Грамадскасць прапануе альтэрнатыву гарадскому ўшчыльненню.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка супраць ушчыльнення Мінска і лічыць, што трэба будаваць больш жылля і інфраструктуры за МКАД. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы днямі заявіў падчас наведвання новага ўчастка другой Мінскай кальцавой аўтадарогі. На думку Аляксандра Лукашэнкі, нешта і ў Мінску можна дабудаваць у якасці ўшчыльнення, але захапляцца не варта. «Не трэба занадта ўшчыльняцца ў Мінску: насельніцтва ўжо пачынае крыўдзіцца. За кальцавой дарогай (у раёне Заслаўя, Радашковічаў, Жодзіна, Смалявічаў, Рудзенска, Фаніпаля, Дзяржынска) — мора месцаў, дзе можна будаваць жыллё і іншыя аб'екты», — звярнуў увагу Прэзідэнт. «Паралельна неабходна ўдасканальваць сістэму зносін, дапаўняючы аўтатранспартны рух чыгуначным», — дадаў кіраўнік дзяржавы. «Гэта будзе зручна, і мы не перанасыцім Мінск», — сказаў ён, яшчэ раз падкрэсліўшы, што жыллё ў сталіцы неабходна будаваць па мінімуме. «Няма чаго сцягваць усіх у Мінск. Сёння тут жыве амаль два мільёны, пятая частка насельніцтва. Калі яшчэ падцягнем, будзе, як у Маскве, не павярнуцца», — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Праблема ўшчыльнення сталіцы не менш хвалюе і саміх мінчан. Карэспандэнт «Звязды» нядаўна папрысутнічала на абмеркаванні гэтага пытання ініцыятыўнымі гараджанамі і выслухала іх прапановы.
Не ўвышыню, а ўшырыню
Міхаіл Малаш восем гадоў жыве ў сваім доме. З «бетоннай каробкі» ў мегаполісе перабраўся за горад, калі зразумеў: паспяховыя людзі ва ўсім свеце жывуць у дамах, а кватэра — гэта часовае жыллё. «Калі зносяць катэджную забудову і будуюць шматпавярховікі — гэта дэградацыя», — перакананы Міхаіл. Разам з прадстаўнікамі мінскага грамадскага аб'яднання «Экаград» і экспертамі ён арганізаваў серыю круглых сталоў, на якіх абмяркоўваюць мэтазгоднасць выкарыстання 15-кіламетровай прыгараднай зоны Мінска пад малапавярховую жылую забудову.
На думку Міхаіла і яго паплечнікаў, праблема ўшчыльнення горада апошнім часам абвастрылася настолькі, што час распрацоўваць метады па супрацьстаянні ёй. Адным з іх можа стаць катэджная забудова прыгарада. Яе мэтазгоднасць яшчэ плануюць разгледзець з сацыяльнага, экалагічнага, архітэктурнага, сельскагаспадарчага пунктаў гледжання, а таксама паводле фактару нацыянальнай бяспекі. Падчас першага круглага стала абмяркоўвалі эканамічны і этнакультурны фактары.
— Мы разумеем, што ўшчыльненне звязана з неабходнасцю развіваць Мінск і вырашаць жыллёвыя праблемы тых гараджан, якія маюць у гэтым патрэбу — такіх на сёння 270 тысяч, — заўважыў мадэратар мерапрыемства, старшыня аргкамітэта «Экаграда» Віктар ЯНЧУРЭВІЧ. У сувязі з гэтым ён прапанаваў «развіваць горад не ўвышыню, а ўшырыню».
— Калі на сям'ю з чатырох чалавек выдзеліць участак зямлі ў 10 сотак, то плошчы ў 15-кіламетровай зоне вакол Мінска хопіць, каб рассяліць 800 тысяч чалавек — гэта значна больш, чым людзей, якія маюць праблемы з жыллём, — зазначыў Міхаіл Малаш.
