Больш за год таму не стала выдатнага музыканта, паэта, сапраўднага рыцара і патрыёта Змітра Сідаровіча. Аднак шлях творчага чалавека не знікае бясследна. Яго спадчына, пераўвасобленая, асэнсаваная наноў, успрынятая іншымі музыкамі, атрымлівае новае жыццё. Творчасць Сідаровіча — не толькі запісаныя альбомы і кнігі. Ён пакінуў пасля сябе шмат «сырога» матэрыялу — таго, што не паспеў дарабіць. Унікальныя мелодыі, яскравыя ідэі — усё гэта яшчэ чакае ўдзелу творцаў, якія працягнуць традыцыі, закладзеныя Сідаровічам.
Шлях да Радзімы, як і да Бога, у кожнага свой. У 1986 годзе студэнт Зміцер Сідаровіч трапіў у Беласток на вытворчую практыку. Там ён упершыню сустрэў беларусаў, якія «свядома размаўлялі на роднай мове і бачылі ў тым сваю місію на Зямлі», як ён сам казаў. Гэта вельмі ўразіла карэннага мінчука, і з тых часоў ён пачаў складаць песні на роднай мове. Дарэчы, па адукацыі ён быў інжынерам-будаўніком і нават абараніў дысертацыю ў гэтай сферы. А музычнай адукацыі не меў ніякай, што не перашкодзіла на працягу жыцця асвоіць некалькі музычных інструментаў.
Абуджаючы рыцараў
Можна сказаць, што гэты чалавек спрычыніўся да вытокаў рыцарскага руху на Беларусі. Гуртом «Камелот», які ён стварыў разам са сваімі аднадумцамі, быў запісаны альбом «У краіне талераў». Праз іх музычна-слоўную творчасць увачавідкі паўстала мінулае часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Песні «А дзе ж тыя ваяры?», «Краіна талераў», «Дуда, лютня ды бубен» сталі сапраўднымі хітамі. Пазней кожнаму, хто прыходзіў у рыцарскі рух, абавязкова давалі паслухаць гэты альбом.
На першых беларускіх рыцарскіх фэстах, якія ў Навагрудку ладзіў Ігар Міхна, гучалі песні «Камелота». Па просьбе кіраўніцы рыцарскага клуба Арыны Вележ Сідаровіч напісаў выдатную музыку для інсцэніроўкі каранацыі Міндоўга. Ствараў ён і іншыя творы для аздаблення рыцарскіх турніраў.
Сідаровіч стаў першым, хто распрацаваў гістарычную тэматыку ў музыцы. Праз пэўны час пачалі з'яўляцца і іншыя гурты гэтай скіраванасці — «СтараЛітва», праект «Легенды Вялікага Княства», «Стары Ольса» і іншыя... Дзякуючы сумесным намаганням гістарычная песня стала папулярнай у Беларусі. Сам Зміцер Сідаровіч казаў, што «Камелот» займаўся ў музыцы фактычна тым жа, што Уладзімір Караткевіч рабіў у літаратуры. «Бо толькі ведаючы свой гістарычны падмурак, нашыя сучаснікі змогуць усвядоміць, як ім жыць цяпер, з якой адказнасцю да саміх сябе ставіцца і што нам усім рабіць далей, — казаў у адным са сваіх інтэрв'ю Зміцер Сідаровіч. — У суседніх Літве і Польшчы гістарычна-рыцарская тэматыка настолькі глыбокая, настолькі шырока прадстаўленая, ёю прасякнута ўсё, ад агульнаадукацыйнай школы да дзяржаўнай ідэалогіі, што нам і не снілася. Бо гэта дае плён не толькі развіццю культуры, але і іміджу краіны наогул».
Архіўная сотня
Альбом «Краіна талераў» — толькі невялікая частка таго, чым быў багаты «Камелот». У яго ўвайшлі далёка не ўсе песні на гістарычную тэматыку. Увогуле ж ва ўдзельнікаў будучага гурта са школьных гадоў было такое хобі — пісаць песні, прыходзіць адзін да аднаго ў госці і пры мінімальных рэпетыцыях запісваць іх на бытавы магнітафон. Такіх бабін назапасілася з дзясятак, а на іх — сотні песень. Яны захоўваюцца і цяпер, чакаюць, каб нехта іх «ажывіў»...
