«Абвяшчэнне і ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці» — тэма ўрока ў 10-м «А» класе 199-й мінскай школы. Старшакласнікі спрабуюць разабрацца, чаму ў 1917 годзе збіраўся першы ўсебеларускі з'езд, з якіх прычын ён быў распушчаны, чаму беларусы не скарысталіся правам на самавызначэнне і якая ідэя для бальшавікоў была важнейшай за суверэнітэт Беларусі... Пошукам адказаў, як сапраўдны дырыжор, кіруе настаўнік гісторыі Яўген СІТКО, але ж свой пункт погляду не навязвае. Фармальна Яўген Аляксандравіч з'яўляецца маладым спецыялістам, але ў яго багажы ўжо ёсць перамога ў гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі — 2015» у намінацыі «Настаўнік, які валодае інфармацыяй» і намінацыі «Мы — маладыя!». Мінскім гарадскім Саветам дэпутатаў ён быў прызнаны найлепшым маладым спецыялістам у сферы адукацыі. Удастоены ганаровага звання «Мінскі майстар», заснаванага Мінскім гарадскім аб'яднаннем прафсаюзаў. [4] — Шчыра кажучы, на конкурс трапіў выпадкова: у мяне не было мэты даказваць штосьці сабе ці іншым, проста вельмі не хацелася займацца такім руцінным абавязкам, як усенавуч, — прызнаецца педагог. — Мяркую, настаўнікі мяне зразумеюць. А дырэктар школы прапанавала ў якасці альтэрнатывы паўдзельнічаць у конкурсе. Я прыкінуў: падрыхтаваць эсэ — гэта адзін вечар, конкурсны ўрок — два дні. І я... вольны чалавек! Калі б толькі ведаў, што чакае наперадзе (смяецца)... Розныя конкурсныя выпрабаванні расцягнуліся ажно на паўгода, я прэзентаваў карту свайго асобаснага і прафесійнага развіцця, правёў не адзін урок (і ўсё гэта паралельна з навучаннем у магістратуры). Дарэчы, Яўген яшчэ з другога курса пачаў весці ў 199-й мінскай школе гурток «Дэбаты». (Між іншым, у 2009 годзе ён сам яе скончыў.) Гурток быў разлічаны на старшакласнікаў, таму розніца ва ўзросце паміж педагогам і яго выхаванцамі была мінімальная. Але гэта быў і своеасаблівы экзамен: ці ўдасца заваяваць іх увагу, захапіць тым, што цікава табе? Затое на чацвёртым курсе студэнту ўжо прапанавалі ўзяць у школе гадзіны па гісторыі. [5] Лідар факультэта Цікава, што на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта будучы настаўнік трапіў адначасова і заканамерна, і выпадкова. Любоў да гісторыі перадалася яму ад бацькі і дзеда. Але першапачаткова ён думаў вывучаць паліталогію на юрыдычным факультэце БДУ, хоць і ўдзельнічаў у рэспубліканскай алімпіядзе па гісторыі. Два гады запар станавіўся прызёрам на рэспубліканскім этапе (заваёўваў дыпломы ІІ ступені). Рашэнне было прынята літаральна за два месяцы да паступлення. Тым больш, што на гістарычным факультэце таксама можна было спецыялізавацца ў паліталогіі. — Калі задумаўся, што мне бліжэйшае — права ці гісторыя, прыйшоў да высновы, што гісторыя мяне цікавіць больш, — расказвае малады настаўнік. — Я сам вучыўся ў класе грамадска-гуманітарнага профілю, і мае настаўнікі мне казалі, што гістарычная адукацыя — добры фундамент у жыцці. Цяпер я з імі цалкам згодны. Разумею, што лепшага падмурку, чым класічныя дысцыпліны, для далейшай адукацыі няма. З 19 прызёраў рэспубліканскай алімпіяды на гістарычны факультэт БДУ пайшлі 15 чалавек. Але Яўген не згубіўся і сярод найлепшых. Набор розных яго дасягненняў ператварыўся ў званне «Лідар факультэта», якое ён атрымаў пасля заканчэння вучобы разам з дыпломам з адзнакай (быў адным з двух такіх студэнтаў). [6] Рост па-за зонай камфорту Першы свой урок у якасці настаўніка Яўген Аляксандравіч прыгадвае з усмешкай. Прызнаецца, што рыхтаваўся да яго вельмі доўга, але паспеў ажыццявіць, у найлепшым выпадку, 30-35% ад запланаванага. — Не магу прыгадаць ніводнага ўрока, які прайшоў бы ад пачатку і да канца ідэальна, таму што ёсць маё ўяўленне аб уроку і нейкая рэальная сітуацыя. Напрыклад, калі ўрок стаіць у раскладзе першым, многае залежыць ад