Пры гэтым інфраструктура прыгарада будзе развівацца паралельна з забудовай, упэўнены ён.
«Будаваць мы можам пачаць усе»
Доктар эканамічных навук, прафесар Сяргей ПЕЛІХ зазначыў, што за час сваіх падарожжаў (быў у многіх краінах свету, наведаў усе кантыненты, апроч Аўстраліі) пераканаўся: чалавек мусіць жыць на зямлі.
— Мы пачынаем ісці насуперак нашай біялогіі і векавым традыцыям. Калісьці мы гэты шлях скончым і будзем, як «хрушчоўкі», руйнаваць усё і будаваць наноў, панясём вялізныя эканамічныя страты, — лічыць прафесар. — Я пачуў па радыё, што ў нас пяць дзяцей заканчваюць школу здаровымі, а 95 — хворымі, і, на мой погляд, у 80% на гэта паўплывала асяроддзе. Гэта нацыянальная бяда.
Шматпавярховая забудова сапраўды можа нанесці шкоду здароўю. У ёй у чалавека дужа абмежаваная прастора для жыцця, побач — такія ж вышынныя бетонныя «каробкі». Апроч псіхалагічнага дыскамфорту, на які ўрбанізаванае насельніцтва ўжо не звяртае ўвагі, мы пастаянна адчуваем яшчэ і фізічны: у кватэрах ці то занадта душна, ці то холадна, матэрыялы ў нашым гарадскім жыллі рэдка бываюць натуральнымі. Дабавіць сюды шкодныя рэчывы ў паветры, якія падымаюцца ўверх, і становіцца зразумела, адкуль столькі захворванняў на алергію і нават анкалогію.
На высокія паверхі цяжка паднімацца сталым людзям, маці з каляскамі, несці ровар, не гаворачы ўжо пра праблему перапоўненых аўтамабілямі двароў. Не спрыяюць шматкватэрныя дамы і ўмацаванню сямейных сувязяў у адрозненне ад катэджаў, дзе ў адным доме могуць жыць некалькі пакаленняў.
Сяргей Пеліх мяркуе, што азначэнне «чыстае жыллё» не трапляе нават у 15-кіламетровую зону вакол сталіцы, як мінімум неабходна жыць у 20 кіламетрах ад вялікага горада, а то і болей.
— Горад цяпер у палоне памылковых інвестыцый. Неабходна зрабіць, як у Германіі, будаўніцтва жылля ў межах МКАД толькі са спецыяльнага дазволу ўрада. Мы павінны дзейнічаць канцэптуальна, — перакананы эксперт.
На думку Сяргея Пеліха, у краіне «будаўнічая мафія» (так ён называе прыватных забудоўшчыкаў) штучна стварыла ўмовы, калі людзі, каб не страціць свае фінансавыя зберажэнні, скупляюць жыллё. А льготы на жыллё, якія існуюць для пэўных катэгорый, ствараюць падмурак для карупцыі. «Я ведаю тых, у каго ўжо па 3-4 кватэры куплена», — дадае прафесар. Па яго словах, сітуацыя загнання інвестыцый у жыллёвы сектар пазбаўляе нас прамысловай, эканамічнай і навуковай будучыні, для якой наша краіна мае магутны патэнцыял.
Прафесар Пеліх бачыць выйсце ў заходняй мадэлі іпатэкі для катэджнага будаўніцтва, якое павінна складаць 80% ад усёй жылой забудовы.
— Як гэта ні дзіўна, будаваць мы можам пачаць усе. Укласці ў гэтую справу пры рэальных умовах трэба 50—100 млрд, каб настаўнікі, урачы і іншыя маглі ўзяць грошы ў крэдыт і купіць зямельны ўчастак, — патлумачыў эканаміст. — 15 сотак будуць каштаваць 5—10 тысяч долараў — гэта кожны беларус адолее. Далей, як вучылі мяне ў Германіі, ідзяце да архітэктара, што павінен падпісаць праект будаўніцтва дома, у якім абавязкова будзе цокальны паверх і 29 кв. м плошчы на чалавека. Плюс, калі гэта маладая сям'я, разлік яшчэ на траіх дзяцей — усяго пяць пакояў і адзін гасцявы. Бо тыя 50—60 «квадратаў», якія мы мелі ў Савецкім Саюзе, — гэта нонсэнс.