Адным з камелотаўцаў быў, як характарызаваў яго Зміцер Сідаровіч, «вельмі таленавіты чалавек» Аляксандр Кішкін. Менавіта ён напісаў цудоўную песню «Дуда, лютня ды бубен» (Сідаровіч пераклаў яе на беларускую мову), удзельнічаў у стварэнні іншых кампазіцый, у тым ліку тых, што павінны былі ўвайсці ў 2-гі альбом «Камелота». Карэспандэнтка «Звязды» вырашыла запытаць у Аляксандра Кішкіна, ці не было думкі вярнуцца да той сотні песень, запісанай калісьці ўдзельнікамі «Камелоту» на хатні магнітафон і надаць новае гучанне хаця б тым, што прыдумаў асабіста ён:
— Натуральна, такія думкі ў мяне ёсць ужо апошнія гадоў 30. Было б нядрэнна нешта зрабіць. Да таго, як мы пачалі выступаць са Змітром, я іграў з іншымі людзьмі, у яго быў свой гурт. Таму ў тым архіве ёсць песні, запісаныя як яго камандай, так і маёй. Зразумела, у першую чаргу я думаю пра свае песні. Аднак на сённяшні дзень гэта толькі мары... Для таго, каб штосьці зрабіць, патрэбен час. Калі мы запісвалі альбом з «Камелотам», то кожны з нас чатырох браў адпачынак на працы на цэлы месяц. Да таго ж у нас ужо меліся пэўныя напрацоўкі. А тут, калі ты адзін... Хтосьці больш арганізаваны, чым я, мог запісаць ужо 12-ты па ліку альбом з тых песень. Удзельнікаў маёй колішняй каманды жыццё раскідала па свеце: адзін працуе на будоўлі, іншы ў канторы. Каб зноў заняцца музыкай, не хапае маладога нахабства.
«Аварыйнае выйсце» ёсць!
Аднак некаторыя з тых музыкаў, якія ў 2000-я гады толькі пачыналі «грымець», сёння, магчыма, зноў паспрабуюць шчасця на музычным алімпе. Гурт «Аварыйнае выйсце», які некалі супрацоўнічаў з Сідаровічам, пасля 10-гадовага перапынку зноў сабраўся разам і выступіў на вечарыне памяці музыкі.
Пяцёра музыкаў з кантрабасам, гармонікам, флейтай, гітарай і барабанамі выканалі некалькі вядомых песняў Змітра Сідаровіча — «Нямон», «Ясна панна», «Пена піва» і ўласную кампазіцыю «Ваўкалак». Энергетыка, якая ішла ад гурта, была проста шалёнай. З'явілася адчуванне, што спяваюць сапраўдныя ваяры! Пры гэтым іграюць на такіх каларытных інструментах. Бурныя авацыі і крыкі публікі не давалі гурту пакінуць сцэну. Думаецца, не выступаць, маючы іх талент і харызму, — значыць многага пазбаўляць сучасную беларускую публіку.
На творчай вечарыне выступіў сын Змітра Сідаровіча Тамаш. Ён выканаў на альце адзін з любімых твораў бацькі — канцэрт Вівальдзі Соль-мажор. Многія прысутныя сышліся на думцы, што ў гэтым творы чуюцца блізкія да беларускіх матывы. Выступ маладога выканаўцы надзвычай спадабаўся слухачам, яму зрабілі адразу некалькі прапаноў ад далейшым супрацоўніцтве.
Музыка гурта «Камелот» у свой час выкарыстоўвалася для афармлення спектакля «Заложніца кахання, або Люстэрка Бландоі» па п'есе Сяргея Кавалёва, якую паставіў Валерый Мазынскі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Тады аднаго з Радзівілаў іграў вядомы сёння «дылетант» Юрась Жыгамонт. З тых часоў Жыгамонт і Сідаровіч сталі добрымі прыяцелямі. Можна з упэўненасцю казаць, што на арыгінальныя па сваёй форме, любімыя многімі беларусамі за змест «Падарожжы дылетанта» іх аўтара і вядучага таксама натхняла музыка «Камелота».
«Фальклор ува мне, а я ў ім»
Зміцер Сідаровіч быў актыўным збіральнікам народнай творчасці. «Фальклор пастаянна быў ува мне, а я ў ім», — казаў музыка. Ён выпраўляўся ў экспедыцыі па вёсках — запісваў тое, што стварыў народ, натхняўся гэтым. У любімай многімі песні «А дзе ж тыя ваяры?» музыка — народная, запісаная падчас фальклорнай практыкі на Любаншчыне яго жонкай у 1987 годзе. Словы не падыходзілі ваярскай мелодыі, і Зміцер Сідаровіч напісаў новыя.
Музыка ўдзельнічаў у сумеснай беларуска-літоўскай фальклорнай экспедыцыі, дзе сабраў шмат творчасці памежных тэрыторый. Больш за тое, ён казаў, што можа хоць карту стварыць — дзе заканчваецца фальклор беларускі і дзе пачынаецца літоўскі.
