Учора ў Дзяржынску адбылося ўрачыстае адкрыццё аддзялення сувязі №2, якое, па вялікім рахунку, і не закрывалася...
Як патлумачыла начальнік вузла паштовай сувязі Людміла Шыманская, памяшканне галоўнай пошты райцэнтра даўно патрабавала істотнага рамонту — стварэння сучасных, больш камфортных умоў і для абслугоўвання кліентаў, і для працы аператараў.
За досыць кароткі час паштавікі пастараліся зрабіць усё магчымае: у аддзяленні сувязі павялічана колькасць працоўных месцаў, устаноўлена сістэма электроннай чаргі, створаны ўмовы для камфортнага чакання. Да таго ж памяшканне аснашчана кандыцыянерамі, відэаназіраннем... Што да паслуг, то іх пералік застаўся ранейшым: поўны спектр...
На ўрачыстым адкрыцці аддзялення сувязі прысутнічаў старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч, намеснік дырэктара Мінскага філіяла РУП «Белпошта» Алена Ішчук (на здымку). Першым кліентам, а таксама тым, хто ў гэты дзень афармляў падпіску альбо адпраўляў лісты «1 клас», уручаліся памятныя паштовыя падарункі. Усе ахвотныя маглі выйграць сувеніры і ў паштовай віктарыне. Іншымі словамі, на свяце адкрыцця прайграўшых не было. Пасля свята, як плануюць паштавікі, не будзе таксама.
Валянціна ДОЎНАР
dounar@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/15-41.jpg