таго, ці выспаліся мае вучні, ці гатовы яны да дыскусіі. Калі гісторыі папярэднічаў урок фізкультуры, тут таксама ёсць свае нюансы, якія даводзіцца ўлічваць. Таму добра, калі настаўнік заўсёды мае план «Б»: тады ён можа хутка пераарыентавацца і скарыстацца запасным варыянтам. Няхай сітуацыя часцей выходзіць з-пад кантролю, тады мы будзем расці, бо рост адбываецца не ў зоне камфорту, — дзеліцца сваімі сакрэтамі Яўген Аляксандравіч. Малады педагог кажа, што фразу «Я не ведаю» павінен навучыцца гаварыць кожны настаўнік. У гэтым няма нічога ганебнага, і аўтарытэт ад гэтага не пацерпіць: — Самы галоўны ўрок я атрымаў яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце. У мяне быў выкладчык, прафесар, які, памыляючыся, заўсёды казаў студэнтам: «Прабачце...» Калі вядучы вучоны ў сваёй галіне прасіў прабачэння ў трэцякурснікаў, ён такім чынам паказваў прыклад нам — будучым педагогам. З тых часоў і я заўсёды прашу прабачэння ў сваіх вучняў, калі на тое ёсць падставы. Настаўнік не можа ведаць усё. Вось толькі што на перапынку да мяне падыходзіў вучань, які цікавіцца сучаснымі арабскімі краінамі і рухам «Талібан». Я пісаў па гэтай тэме дыплом і магістарскую дысертацыю, але не ва ўсіх сітуацыях арабскіх краін я добра разбіраюся. Таму падказваю, дзе можна знайсці інфармацыю. Гэта прамы абавязак настаўніка — матываваць, падказваць і кіраваць пошукам, каб сэканоміць час навучэнца. [caption id="attachment_103862" align="alignnone" width="600"] [7] «Фразу «Я не ведаю» павінен навучыцца гаварыць кожны настаўнік», — лічыць Яўген СІТКО (на фота злева).[/caption] Дэфіцыт мужчынскага выхавання Да педагога-мужчыны ў школе прыкавана ўсеагульная ўвага (і вучняў, і бацькоў, і калег) з прычыны яго «эксклюзіўнасці». Калі казаць пра 199-ю школу, то ў педагагічным калектыве, які налічвае 112 чалавек, мужчын усяго чацвёра. — Акрамя мяне, у школе працуюць яшчэ два настаўнікі фізічнай культуры і настаўнік інфарматыкі, — расказвае Яўген Аляксандравіч. — Дзесяцікласнікам, так бы мовіць, пашанцавала — у іх выкладаюць ажно тры педагогі-мужчыны. Але адсутнасць мужчын у школе і пераважна жаночая мадэль выхавання ў грамадстве — сур'ёзная праблема, якую трэба вырашаць на дзяржаўным узроўні. У нас шмат няпоўных і праблемных сем'яў. Менавіта бацька павінен выхоўваць у дзіцяці такія якасці, як адказнасць за прыняцце рашэнняў, за свае ўчынкі і словы, але рабіць гэта няма каму. Разумею, што для многіх сваіх вучняў я — адзіная мадэль мужчынскіх паводзінаў. Магчыма, адзіны чалавек, які можа іх навучыць распараджацца ўласным часам і ўласнымі фінансамі... Для мяне вялікі гонар, што вучні давяраюць мне свае сакрэты. У мяне ёсць мэта: я хачу, каб кожны дзесяцікласнік да заканчэння навучальнага года ведаў, кім ён жадае стаць і куды будзе паступаць. Спрабую даваць некаторым з іх індывідуальныя заданні, якія дапамогуць выявіць тыя ці іншыя схільнасці. Напрыклад, у мяне ёсць вучань, які піша самыя крэатыўныя творчыя работы. Прапанаваў яму да канца чвэрці падрыхтаваць пяць варыянтаў рэкламы школьнай парты. Магчыма, рэклама — тая сфера, дзе ён зможа найбольш поўна рэалізавацца... Знайсці той самы «падыход»... — Прызнаюся, што першымі моцнымі расчараваннямі сталі для мяне першы заробак (мяркую, што пра гэта вам скажуць усе маладыя педагогі) і ўсведамленне таго, што твае веды патрэбны не ўсім, — канстатуе Яўген Аляксандравіч. — Але потым прыйшло разуменне: ну, не ўсім жа быць гісторыкамі. Аднаму вучню патрабуецца базавы ўзровень ведаў, а хтосьці хоча ў гэты прадмет паглыбіцца. Мая задача — знайсці падыход да кожнага, зразумець яго патэнцыял і патрэбы. Нават калі вучань прыйшоў на ўрок непадрыхтаваны, трэба спачатку разабрацца: магчыма, у яго былі на тое важкія прычыны. Для маладога педагога надзвычай важна пасля першага расчаравання сабрацца