высылаюць на катаргу, вырашыла і мяне прыстрашыць гэтым «страшным» словам.
— Вы сустракаліся практычна з усімі пасляваеннымі прэзідэнтамі ЗША. Якая сустрэча была самай незабыўнай?
— Яшчэ ў 1945 годзе на канферэнцыі ў Сан-Францыска мне давялося сустрэцца з Джонам Кенэдзі. Ён быў тады папулярным карэспандэнтам і звярнуўся да мяне з просьбай даць яму інтэрв'ю. Кенэдзі-журналіст паводзіў сябе неназойліва, пытанні ставіў у форме як бы ўласных разваг. Потым рабіў паўзу і, хутчэй, вачыма пытаўся: «Ці няма ў мяне якіх-небудзь каментарыяў па закранутых у гутарцы пытаннях?» Мне спадабалася такая манера. Кенэдзі захаваў яе і ў будучыні.
— Андропаў, калі прыйшоў да ўлады ў 1983-м, прапанаваў вам стаць не толькі міністрам замежных спраў, але і Старшынёй Прэзідыума Вярхоўнага Савета, па сутнасці, кіраўніком савецкай дзяржавы. Чаму вы тады адмовіліся?
— Таму што ведаў: Андропаву самому неўзабаве захочацца стаць старшынёй Прэзідыума. І не з прычыны асабістай ганарыстасці, а праз характар паста генеральнага сакратара ЦК КПСС. Гэта — партыйны, не дзяржаўны пост. Найбольш важныя дзяржаўныя справы, асабліва міжнародныя, рана ці позна запатрабавалі б подпісу першай асобы Савецкага Саюза.
— Лічыцца, што менавіта вы вылучылі Гарбачова на пост генсека. Гэта сапраўды так?
— Так, на сакавіцкім Пленуме ЦК я па даручэнні Палітбюро выступіў з прапановай абраць генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова і абгрунтаваў гэтую прапанову. Пленум аднагалосна прыняў станоўчае рашэнне.
— Не шкадуеце, што дапамаглі Гарбачову атрымаць гэтую пасаду?
— Не, не шкадую. Я падтрымліваў не проста Гарбачова, а вялікія перамены. Нам быў патрэбны актыўны лідар.
— Апраўдаў ён вашы надзеі?
— Не па Сеньку аказалася шапка гасударава, не па Сеньку!
— У заходніх газетах вас называлі «Містар «Не». Гэта таму, што вы так часта на перамовах ужывалі гэтае слова і не ішлі на кампраміс?
— Маё «Не» яны чулі значна радзей, чым я іх «No», бо мы вылучалі значна больш прапаноў. Мяне ў іх газетах празвалі «Містар «Не», таму што я сабой маніпуляваць не дазваляў. Савецкі Саюз — вялікая дзяржава, і нікому гэтага рабіць мы не дазволім!
— Што вы лічыце сваім самым вялікім асабістым поспехам?
— Замацаванне і непахіснасць межаў у Еўропе — гэта асноўны вынік маёй дзейнасці на пасадзе міністра замежных спраў. Думаю, што гэтыя межы захаваюцца. Вядома, з гадамі могуць адбыцца некаторыя змены. Калі еўрапейскія краіны адмовяцца ад Хельсінкскіх дамоўленасцяў, стануць іх парушаць, тады на еўрапейскай зямлі пачнуцца тэрытарыяльныя канфлікты, распадуцца старыя і складуцца новыя кааліцыі. У Еўропу зноў прыйдзе вайна.
— Ворагі ў вас былі?
— У мяне заўсёды былі два супернікі — час і невуцтва людзей, якіх уздымалі да вяршыні ўлады акалічнасці. Інтрыгі, даносы, падножкі адзін аднаму ў часткі партыйнай верхавіны былі ў пашане.
— І хто ж у Крамлі, на ваш погляд, быў асаблівым інтрыганам?
— З тых, з кім давялося працаваць, на першае месца стаўлю Вышынскага. Ён загубіў шмат людзей, але і яго жыццё паламала. Любіў сутыкаць людзей ілбамі Хрушчоў. Брэжнеў цікавасці да інтрыг не меў. Зняцце Хрушчова не было змовай, яно стала неабходнасцю, бо Мікіта Сяргеевіч страціў кантроль над сабой, стаў развальваць эканоміку краіны і партыю. Скажам, раптам, парушыўшы неабходныя працэдуры, перадаў Крым Украіне.
— У сваіх успамінах вы распавялі шмат цікавых фактаў з міжнароднага жыцця, але чамусьці зусім не закранулі ўнутранай палітыкі. Пабаяліся раскрыць дзяржаўныя сакрэты?
— Любіце вы гучныя словы, сенсацыі, а я не магу выставіць на ўсеагульны агляд тое, што многія гады захоўвалася за сямю пячаткамі. Наогул, я лічу, што эканамічная і асабліва фінансавая сіла капіталізму пераўзыходзіць нашу. Амерыканскі капіталізм аблытаў зямны шар. Супрацьстаяць гэтаму можам толькі мы, яшчэ, мабыць, Кітай, краіны, багатыя на сыравіну і моцныя ў ваенным плане.
— Які вы можаце зрабіць прагноз аб нашых узаемаадносінах з Амерыкай?
— Змяненне суадносін сіл на карысць амерыканцаў дазваляе ім зрабіць шмат хадоў. Хутчэй за ўсё, што ад нас будуць патрабаваць аднабаковага раззбраення ў абмен на міфічную дапамогу, якая ніколі не прыйдзе.
— Сёння прынята лічыць, што вяртання да мінулага ўжо няма. А вы як думаеце, ці можа ў нас зноў з'явіцца «культ асобы»?
— Мы да гэтага часу жывём ва ўмовах правадырства, хоць яно і з'явілася ў новым абліччы. З калегіяльнасцю ў кіраўніцтве справы ідуць дрэнна. Забыты старыя ўрокі, у модзе новыя настаўнікі, часцяком з Захаду.
— Які ваш асноўны жыццёвы прынцып?
— Ніколі нельга сумаваць. Фізічна людзі паміраюць, а духоўна — ніколі. Трэба верыць...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/16-3.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/Безимени-35.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/06/16-4.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-slaneuski-0