Па словах начальніка аддзела прававой і арганізацыйнай работы «Белаўтастрады» Юліі Пазнанскай, працягласць платных аўтамабільных дарог павялічыцца на 323 км. Адбудзецца гэта ўжо з 1 лістапада.
«Плануецца запусціць трэцюю фазу платных аўтамабільных дарог. Іх агульная працягласць вырасце з 1189 км да 1512 км», — патлумачыла начальнік аддзела. Эфектыўнасць выкарыстання сістэмы BelToll (электронная сістэма збору платы за праезд з тэхналогіяй спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх адлегласцях), што працуе ўжо два гады ў Беларусі, сёння ацэньваецца яе ўладальнікамі на 99%. А апошнія змены заканадаўства, замацаваныя ўказам №349 ад 10 жніўня, дазволілі павысіць зручнасць яе выкарыстання.
«Пры рэгістрацыі ў сістэме электроннага збору аплаты ў выпадку ўнясення памылак аператарам у дагавор падобныя парушэнні не пацягнуць за сабой негатыўных наступстваў для карыстальнікаў платных дарог. З іх не будзе спаганяцца плата ў павялічаным памеры», — адзначыла Юлія Пазнанская. Таксама пастановай Саўміна ўрэгуляваліся некаторыя спрэчныя моманты кшталту пытання аплаты пры буксіроўцы. «Пры буксіроўцы шляхам пагрузкі плаціць той, хто выступае ў ролі цягача. Пры буксіроўцы на счэпцы ўладальнік кожнага транспартнага сродку плаціць сам за сябе», — патлумачыла прадстаўнік «Белаўтастрады». Акрамя таго, аплачваюцца ўсе восі, незалежна ад таго, колькі з іх задзейнічана ў руху. «Некаторыя кіроўцы пры аплаце не ўлічваюць тыя восі, што не круцяцца, а гэта з'яўляецца памылкай», — удакладніла Юлія Пазнанская.
Ілья КРЫЖЭВІЧ
kruzhevіch@zvіazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/z-zhyccya
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0