Зоя Падліпская — вопытны педагог і арганізатар у галіне беларускамоўных масмедыя. Доўгі час яна ўзначальвае рэдакцыю часопіса «Роднае слова». З галоўным рэдактарам гэтага аўтарытэтнага ў настаўніцкім асяродку выдання і сустрэўся наш карэспандэнт.
— Зоя Іванаўна, і ўсё ж для каго часопіс «Роднае слова» — для каго ён болей: для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры ці яго аўдыторыя бачыцца вам крыху шырэйшай?
— Ведаеце, часопіс «Роднае слова» па-свойму ўнікальны. Гэта адзінае ў нашай краіне такога кшталту гуманітарна-асветніцкае выданне. Нездарма самі настаўнікі называюць «Роднае слова» своеасаблівай энцыклапедыяй. Ён выдаецца на 96 старонках і складаецца з пяці раздзелаў: «Літаратура і час», «Мовы рысы непаўторныя», «Методыка і вопыт», «Калі закончыўся ўрок», «Нацыянальная і сусветная культура».
На старонках часопіса дзеляцца досведам найлепшыя педагогі краіны. Шмат тут публікацый па методыцы выкладання беларускай мовы і літаратуры, сярод якіх планы-канспекты ўрокаў, метадычны і дыдактычны матэрыял для правядзення заняткаў, заданні для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання, рэспубліканскіх алімпіяд... Таму, без сумненняў, наш часопіс, як і навукова-метадычны часопіс «Беларуская мова і літаратура», проста неабходныя настаўніку.
Аднак аўдыторыя часопіса «Роднае слова» значна шырэйшая. У нашым навуковым і метадычным выданні праз публікацыі гуманітарна-асветніцкага напрамку, якія арыентаваныя на набыткі нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі, адлюстроўваюцца найлепшыя дасягненні сучаснай навукі ў галінах філалогіі, педагогікі, культуралогіі і мастацтвазнаўства. І не толькі айчыннай навукі. Сярод нашых аўтараў вучоныя Расіі, Украіны, Казахстана. Ёсць маладыя даследчыкі з Кітая і іншых краін замежжа.
— Размова, відаць, найперш пра аспірантаў з іншых краін, якія вучацца ў Беларусі?..
— Так. Паколькі часопіс «Роднае слова» ўключаны ў Пералік навуковых выданняў Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь для друкавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па філалагічных навуках, мастацтвазнаўстве, культуралогіі, педагагічных навуках (тэорыя і методыка навучання беларускай мове і літаратуры), то, зразумела, пэўная частка часопіснай плошчы адводзіцца на артыкулы, што сталі апрабацыяй кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па названых кірунках. Па сутнасці, мы спрыяем фарміраванню навуковай эліты краіны і некаторых краін замежжа, аспіранты якіх цесна супрацоўнічаюць з нашым выданнем.
— Сёння столькі размоў пра сыход папяровых медыйных праектаў... А вось наколькі часопісы такога спецыялізаванага характару, як «Роднае слова», здаюцца вам доўгажыхарамі?
— Сапраўды, наша імклівае ХХІ стагоддзе дыктуе свае правілы. Мы таксама зацікаўлены ў пашырэнні чытацкай аўдыторыі, што немагчыма без электроннага фармату часопіса. Таму кожны нумар «Роднага слова» ў электронным выглядзе мы перадаем у фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аднак гаварыць пра адмову ад папяровага выдання цалкам нам пакуль што не даводзіцца. І на гэта ёсць свае прычыны. Пры абароне дысертацый ВАК патрабуе пэўную колькасць публікацый менавіта на папяровым носьбіце, а як вы ведаеце, сярод нашых аўтараў шмат аспірантаў і дактарантаў. Таму, думаецца, такім спецыялізаваным часопісам, як «Роднае слова», наканавана жыць доўга менавіта ў папяровым выглядзе яшчэ і па названай прычыне.
Пакуль што мы не можам адмовіцца ад папяровага варыянту і з-за адсутнасці бюджэтнага фінансавання. Са студзеня 2010 года часопіс не атрымлівае субсідый. Хоць, на маю думку, такім спецыялізаваным выданням, як наша, дзяржаўная фінансавая падтрымка проста неабходная. «Роднае слова» — гэта візітная картка нашай краіны ў навуковым свеце. І мы, супрацоўнікі рэдакцыі, і нашы аўтары гэта выдатна разумеем. Таму, нягледзячы на пэўныя цяжкасці, мы ў прамым сэнсе служым роднаму слову і клапоцімся не толькі пра захаванне, але і пра развіццё навуковага і метадычнага беларускамоўнага часопіса, які годна прадстаўляе навуковыя напрацоўкі вучоных краіны вось ужо амаль тры дзесяцігоддзі.
— Навука, відаць, і ў мовазнаўстве, літаратуразнаўстве развіваецца за кошт навацый — і імёнаў новых, і адкрыццяў пэўных... Мы ведаем апосталаў мовазнаўства — Марыю Жыдовіч, Фёдара Янкоўскага, Алеся Каўруса, Міхася Цікоцкага, Лявона Падгайскага... А сёння хто «заканадаўцы», прадаўжальнікі традыцый?.. Ці ёсць цікавая моладзь сярод аўтараў часопіса?
