Найбольш цікавымі падаюцца тыя тэмы, якія знаходзяць цябе самі. Прычым не ў рэдакцыі, а дзесьці ў «палях» — вандроўках, гутарках з іншымі людзьмі, назіраннях за тым, што адбываецца навокал. Такі збег фактаў, выпадковых, але даволі заканамерных, выбудоўваецца ў ланцужок і прымушае звярнуць на сябе ўвагу... Так сталася і з мастаком Міхасём Сеўрукам.
Упершыню я даведалася пра яго ад мастака Уладзіміра Крукоўскага, які актыўна займаецца папулярызацыяй памяці і творчасці гэтага майстра, якога асабіста ведаў. Ён прынёс да нас у рэдакцыю прыжыццёвыя, ненадрукаваныя ўспаміны Сеўрука, аднак яны яшчэ чакалі свайго часу...
Другі раз завочнае «знаёмства» з мастаком адбылося ў Нясвіжскім райвыканкаме, дзе мне падарылі альбом жывапісу і графікі гэтага творцы. Мастацтва Сеўрука адразу ўразіла сваёй прастатой, насычанасцю, спакойнай колеравай гамай, блізкімі і зразумелымі сюжэтнымі кампазіцыямі.
А ў наступны прыезд у Нясвіж, ужо ўволю нашпацыраваўшыся па замку і па парку, я ўбачыла інфармацыйны паказальнік, на якім паведамлялася, што ў Нясвіжы ёсць сядзіба-музей Сеўрука. Не зайсці туды было б проста нелагічна!
Прывабіла і сама наяўнасць кватэры-музея — не так часта іх можна знайсці ў беларускіх гарадах. Але ж менавіта такія месцы дазваляюць не толькі найлепш азнаёміцца з працамі пэўнага творцы, але і зразумець яго дух, адчуць атмасферу, у якой ён ствараў.
Музей размяшчаецца ў тым месцы, дзе калісьці жыў мастак, па адрасе Садовая, 38. Як расказала старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Шкрабіна, ён быў адкрыты 9 ліпеня 1996 года. Напачатку гэта быў толькі невялічкі пакойчык, у якім размяшчалася экспазіцыя, прысвечаная знакамітаму ўраджэнцу гэтай зямлі. Побач знаходзілася службовая кватэра, аднак пазней яе скасавалі, а новую плошчу — таксама музеефікавалі. Атрымалася 3 пакоі і калідор — менавіта ў гэтай частцы дома мастак жыў разам са сваёй жонкай.
[caption id="attachment_91504" align="alignnone" width="600"] [5] Галоўнае, што засталося, — мастацкая спадчына творцы.[/caption]
Частка мэблі, што стаіць тут, менавіта тая, якой карыстаўся мастак: камода, крэсла, гадзіннік. Жыла пара Сеўрукаў досыць сціпла, таму асаблівай раскошы яны сабе не дазвалялі.
Аднак галоўнае тое, што захавалася мастацкая спадчына творцы. Уся калекцыя цяпер налічвае 1239 адзінак. У яе ўваходзяць яго кнігі, асабістыя рэчы (напрыклад, пэндзлі, мальберты) і каля 1000 прац — жывапісных, графічных работ, афортаў.
Асноўная частка карцін была перададзена сюды пасля смерці жонкі Міхася Сеўрука (дзяцей яны не мелі). У сваім тэстаменце яна напісала, што ўсе працы мастака перадае Нясвіжскаму гісторыка-краязнаўчаму музею. Праўда, на той час музей яшчэ не працаваў — усе фонды збіраліся ў Нясвіжскім райвыканкаме.
Некаторыя экспанаты для кватэры-музея давялося шукаць у раёне. Дзесьці карцінамі мастака ўпрыгожвалі фае мясцовых устаноў культуры. Партрэт маці прынесла суседка. Паступова ўдалося сабраць інструменты, якімі працаваў майстар, яго альбомы.
[caption id="attachment_91505" align="alignnone" width="600"] [6] Асабістыя рэчы мастака ў экспазіцыі[/caption]
Частку карцін пасля смерці мужа яго жонка прадавала, бо ўжо не магла працаваць. Набывалі іх найчасцей Нацыянальны мастацкі музей, розныя галерэі, таму гэтыя карціны таксама не страчаны і сёння даступны для прагляду.
