Многія праграмы разам са сваімі стваральнікамі летам адпачываюць. Тэлевізійны варыянт гульні «Размаўляем па-беларуску» — таксама. Таму да верасня ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» будуць ісці паўторы папулярнай праграмы. Але ж стваральнікі паклапаціліся пра тых, хто не збіраецца прыпыняцца ў вывучэнні беларускай мовы і падрыхтавалі арыгінальныя версіі друкаваных выпускаў. Першы з іх — сёння. Ці ведалі вы, што:
Шпацыраваць — хадзіць на свежым паветры, прагульвацца.
Пунсавець — рабіцца чырвоным (напрыклад, ад радасці).
Рымар — майстар, які шые раменную вупраж. Слова «рымар» прыйшло да нас з польскай мовы.
Сакра́мант — што-небудзь асабліва дарагое (святыня). «Алёнка хавае верш як нейкі сакрамант і нікому яго не паказвае», — чытаем у Я. Коласа. Дарэчы, слова «сакрамант» паходзіць ад лац. sacramentum — наданне святасці.
Пошчак — пералівісты дрыжачы гук, трэль.
Шарачок — грубая фарбаваная саматканая тканіна. «Андрэй пачаў усцягваць на сябе вопратку, пашытую з шарачку», — пісаў Кузьма Чорны.
На поўны голас — вельмі моцна, гучна гаварыць, спяваць. На поўную сілу, на ўвесь свет — яшчэ скажуць беларусы. Па-руску — на всё горло.
Рот не закрываецца. Так скажуць пра таго, хто любіць многа гаварыць, спяваць. Беларускія сінонімы — язык без касцей, язык меле. Рускі — слабый на язык.
Нагадаем: каб стаць удзельнікамі тэлепраграмы, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Паўторы выпускаў тэлевіктарыны — у эфіры «Беларусь 3» кожную суботу ў 11.10—11.25.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-astashkevich
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] mailto:astashkevich@zviazda.by