У трэці дзень дзейнасці форуму маладых спецыялістаў у рамках 79-й Генеральнай асамблеі МЭК яго юныя ўдзельнікі наведалі адзін з мадэрнізаваных аб'ектаў беларускай энергетыкі — ЦЭЦ-3 сталіцы.
Эмблема
Спецыялісты форуму на свае вочы ўбачылі і даведаліся пра этапы мадэрнізацыі гэтай найбуйнейшай і найстарэйшай у краіне цеплаэлектрацэнтралі. Сёння гэтая ЦЭЦ ужо на прынцыпова новым узроўні сілкуе электрычнасцю і прамысловым парам каля 100 прадпрыемстваў горада, а таксама падае цяпло ў чвэрць жыллёвага сектара Мінска.
Першы намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб'яднання электраэнергетыкі «Белэнерга» Аляксандр СІВАК адзначыў, што МЭК з'яўляецца менавіта той арганізацыяй, якая шляхам стандартаў і дакладных правілаў вызначае напрамкі развіцця электратэхнічнай прамысловасці і энергетыкі. «Сёння нам неабходна ў сур'ёзнай звязцы з гэтай структурай трымаць руку на тэхналагічным пульсе планеты і дакладна ведаць, у якім напрамку рухаюцца сусветныя перадавыя тэндэнцыі. А тое, што асамблея МЭК праводзіцца ў нашай краіне, сведчыць аб высокай ацэнцы спецыялістамі айчыннага тэхнічнага патэнцыялу».
Аляксандр Сівак паведаміў, што буйнагабарытнае абсталяванне (генератары і турбіны) энергетыкі ў нашай краіне не вырабляецца, але цалкам закрываюцца пытанні па стварэнні сістэмы вышэйшага кіравання тэхналагічнымі працэсамі станцыі. Менавіта нашы айчынныя спецыялісты з нуля распрацоўвалі гэтую сістэму, якая з'яўляецца сапраўды надзейнай і працуе ў аўтаматычным рэжыме. Доля лакалізацыі такой мадэрнізацыі была максімальнай.
Правесці высокатэхналагічную аперацыю па мадэрнізацыі старога аб'екта змогуць спецыялісты далёка не кожнай суседняй краіны. Спрацавалі на выдатна не толькі праекціроўшчыкі, электроншчыкі, наладчыкі і будаўнікі. Тут дзейнічала суцэльная каманда энергетыкаў, школа па стварэнні якіх у нашай краіне захавалася. Сёння спецыялісты падобных напрамкаў карыстаюцца попытам і за мяжой. Беларускія брыгады прафесіяналаў дапамагалі ажыццяўляць мадэрнізацыю і рэканструкцыю буйных аб'ектаў энергетыкі ў Індыі, Расіі, Казахстане і краінах Балтыі.
Сяргей КУРКАЧ
kurkасh@zvіаzdа.bу
Фота БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/energetyka
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/%D0%AD%D0%BC%D0%B1%D0%BB%D0%B5%D0%BC%D0%B0.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/15-45.jpg