Пэўны парадокс ёсць у тым, што пры сваім жыцці Міхаіл Сеўрук так і не атрымаў прызнання. Ніводнай сваёй персанальнай выставы ён не паспеў убачыць. Чаму вядомасць прыйшла так запознена? Вольга Шкрабіна мае сваё меркаванне:
— Гэта быў вельмі сціплы чалавек. Мажліва, хваляваўся з прычыны таго, што перажыў тут акупацыю. Сеўрук быў дастаткова правінцыйным мастаком, жыў у Нясвіжы. А цэнтр жыцця, зразумела, віраваў у Мінску. Да таго ж асноўнымі мастацкімі школамі тады былі маскоўская і ленінградская. А ён скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя — гэта мастацкая школа была не горшай і не лепшай, але зусім іншай... Мастакі-сябры пастаянна падтрымлівалі яго, казалі, што ён ужо саспеў для паўнавартаснай выставы. Аднак майстар усё адмаўляўся, казаў, што яшчэ трэба нешта дарабіць... Але жыццё знянацку абарвалася.
Першая персанальная выстава Міхаіла Сеўрука адбылася праз год пасля яго смерці — яе зладзілі сябры мемарыяльнай камісіі Саюза мастакоў БССР. А 100-годдзе з дня нараджэння мастака, у 2005-м, адзначалася вялікай выставай у Нацыянальным мастацкім музеі. Ужо 7 гадоў мастацкі пленэр, што праводзіцца Нясвіжскім райвыканкамам, носіць імя Сеўрука...
Вольга Шкрабіна адзначае, што ён не толькі сам быў вельмі добрым мастаком, графікам, але і выхаваў выдатных вучняў, заслужаных дзеячаў мастацтва — Яўгена Дана, Льва Гумілеўскага. Апошні, дарэчы, сёлета, да 27 лютага, калі адзначалася 110-годдзе з дня нараджэння Сеўрука, разам са сваім сынам зрабіў барэльеф творцы, які ўсталяваны на яго магіле, што знаходзіцца на гарадскіх могілках у Нясвіжы.
Карціны мастака, што вісяць у яго кватэры-музеі, вабяць сваёй беларускасцю — пяшчотнай някідкасцю, стрыманасцю выразных колераў і ліній. На яго працах можна ўбачыць стары Нясвіж — тую ж вуліцу Садовую, якая цяпер выглядае ўжо зусім іначай.
У свае фарбы ён дабаўляў шмат цынку, што рабіла колеравую гаму прыглушанай, спакойнай. Любіў маляваць не толькі пейзажы, вольнае неба, але і людзей працы — у гэтым яго карціны часам блізкія да савецкага рэалізму.
...Для мяне асабіста любая кватэра-музей — гэта месца таямніцы. Бо ў ёй можна дакрануцца да ўнутранага, доўгі час схаванага ад старонніх людзей свету. І гэтая кватэра — не выключэнне. Быццам бачыш, як вяртаецца з саду майстар, як становіцца за мальберт і пачынае маляваць.
З супрацоўніцамі музея мы гутарылі і пра тое, што было б добра, каб госці, нагуляўшыся па Нясвіжскім замку, завітвалі і ў дом Сеўрука. Аднак турыстычны ручаёк пакуль да музея не дацякае.
Калісьці жонка мастака заўсёды частавала гасцей гарбатай. Чаму б і сёння не прапанаваць наведвальнікам такую паслугу — добрую гарбату з зёлак. Каб яшчэ лепш адчулі, як жыў мастак, каб затрымаліся ў яго доме даўжэй...
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
Фота аўтара.
Нясвіжскі раён.
Успаміны Міхася Сеўрука дагэтуль не апублікаваныя. Дзе знаходзіцца арыгінал іх рукапісу – невядома. Але ў “Звязду”, дзякуючы мастаку Уладзіміру Крукоўскаму, трапіла копія, зробленая трыццаць пяць гадоў назад. Фрагмент, які тычыцца навучання Сеўрука ў Вільні, мы і прапануем вашай увазе. Друкуецца ўпершыню.
«Вільня 1920 — 1930-х гадоў — гэта горад поўны рамантызму, горад барока, 39 касцёлаў, са старым універсітэтам, са студэнтамі, што дыскутуюць, хвалююцца і пратэстуюць, культурны цэнтр, размешчаны паміж гор, з якіх ва ўсе бакі раскрываецца цудоўная панарама горада. Лініі барочных сілуэтаў і карнізаў дакладна ўразаюцца ў неба, вуліцы то расшыраюцца, то звужаюцца, а ў вячэрнім смарагдавым небе гараць, як каштоўныя камяні, зоркі, паветра напоўнена музыкай, якая даносіцца з дзвярэй маленькіх бараў. Гэта горад-казка, гэта горад, у якім чалавеку добра, нічога не цісне, прапорцыі будынкаў да цела чалавека вельмі ўдала вытрыманы, і таму ў горадзе ўтульна.