Пасля выдзяляюцца грошы на некалькі этапаў будаўніцтва (пры гэтым прадстаўнікі банка мусяць вывучыць праект і пераканацца, што чалавек сапраўды збіраецца будаваць дом) на 30—35 гадоў пад 1,5—2, максімум 5% гадавых. Такім чынам рэальна за 5—7 гадоў атрымаць свой дом.
Каб не стаць ахвярай нажывы
Пра этнакультурны аспект перавагі малапавярховай забудовы прыгарада распавёў магістр філасофскіх навук Дзмітрый КУНІЦКІ.
— Мінск з'яўляецца самым шчыльназаселеным горадам Еўропы. Пасля вайны адбыўся дзікі рост насельніцтва, а гэта не прамысловы рэгіён.
Прычыны гэтага эксперт бачыць у бальшавіцкай ідэі разбурэння сялянскай абшчыны і патрыярхальнага ўкладу, а таксама тэхнацэнтрызме.
— Нядаўна да мяне трапіла фатаграфія плана горада пасляваеннага часу. Там — нізкапавярховая забудова, азеляненне, фантанчыкі — тое, пра што мы гаворым сёння.
Асноўная плынь урбанізацыі ў СССР адбылася ў 1960—1970-я гады. Цяпер гэтая «хвароба» працягваецца, нягледзячы на дзяржаўны курс апошніх гадоў развіваць гарады-спадарожнікі і на агульнаеўрапейскую тэндэнцыю адсутнасці татальнага імкнення насельніцтва краіны жыць у сталіцы. Беларусы ж ірвуцца ў Мінск як у ледзь не адзіны прыдатны для жыцця горад, а тым часам на іх памкненні нажываюцца прыватныя забудоўшчыкі і буйныя карпарацыі. І калі б толькі на іх... А між тым сітуацыя панавання шматпавярховікаў — абсалютна не характэрная для нашых традыцый, і зусім не таму, што раней не было тэхналогій, якія б дазвалялі іх узводзіць.
— У хрысціянскіх краінах увогуле было забаронена будаваць жыллё, вышэйшае за крыжы на саборах. У каталіцкім Кёльне гэта да сёння недапушчальна на ўзроўні муніцыпалітэта, — адзначыў Дзмітрый Куніцкі.
Лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР у галіне архітэктуры Барыс ЮРЦІН лічыць, што пытанне «Дзе лепей жыць?» не павінна нават абмяркоўвацца. Архітэктар ацэньвае рэаліі цвяроза:
— Сітуацыя такая, што, груба кажучы, з панядзелка перайсці на жыццё ў дамах мы не зможам. У гэты бок павінна павярнуцца ўся дзяржаўная палітыка.
Аднак такія «парасткі», на думку Барыса Юрціна, у Мінску ўжо ёсць: у якасці прыкладаў архітэктар прывёў забудову Драздоў і раёна за Нацыянальнай бібліятэкай.
У найбліжэйшы час грамадскасць плануе правесці яшчэ шэраг круглых сталоў і разам з экспертамі прааналізаваць іншыя фактары. Па выніках будзе падрыхтавана абгрунтаванне, з якім актывісты збіраюцца выходзіць на Мінгарвыканкам з прапановай аб стварэнні рабочай групы для дэталёвай прапрацоўкі пытання малапавярховай забудовы прыгарада.
Дзіяна СЕРАДЗЮК
seradzyuk@zvіazda.by
Фота Аляксандра ШАБЛЮКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-shablyuk
[2] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[3] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/8-31.jpg