Менавіта там, каля шлюза «Дамброўка», упершыню прайшоў чэмпіянат па плаванні «на чым заўгодна» і спаборніцтвы па «балотным футболе».
Па канале праплылі самаробныя караблі «Медыцынскі пункт» (у выкананні Гродзенскай гарадской клінічнай бальніцы №2), «Лятучы галандзец» («Гроднааблаўтатранс»). Каманда Мастоўскага райвыканкама спусціла на ваду «судна» пад назвай «Прывітанне з дзяцінства» ў выглядзе карабліка з газеты, Наваградская ЖКГ назвала сваё «судна» «Капітан Врунгель». У арыгінальнасці і «плывучасці» з імі спаборнічаў «Чырвоны бык» Гродзенскага мясакамбіната. У незвычайным заплыве ўдзельнічалі і Чапаеў, і пірацкі карабель, і нават воўк з «Ну, пачакай!». А жыхар Гродна Андрэй Іўлеў, які захапляецца рэстаўрацыяй ваеннай тэхнікі, выпрабаваў плавальныя ўласцівасці адноўленага ім аўтамабіля-амфібіі — транспарцёра на базе рухавіка аўтамабіля «Запарожац», які выпускаўся ў 1950-60-я гады. Агулам ад старту да фінішу праплылі 24 унікальныя плаўсродкі, што прадстаўлялі ўсе раёны Гродзеншчыны.
У выніку падарункі і граматы атрымалі ўсе ўдзельнікі. Гран-пры конкурсу ўзяла каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама. За «Лятучую тачанку» з Чапаевым, Анкай і нават канём удзельнікі атрымалі прыз — 5 млн рублёў.
У той жа дзень на канале прайшлі спаборніцтвы па «балотным футболе», у якім прынялі ўдзел 20 мужчынскіх і 4 жаночыя каманды. Арганізатары прызналіся, што, каб стварыць гразевае футбольнае поле, лужок на беразе канала разаралі трактарам і залілі вадой. Найгорш даводзілася варатарам, бо яны часцей літаральна з галавой аказваліся ў гразі. Але і прыз быў большы — 10 млн за першае месца.
Надзея ПАЎЛАВА
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[2] https://zviazda.by/be/adpachynak
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/25-43.jpg
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/25-45.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-paulava