На пытанні нашага карэспандэнта адказвае саветнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік, доктар эканамічных навук, прафесар, стваральнік беларускай міжнароднай навуковай школы інавацыйнага і наасфернага ўстойлівага развіцця, эксперт Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН Пётр Нікіценка.
— Нядаўна ў рамках аднаго міжнароднага экалагічнага праекта разам з іншаземцамі з розных краін свету, у прыватнасці з прадстаўнікамі расійскай Рэспублікі Комі, мне давялося наведаць палескую глыбінку. Іх рэакцыя была адназначнай: убачанае і пачутае пераўзышло іх чаканні.
— Відаць, гасцей больш за ўсё ўразілі нашы дарогі?
— Так, асабліва ў райцэнтрах, пасёлках і нават у вёсках.
— Я не здзіўляюся. Аб узроўні жыцця жыхароў любой краіны, ступені яе эканамічнага развіцця можна меркаваць па дарогах, у тым ліку і па мясцовых. Мне прыемна адзначыць, што па якасці дарог Беларусь выглядае лепш за некаторыя еўрапейскія краіны, напрыклад, Польшчу. І што характэрна, паступова дарогі ў глыбінцы падцягваюцца да сучасных стандартаў. Вядома, тут яшчэ вялікае поле дзейнасці для паляпшэння і ўдасканалення, але ў цэлым нашы дарогі нармальныя, а прыдарожныя тэрыторыі пастаянна добраўпарадкоўваюцца і набываюць цывілізаваны выгляд. Увогуле, мне давялося наведаць нямала еўрапейскіх краін, неаднаразова бываў у Германіі, праехаў дарогамі Амерыкі і Аўстраліі. І магу канстатаваць: узровень іх дарог адпавядае напаўненню іх крам.
— А ў нас адпавядае?
— Вядома. Калі збочыць з трасы і завітаць у сучасную краму, то мы ўбачым запоўненыя разнастайнымі харчовымі і прамысловымі таварамі паліцы. Так, можна скардзіцца на тое, што цэны часам кусаюцца, але дэфіцыту і абрыдлых у савецкія і першыя паслясавецкія часы чэргаў няма. Праблема харчовай бяспекі ў нас вырашана цалкам. Хочацца адзначыць поўную забяспечанасць сем'яў дзіцячым харчаваннем з натуральных інгрэдыентаў. Гэта бясспрэчнае дасягненне.
Усё пазнаецца ў параўнанні. Я дзіця вайны. Мая малая радзіма Віцебшчына. Таму мне відаць станоўчыя змены ў жыцці нашага народа: ад голаду, нястачы, разрухі — да сённяшняга дабрабыту. Асабліва хачу адзначыць перыяд пасля набыцця незалежнасці. Хоць яго пачатак быў надзвычай складаны, супярэчлівы, нярэдка нагадваў асобныя моманты першых пасляваенных гадоў: татальны дэфіцыт, мізэрныя зарплаты, разруха на вытворчасці і ў галовах і г. д. Тым не менш той перыяд быў паспяхова пераадолены, і сёння мы маем беларускую дзяржаву, якая за 20 гадоў прайшла шлях ад савецкай рэспублікі да самадастатковай суверэннай краіны. У ёй забяспечана суверэннае развіццё і мірная стваральная праца. Назіраецца практычна поўная занятасць насельніцтва, станоўчы дэмаграфічны трэнд, прырост назапашвання чалавечага розуму і якасці жыцця народа. Дынаміка росту валавога ўнутранага прадукту на 100 працэнтаў адбываецца на аснове інтэнсіўных і інавацыйных фактараў: развіцця навукі і навукова-тэхнічнага прагрэсу.
— Часам можна чуць скаргі на тое, што нашы нетры бедныя, вельма мала карысных выкапняў...
— На мой погляд, гэта разважанні людзей недасведчаных. Акрамя вуглевадародаў і прыроднага газу, чалавецтву патрэбны іншыя рэсурсы, на якія багатая наша зямля. Напрыклад, вада. Яна — магутны рэзерв будучых пакаленняў беларусаў. Ад якасці вады ў значнай ступені залежыць здароўе чалавека, яго фізічнае і разумовае развіццё. Беларусь валодае значнымі запасамі прэснай вады. У яе нетрах ёсць усе віды мінеральнай вады. Нашы нямецкія партнёры нам з зайздрасцю так і кажуць: «Вы да канца не ўяўляеце, якім багаццем валодаеце».