Падчас гэтай вандроўкі ён запісаў цэлую касету народных песняў і танцаў. І быў гатовы падзяліцца з тымі, каго цікавіць такі матэрыял.
Змітром Сідаровічам з сынам Тамашом, а таксама з Таццянай Матафонавай і яе сынам Адасём запісаны цудоўны «Дзіцячы альбом», першая частка якога складаецца цалкам з беларускага дзіцячага фальклору, а ў другую, апроч народных, уваходзяць і аўтарскія песні Сідаровіча — «Школьная нізка». На дысках змясцілі не толькі самі песні, але і тэксты, музыку для караоке, каб усё гэта музычныя кіраўнікі ў дзіцячых садках маглі спяваць разам са сваімі выхаванцамі. Праект стаў выдатным дапаможнікам для ўсіх бацькоў, што імкнуцца выхоўваць дзетак на традыцыйнай культуры.
Вялікую колькасць прыхільнікаў займелі і традыцыйныя танцы пад дуду, якія Зміцер Сідаровіч ладзіў у кавярні «Жар-птушка». Гэтая з'ява стала сапраўднай легендай. Тут можна было не проста навучыцца танчыць старадаўнія танцы, але напоўніцу адчуць атмасферу даўніх часоў, адкрыць у сабе гэту знітаванасць са слаўным мінулым краіны.
Сумесна з фолк-ансамблем «Вербніца», якім кіруе Алесь Свірскі, Зміцер Сідаровіч у 2007 годзе запісаў альбом беларускай танцавальнай музыкі. Запіс адбыўся на сцэне Палаца культуры МАЗа за некалькі гадзін — без публікі і рэпетыцый. Туды ўвайшоў і ўпадабаны многімі аматарамі народнай творчасці танец «Ойра», запісаны Сідаровічам. Традыцыйныя танцы з «Вербніцай» атрымалі і відэаўвасабленне. Аднак музыка яго ўбачыць ужо не паспеў...
Вясёлы тэатр
Зміцер Сідаровіч марыў пра адраджэнне Беларусі, вяртанне яе найлепшых традыцый. У сваёй творчасці ён імкнуўся звяртацца да тых часоў, калі жылі надзвычай годныя і мужныя людзі. Драматург, тэатральны дзіцячы педагог Васіль ДЭ ЭМ, які асабіста ведаў музыку, распавёў карэспандэнту «Звязды»:
— Сідаровіч марыў, каб з'явілася п'еса пра Язэпа Драздовіча. Ён хацеў, каб гэта быў не рэалістычны твор, а каб мастак лётаў над усімі намі, ажно на Сатурн, каб ён быў сапраўдным Дон-Жуанам. Ён уяўляў «некананічнага» Драздовіча. І я напісаў такі твор. Магчыма, у будучыні можна будзе напісаць п'есу пра самога Змітра Сідаровіча. Толькі трэба назбіраць шмат цікавых фактаў з яго жыцця. Калі рабіць такі твор, то, натуральна, асновай стане музыка творцы. Магчыма, гадоў праз пяць, але я напішу п'есу пра яго самога!.. Мы пазнаёміліся са Змітром, калі я разам з Максімам Іўкіным іграў у гурце «Жаба ў каляіне». Гэта быў акустычны дуэт, дзе мы іранічна пераасэнсоўвалі беларускую класіку. На адным з выступаў сустрэліся са Змітром, і з тых часоў «былі ў адной спайцы». Ён мог патэлефанаваць і падзяліцца сваімі ідэямі. Напрыклад, хацеў стварыць мюзікл пра Заходнюю Беларусь, у якім галоўнымі героямі маглі б быць два гімназісты, з якімі адбываліся розныя прыгоды: яны дураць Астроўскага, падманваюць Пілсудскага, ідуць на розныя хітрыкі. На жаль, тады ўсе мы былі па сваіх працах, сваіх норах. Цяпер я думаю, што трэба было часцей збірацца, адгукацца на прапановы. Але мы разумнымі робімся толькі пасля...
Сідаровіч марыў заснаваць музычны тэатр, дзе асноўнымі тэмамі былі б Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая, найноўшая гісторыя, але ўсё гэта створанае па законах аперэты, вясёлага жанру. Сябры адзначаюць, што ў яго галаве адначасова было 500 ідэй. Можа, хоць некаторыя з іх будуць мець працяг сёння, прыйдуцца дарэчы тым, хто ведаў творцу?..
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ
nina@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nina-shcharbachevich
[2] https://zviazda.by/be/muzyka
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/20-6.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/igumenski-trakt