Вось у такі горад я прыехаў маладым і быў зачараваны ім і гэтай атмасферай. Наш факультэт размяшчаўся ў сценах старога бернардзінскага манастыра і выходзіў да былога бернардзінскага парку, дзе цякла шумная, неспакойная рачулка Віленка...
Наш факультэт быў асаблівым, усе нацыянальнасці адчувалі сябе цалкам раўнапраўнымі. Я асабіста не меў польскага грамадзянства і запісваўся беларусам, аднак мяне прынялі, але, зразумела, пасля яго завяршэння не мог ні ўладкавацца на дзяржаўную працу, ні выехаць за мяжу...
Сярод любімых выкладчыкаў быў Аляксандр Штурман — асістэнт прафесара Рушчыца, ён вёў яго майстэрню пейзажа і мёртвых натур. Гэта быў чалавек вельмі высокай культуры, які бязмежна любіў мастацтва. Ён аб'ехаў усю Еўропу, кожны год летам ехаў у Італію ці якую іншую краіну, адкуль прывозіў шмат новых прац. Заўвагі рабіў вельмі асцярожна, каб не пакрыўдзіць вучня і заўсёды казаў: «Я думаю так, а Вы?» Пісалі мы пейзажы ва ўсіх кутках горада, і ён усюды знаходзіў нас. Любоў да мастацтва і адносіны да моладзі давалі яму жыццёвую энергію і мэту яго жыцця.
Фердынанд Рушчыц быў высокага росту, добрага целаскладу, прадстаўнічы і прыгожы. Пра тое, што ён лічыў сябе беларусам — ніхто не падымаў такога пытання — і было меркаванне, што ён паляк. Ён ставіўся да ўсіх аднолькава, у нас ніколі не было розніцы паміж палякам, беларусам або яўрэем. У Рушчыца быў моцны трубны голас, і калі ён уваходзіў у калідоры першага паверха, на трэцім мы ўжо чулі, што ідзе Рушчыц...
Калі я прывёз з канікулаў досыць шмат эцюдаў, пейзажнага характару, то зрабілі выставу маіх прац на калідоры. Глядзеў яе Рушчыц і зрабіў заўвагі адносна аднаго пейзажа, на якім былі намаляваны пералескі. Ён сказаў: «Пейзаж ёсць, але не пахне зайцам. Вы мяне разумееце?» І тады паціснуў мне руку і сказаў, што спадзяецца, што з мяне будзе добры пейзажыст. Ён патрабаваў ад нас поўнай аддачы і захаплення. Уласна кажучы, Рушчыц не вучыў нас рамяству, яго ўжо трэба было мець. Ён вучыў нас мове, культуры мастака. Трэба было падумаць над тым, што ён казаў, і гэта натхняла нас на пошук дарогі. На ўсё жыццё запомніліся яго выказванні пра задачы і мэты мастацтва.
У майстэрні Людаміра Слендзінскага быў асаблівы парадак, цішыня і працоўная атмасфера. Ён заходзіў у майстэрню хутка, добра апрануты, малога росту, у акулярах. Падыходзіў да студэнта, вітаўся за руку, а тады пачынаў карэктаваць. Гаварыў досыць хутка, грунтоўна, зразумела, папраўкі маляваў асобна, на краі паперы. Ніколі не рабіў на малюнку вучня, і нам гэта падабалася, ніколі не псаваў малюнка, і гэтым не крыўдзіў пачуццяў вучняў. І, калі адыдзе, заўсёды скажа пару суцяшальных словаў: «Увогуле, нядрэнна, працягвайце». Гэта быў чалавек вялікай эрудыцыі, які аб'ехаў многія краіны, выстаўляўся ва ўсіх краінах свету, неверагодна працаздольны, жывапісец і скульптар, на нашых студэнцкіх вечарынах незаменны суразмоўца, кемлівы і вясёлы.
Увогуле, наш факультэт быў нашым другім домам. Гэтыя дзівосныя стасункі прафесараў і студэнтаў, і нават вартаўнікоў, якія пускалі нас у любы час у майстэрню, у свята, дзе мы маглі свабодна працаваць...
У карцінах і гравюрах я мала карыстаўся натурай, толькі правяраў па натуры. Натура, я ўпэўніўся, адразу забівае кампазіцыю, астываеш ад кампазіцыі, прыгожая лінія губляецца і атрымліваецца зусім не тое, што ты задумваў...»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/14-10.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/14-9.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/14-11.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/14-12.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt
[9] https://zviazda.by/be/tags/nyasvizh
[10] https://zviazda.by/be/tags/mihas-seuruk
[11] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-krukouski