і прыйсці ў клас, дзе пакуль што ён не бачыць зацікаўленых вачэй. Але ўсё ў яго руках... Як алімпіяднік, я лічу, што рабіць добра аднолькава ўсё, немагчыма. І калі ў гуманітарыя не атрымліваецца з фізікай ці матэматыкай, яго бацькам трэба ісці не да настаўніка фізікі, а да настаўніка мовы або гісторыі, каб даведацца пра моцныя бакі і пацікавіцца, якія варыянты развіцця дзіцяці той можа парэкамендаваць. Працэс улівання ў педагагічны калектыў прайшоў для маладога педагога максімальна камфортна. «Многіх з настаўнікаў я ведаю, паколькі сам у іх вучыўся. І яны ведаюць, што я чалавек, які мае сваё меркаванне. Заўсёды праяўляю ініцыятыву, бяру лідарства і адказнасць на сябе, — канстатуе наш суразмоўца. — Што перашкаджае маладому настаўніку ў рабоце? Для мяне самая галоўная праблема ў тым, што я не заўсёды магу кіраваць сваім часам, бо, акрамя фіксаванай нагрузкі, пастаянна ўзнікаюць розныя іншыя справы і абавязкі. Мне, як чалавеку рацыянальнаму, было б нашмат прасцей і больш зручна, калі б быў нейкі канкрэтны пералік абавязкаў і дакументаў і акрэслены дэдлайн. Можа, камусьці і камфортна жыць у хаосе, але толькі не мне». Вялікім плюсам у сваёй працы малады педагог лічыць працяглы летні адпачынак, якому зайздросцяць усе сябры. Кажа, што паспявае і ў аздараўленчым лагеры папрацаваць, і прысвяціць час любімым кнігам. Папярэдзіць самавыгаранне — Пасля перамогі ў конкурсе я аказаўся ў зоне адказнасці. Калі атрымаў званне найлепшага, то павінен яго пацвярджаць штодня на сваіх уроках. І, карыстаючыся магчымасцю быць пачутым, казаць услых пра праблемы, якія хвалююць усіх настаўнікаў. Разумею, што пытанне з заробкамі вырашаецца крыху на іншым узроўні, на жаль, не ў маіх сілах на сітуацыю неяк паўплываць. Але змяніць стаўленне да настаўнікаў, да іх працоўнага часу можна і трэба. У педагогаў сёння такі шырокі набор абавязкаў і функцый (і педагагічных, і непедагагічных), што ад гэтага церпіць якасць іх працы, — кажа Яўген Сітко. — Калі малады педагог прыходзіць у школу, ён гарыць жаданнем ствараць, але праз 3-5 гадоў настаўнік ужо больш засяроджаны на паперках і бюракратыі. І чалавек быццам бы згасае... Таму можна было б пазычыць вопыт Польшчы. Там выкладчыкам ва ўніверсітэце і школьным настаўнікам дазваляюць адыходзіць на пэўны час ад выкладання (адпраўляюць у аплачваемы акадэмічны адпачынак), каб даць педагогам магчымасць адпачыць і псіхалагічна аднавіцца. У польскіх універсітэтах выкладчык тры гады працуе, а на чацвёрты год дзейнічае забарона на выкладанне. Менавіта ў гэты час ён піша навуковыя працы, артыкулы, кнігі, выступае на канферэнцыях, перапрацоўвае свае лекцыі. У яго з'яўляюцца час і магчымасць для ўдасканалення выкладання... Прафесія педагога патрабуе эмацыянальных «выдаткаў» і вядзе да самавыгарання. Таму настаўнікам трэба даваць адпачываць. Маладым спецыялістам, якія працуюць сёння ва ўстановах адукацыі па размеркаванні, Яўген Сітко параіў не ставіцца да яго як да «прыгоннага права», а правесці два гады актыўна, крэатыўна і з максімальнай карысцю і для дзяцей, і для сябе: — На нас зараз ускладзена сур'ёзная адказнасць — мы вучым тых людзей, якія праз 20 гадоў будуць прымаць рэальныя эканамічныя рашэнні на ўзроўні дзяржавы і паднімаць нам заробак. У Германіі настаўнік сёння атрымлівае больш чым праграміст. Веру, што так будзе і ў нас. Але і настаўнікам трэба крыху па-іншаму паглядзець на сваю ролю... Надзея НІКАЛАЕВА nіkalaeva@zvіazda.by Фота Канстанціна ДРОБАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/27.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/37.jpg
[6] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/18.jpg
[7] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/3-16.jpg
[8] https://zviazda.by/be/tags/navuka
[9] https://zviazda.by/be/tags/kanstancin-drobau