— Наш часопіс пастаянна змяшчае публікацыі многіх вядомых вучоных-суайчыннікаў. Светлая памяць тым, каго цяпер няма сярод нас і хто на працягу дзесяцігоддзяў супрацоўнічаў з нашым выданнем. Мы жадаем моцы і творчых поспехаў усім сваім аўтарам, хто працягвае разам з намі шлях служэння беларускаму слову. Нашы шаноўныя аўтары — вядомыя навукоўцы краіны — філолагі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, вопытныя педагогі, настаўнікі роднай мовы і літаратуры.
Амаль два дзесяцігоддзі з намі актыўна супрацоўнічае Алесь Каўрус, артыкулы якога змешчаны за гэты час ажно ў 105 нумарах часопіса «Роднае слова». Нашым чытачам добра вядомы імёны сталых аўтараў часопіса, беларускіх вучоных-мовазнаўцаў Паўла Сцяцко, Аляксандра Лукашанца, Віктара Іўчанкава, Мікалая Прыгодзіча, Васіля Рагаўцова, Ніны Гаўрош, Дзмітрыя Паўлаўца, Юрыя Бабіча, Алены Багамолавай, у галіне літаратуры — Уладзіміра Гніламёдава, Алеся Бельскага, Эмануіла Ёфе, Галіны Адамовіч, Міколы Труса, Віктара Жыбуля, у культуралогіі — Тамары Габрусь, Людмілы Налівайкі, Яўгена Шунейкі, Ганны Барвенавай. Карыстаючыся магчымасцю, выказваю шчырыя словы ўдзячнасці кожнаму з нашых шматлікіх шаноўных аўтараў — вучоных з усіх рэгіёнаў краіны.
Асобна хачу сказаць пра цеснае супрацоўніцтва з часопісам «Роднае слова» выкладчыкаў кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. На чале з загадчыкам кафедры Дзмітрыем Дзятко вучоныя Павел Міхайлаў, Ніна Нямковіч, Марына Ржавуцкая, Святлана Мароз, Таццяна Старасценка і Наталля Лобань толькі на працягу мінулага года падрыхтавалі для нашых чытачоў 35 артыкулаў! Так што маладым аўтарам часопіса ёсць з каго браць прыклад. У выданні працуе рубрыка «Малады даследчык прапануе», дзе мы змяшчаем матэрыялы аспірантаў і даследчыкаў. Верым, што яны абавязкова скажуць сваё важкае слова ў беларускай навуцы.
— Якім вам бачыцца «Роднае слова» праз год-два?
— Сёння часопіс «Роднае слова» добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. І гэтаму спрыяе таксама яшчэ адзін з напрамкаў працы рэдакцыі — выданне кніг. Мы маем ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць. Можам выдаваць навуковую, навукова-папулярную, вучэбную, мастацкую літаратуру, літаратуру для вольнага часу. Праўда, пакуль мы можам гэта рабіць толькі за ўласныя сродкі аўтараў. Тым не менш на нашым рахунку ўжо кнігі вядомых беларускіх вучоных і пісьменнікаў Алеся Бельскага, Міколы Труса, Анатоля Статкевіча-Чабаганава і інш. Немалая частка кніг серыі «Я — сын Ваш» беларускага пісьменніка і даследчыка, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2012 года Анатоля Статкевіча-Чабаганава перададзена аўтарам у фонды Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, праз якую выданні трапілі ў кожную раённую бібліятэку краіны, у бібліятэкі Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Англіі, ЗША... Такім чынам беларусы і даследчыкі замежжа змаглі далучыцца да гісторыі беларускага народа, а ў нашага часопіса з'явілася яшчэ больш прыхільнікаў.
Думаю, што і ў далейшым часопіс захавае свае найлепшыя традыцыі, а ўстанова прадоўжыць працу па выдавецкай дзейнасці. Калі дазволяць сродкі, то зможам выдаваць і электронны дадатак. Увогуле планаў шмат.
— І ўсё ж якога вы хацелі б мець чытача?
— Як паказвае аналіз падпіскі, наш чытач — элітарны. І гэта не толькі настаўнік, навуковец ці малады даследчык. З задавальненнем адзначу, што сярод падпісчыкаў сустракаюцца і прадстаўнікі розных прафесій, якіх цікавяць культура і мова нашага народа, яго гістарычнае мінулае. Чытачы «Роднага слова» маюць магчымасць пазнаёміцца з архіўнымі матэрыяламі, якія ўпершыню бачаць свет у нашым выданні, а таксама з крытычнымі артыкуламі, прысвечанымі творчасці як пісьменнікаў-класікаў, так і сучаснікаў...
Ёсць такія агульнаадукацыйныя ўстановы і індывідуальныя падпісчыкі, якія разам з нашым выданнем каля трох дзясяткаў гадоў, з дня заснавання часопіса!
Таму, думаецца, з гадамі чытацкая аўдыторыя «Роднага слова» толькі пашырыцца. А сённяшнім чытачам — шчырыя словы ўдзячнасці за вернасць і адданасць нашаму часопісу. Толькі разам мы зможам і надалей клапаціцца пра наша роднае беларускае слова!
Гутарыў Максім РАЎНАПОЛЬСКІ
Фота Наталлі АЛЯКСАНДРАВАЙ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/idei-i-lyudzi
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/07/21-36.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/maksim-raunapolski