Бясспрэчна, з часам вада будзе станавіцца ўсё больш важным рэсурсам, чым нафта. Ваду можна будзе не толькі экспартаваць. Сёння даволі выгаднай справай становіцца медыцынскі турызм. Дык чаму б на нашых прыродных водах не развіваць яго? Праўда, для гэтага прыйдзецца ствараць у глыбінцы санаторна-курортныя ўстановы. А на гэта і інвестыцыі патрэбны, і кадры адпаведнай кваліфікацыі. Аднак можна выкарыстоўваць патэнцыял аграсядзіб, мясцовых медыцынскіх устаноў. Галоўнае — захацець распачаць новую справу.
— Але часам намаганні і памкненні людзей разбіваюцца аб рэаліі жыцця. Напрыклад, няма стартавага капіталу для пачатку ўласнай справы, а крэдыты ў банку дарагія. Як дапамагчы ў гэтай сітуацыі?
— Мне здаецца, што ў кожным рэгіёне павінна быць свая дакладная стратэгія развіцця мясцовай эканомікі. І тычыцца яна павінна не толькі прадпрыемстваў рознай формы ўласнасці. Акцэнт варта зрабіць на ўсебаковай падтрымцы індывідуальнага прадпрымальніка, сямейнага бізнесу як у вытворчасці, так і ў сферы паслуг. Сёння вядзенне хатняй гаспадаркі, клопаты па выхаванні дзяцей павінны стаць прыярытэтным напрамкам дзейнасці мясцовай улады, годна аплачвацца, уваходзіць у працоўны стаж і лічыцца нармальнай занятасцю.
— Жыццё пасля выбараў, трэба спадзявацца, набудзе новы подых і новыя арыенціры. Што, на ваш погляд, неабходна зрабіць у эканоміцы ў першую чаргу?
— Для ўсіх суб'ектаў гаспадарання стварыць аднолькавыя ўмовы. І ў сталіцы, і ў абласных і раённых цэнтрах, і ў глыбінцы. Падатковая сістэма павінна быць адзінай для ўсіх. Адзіныя падаткі павінны быць і на дабаўленую вартасць, прычым прымальныя падаткі — не больш за адну траціну ад створанай вартасці. Трэба плаціць грошы за працу не па тарыфах і ад займанай пасады, а ад эфектыўнасці вытворчасці, арганізацыі, установы. Для гэтага даць прадпрыемствам свабоду, якая наўпрост залежыць ад падатковай сістэмы.
Падаткамі можна так заціснуць любое прадпрыемства, што яно перастане дыхаць. А дадайце сюды шматлікія праверкі, штрафы і г. д. Іх таксама неабходна абмежаваць.
— Апошнім часам гучаць прапановы і выказваюцца думкі аб пераасэнсаванні ролі і месца банкаў у эканоміцы краіны. Што вы думаеце з гэтай нагоды?
— Своечасовая дыскусія. У банках многіх краін свету працэнты за крэдыты для бізнесменаў-пачаткоўцаў мінімальныя, нярэдка зусім нулявыя. Таму надышоў час і нашым банкам заняць больш канструктыўную пазіцыю.
Грашова-крэдытную сістэму неабходна максімальна прыстасоўваць да патрэб эканомікі, якая з'яўляецца крытэрыем эфектыўнасці сацыяльна-арыентаванай мадэлі беларускай дзяржавы, важнай умовай яе ўстойлівага інавацыйнага развіцця. Нашым банкам трэба працаваць на інвестыцыйным працэнце. Гэта значыць, фінансава ўдзельнічаць у стварэнні бізнесу, мець сваю долю даходу, а не жыць выключна на працэнты ад высокіх крэдытаў. Іх трэба паварочваць да інтарэсаў рэальнай эканомікі.
Увогуле, час заўсёды дыктуе народу арыенціры захавання суверэннай жыццядзейнасці. Нам трэба жыць сваім розумам, з апорай на ўласныя сілы, без пазык.
Гутарыў Леанід Тугарын
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/10-15.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/leanid-tugaryn