Залацістыя наплечныя знакі з трыма вялікімі зоркамі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны атрымалі праваахоўнікі з усіх рэгіёнаў краіны. Цяпер ужо палкоўніка Аляксандра Прахарэнку, намесніка начальніка Цэнтральнага РУУС сталіцы (на фота), прыйшлі падтрымаць жонка Алеся і маленькая дачка Елізавета.
— Мы вельмі спадзяваліся, што Саша стане палкоўнікам, — прызнаецца жанчына. — Разам з тым, пэўная доля адказнасці ўскладаецца і на сям'ю. Акрамя гонару, мы адчуваем, што ў нашага таты цяпер будуць новыя турботы. Будзем падзяляць усё разам з ім.
— А дачка ўжо ведае, што яе тата міліцыянер?
— Безумоўна, і яна ўсім расказвае пра гэта. А цяпер яшчэ кажа, што яе бацька палкоўнік. Ліза, хто твой тата? — нахіляецца да дачкі маці.
— Мой тата Паў-коў-нік! — з усмешкай кажа дзяўчынка і праз некалькі секунд адбягае фатаграфавацца разам з бацькам.
А вось Сяргей Волкаў прыехаў на ўрачыстасць з Магілёва.
— Пагоны, якія прысвоены паводле ўказа Прэзідэнта, уручаў міністр, а таму яшчэ да пачатку мерапрыемства было хвалююча, — кажа намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Волкаў. — Аднак, калі трапіў у гэты музей, адчуў яго гістарычнасць, пачуцці нахлынулі яшчэ больш...
— Падобнае званне атрымлівае далёка не кожны міліцыянер. Гонар за сябе адчуваеце?
— Для таго, каб навучыцца абараняць і паважаць іншых, трэба найперш навучыцца паважаць сябе. Безумоўна, гонар, самапавага прысутнічае, але падобнае пачуццё мяжуе з яшчэ большай адказнасцю за свой калектыў, за сябе, за сям'ю, за сваю краіну.
— Для большасці нашых супрацоўнікаў званне палкоўніка міліцыі — фінішнае, — кажа міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч. — Яно гістарычна самае важнае. І кожны, хто атрымлівае яго, адчувае большую адказнасць, на маю думку, становіцца нават больш зграбным. Пры гэтым само яно мудрасці і розуму не дабаўляе, аднак да многага абавязвае. І ў тым ліку да таго, каб навука кіравання стала асновай будучай службы, каб чалавек і яго акружэнне разумелі, што ён палкоўнік міліцыі.
Тарас ШЧЫРЫ
taras@zviazda.by
Фота Аляксандра Шаблюка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shablyuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/taras-shchyry
[3] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/16-33.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta