Унутраны попыт цалкам задаволены
Аб'ёмы вытворчасці сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва ў Беларусі па многіх пазіцыях перавышаюць паказчыкі ў краінах ЕАЭС, паведаміў учора намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Міхаіл Русы звярнуў увагу, што па фізічнай даступнасці ў Беларусі дасягнуты медыцынскія нарматывы спажывання практычна па ўсіх асноўных відах харчавання. «У той жа час рацыён застаецца не збалансаваным па якасных параметрах з прычыны лішку ўжывання высокакаларыйных прадуктаў (цукру, алею) пры недаспажыванні малака, хлеба, сыру і рыбы», — лічыць віцэ-прэм'ер.
Вынікам эфектыўнай дзяржаўнай аграрнай палітыкі з'яўляецца ўстойлівы рост вытворчасці сельскагаспадарчай сыравіны на доўгатэрміновы перыяд. Без правядзення шырокамаштабнага абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскагаспадарчых арганізацый, тэхнічнага перааснашчэння і мадэрнізацыі арганізацый перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу атрымаць такія вынікі было б немагчыма.
«Шырокі асартымент прадукцыі, прымальныя цэны для груп насельніцтва з рознымі даходамі спрыялі ў апошняе дзесяцігоддзе практычнаму падваенню ёмістасці ўнутранага харчовага рынку. Цяпер людзі не проста пачалі купляць прадуктаў у два разы больш, але і ўзрасло спажыванне прадуктаў высокай харчовай каштоўнасці», — сказаў віцэ-прэм'ер .
Акрамя таго, ён звярнуў увагу, што ў нашай краіне забяспечаны стабільны рост валавай вытворчасці сельгаспрадукцыі. У 2014 годзе ў параўнанні з 2005 годам гэтая вытворчасць павялічылася амаль на 50%. Удзельная вага прадукцыі сельскай гаспадаркі ў валавым унутраным прадукце захоўваецца на ўзроўні 8,5-9%. Пры гэтым Беларусь займае 6% у сусветным аб'ёме вытворчасці льновалакна, 1% — малака, каля 0,7% — цукровых буракоў, 0,3% — мяса і 0,2% — збожжа. Летась у сельскай гаспадарцы краіна атрымана больш за 5 трлн рублёў прыбытку. У сваю чаргу прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі прамысловых арганізацый Мінсельгасхарча склаў 6 трлн рублёў, што ў 5 разоў вышэй за ўзровень 2010 года.
Наблізіць дзяржзакупку да рынкавых цэн
Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ выказаў думку, што неабходна рухацца да таго, каб цэны па дзяржзакупцы ў сельскай гаспадарцы сталі рыначнымі.
«Цэны павінны быць рэальнымі па ўсіх пазіцыях харчовага рынку. А калі дзяржава прымае рашэнне аб тым, што асобныя тавары выводзяць у сацыяльную групу, то трэба адначасова прымаць рашэнне аб кампенсацыі. А цэны павінны быць рыначнымі», — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён таксама адзначыў, што інакш гаспадаркі, якія займаюцца ў асноўным раслінаводствам, могуць апынуцца ў вельмі цяжкім становішчы, вырабляючы пераважна збожжа.
У сваю чаргу, віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, адказваючы на пытанне сенатара Ірыны ПЕТКУН, адзначыў: «Закупачныя цэны амаль на ўсе віды ў нас парогавыя. Па малаку маем прыкладна еўрапейскі ўзровень, калі за літр даецца прыблізна 30 цэнтаў».
Віцэ-прэм'ер таксама закрануў тэму закупачных цэн на збожжа. «Калі гэта дзяржзаказ, то ён павінен ісці не за кошт прадпрыемстваў. Мы хочам, каб было дарагое збожжа і танны хлеб. Такога не бывае. Калі мы хочам, каб быў танны хлеб, значыць, трэба датаваць яго. Гэта ўжо справа дзяржавы», — сказаў ён. Увогуле, дзяржзаказ павінен быць прывабным для сельскагаспадарчай галіны. Адразу трэба адзначыць, што доля дзяржзаказу на ўвесь аб'ём збожжа складае каля 10-12%. Міхаіл Русы запэўніў пры гэтым, што налета ўмовы дзяржзаказу будуць вельмі прывабнымі.
Экспарт за добрыя грошы
Новыя магчымасці сельскагаспадарчай галіны забяспечылі стабільны харчовы экспарт, які стаў адным з найважнейшых артыкулаў валютных паступленняў нароўні з прадукцыяй нафтахімічнага комплексу і мінеральных угнаенняў. «Доля прадукцыі аграпрамысловага комплексу ў агульным аб'ёме экспарту павялічылася», — заўважыў Міхаіл Русы.
Знешнія фактары сёлета былі не самыя лепшыя, але... Нягледзячы на неспрыяльную цэнавую кан'юнктуру па асобных відах малака і малакапрадуктаў, мяса і мясапрадуктаў, назіраецца рост экспарту па такіх таварных пазіцыях, як масла, сыры і тварог, сухое абястлушчанае малако, мяса птушкі і каўбасныя вырабы.
Разам з тым, паводле слоў намесніка прэм'ер-міністра, пытанні дыверсіфікацыі экспарту сельгаспрадукцыі варта вырашаць больш агрэсіўна. «Асаблівую актуальнасць цяпер набылі пытанні не толькі асваення новых, але і ўтрымання наяўных рынкаў збыту. Не трэба забываць, што ўжо сёння нам прыйдзецца канкурыраваць у асноўным з еўрапейскімі вытворцамі і вытворцамі з Новай Зеландыі і Аўстраліі», — падкрэсліў Міхаіл Русы. Віцэ-прэм'ер адзначыў, што ўступленне Расіі і Казахстана ў СГА таксама стварае пэўныя канкурэнтныя цяжкасці для Беларусі. У сувязі з гэтым мы павінны засяродзіць увагу на такіх напрамках работы, як экспарт па выгадных цэнах і яго рост у натуральным выражэнні. Другім напрамкам стане максімальная цэнтралізацыя продажаў мяса-малочнай прадукцыі на ўзроўні рэгіянальных холдынгаў з паступовым пераходам на глабальных беларускіх аператараў. Неабходна павялічваць аб'ём продажаў і ў трэція краіны. Сярод самых пераважных віцэ-прэм'ер назваў рынкі краін СНД, а таксама Азіі і Афрыкі.
Працэдура кантраляванага антыкрызіснага кіравання
У дачыненні да праблемных сельгасарганізацый будуць прыняты канкрэтныя захады, паведаміў віцэ-прэм'ер. Тут ён канстатаваў павелічэнне колькасці стратных сельгаспрадпрыемстваў да 15% ад іх агульнага аб'ёму. Так, па стане на пачатак верасня сёлета фінансавыя абавязацельствы сельгасвытворцаў узраслі да пачатку года на 19%. Пры гэтым пратэрмінаваныя павялічыліся ўжо на 35%.
Паводле слоў Міхаіла Русага, неабходна максімальна задзейнічаць заканадаўчую базу ў дачыненні да неэфектыўных і неплацежаздольных арганізацый. «Праведзены сумесна з аблвыканкамамі аналіз сведчыць, што ў дзеючых умовах частка арганізацый сістэмы Мінсельгасхарча не здольная самастойна праводзіць гаспадарчую дзейнасць», — сказаў віцэ-прэм'ер.
У прыватнасці, патрабуюцца меры дасудовага аздараўлення вялікай часткі сельскагаспадарчых арганізацый, вызначаны арганізацыі для пачатку працэдуры эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва). «Грань паміж гэтымі групамі вельмі ўмоўная. Такім чынам, у дачыненні да праблемных арганізацый будуць прыняты канкрэтныя дзеянні. Заканадаўства гэта дазваляе», — заявіў Міхаіл Русы.
Ён адзначыў, што ў якасці асноўных інструментаў дасудовага аздараўлення арганізацый павінна выступаць, напрыклад, рэфармаванне (продаж, бязвыплатная перадача, далучэнне, зліццё, развіццё інтэграцыйных структур). Часам сітуацыю магчыма выправіць і па лініі рэструктурызацыі фінансавых абавязацельстваў шляхам правядзення перамоў з крэдыторамі, уключаючы банкі.
«Для групы эканамічна незаможных арганізацый неабходна прымяненне працэдуры кантраляванага антыкрызіснага кіравання, накіраванага на захаванне вытворчай базы прадпрыемства і сельгасвытворчасці, што адпавядае пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы на нарадзе», — нагадаў Міхаіл Русы. Паспяхова вытрымаць канкурэнцыю наш аграрны сектар зможа толькі пры ўмове рэзкага павышэння ў сціслыя тэрміны сваёй канкурэнтаздольнасці як на агульным аграрна-харчовым рынку ЕАЭС, так і на іншых сегментах сусветнага рынку харчовых і сельскагаспадарчых тавараў, а гэта, у сваю чаргу, патрабуе прынцыпова новых падыходаў у арганізацыі як самой аграрнай вытворчасці, так і збыту прадукцыі, што выпускаецца.
Уступленне ў СГА — не самамэта
Умовы ўваходжання ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА) нашмат важнейшыя за сам факт уступлення, заявіў намеснік прэм'ер-міністра. «Работа па ўступленні вядзецца ўжо даўно, і не толькі ў рамках АПК. Але галоўнае — не ўступіць у СГА, а на якіх умовах увайсці туды», — сказаў Міхаіл Русы.
Паводле яго слоў, у гэтым пытанні трэба ўлічваць, на якіх умовах уступаюць у СГА іншыя ўдзельнікі ЕАЭС. Казахстан уступіў у СГА на нявыгадных умовах. «Мы рыхтуемся даволі сур'ёзна, пралічваем тыя рызыкі і пагрозы, якія ёсць пры ўступленні нашых калег па ЕАЭС», — дадаў віцэ-прэм'ер. Ужо цяпер беларускі бок склаў таварныя групы, у дачыненні да якіх могуць быць рызыкі пры уступленні ў СГА. Гэта больш за 1,5 тысячы найменняў. У яго ўваходзіць і больш вузкі крытычны пералік. У тым ліку трывогу ўрада выклікаюць магчымыя рызыкі ў дачыненні да сухога малака і цукру.
На гэты конт міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід ЗАЯЦ адзначыў, што пры ўступленні ў СГА важна падняць узровень прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці тавараў. «Калі Беларусь уступіць у СГА і на нашых прылаўках з'явяцца імпартныя сыр і масла, якія будуць таннейшыя, то, безумоўна, краіна ад гэтага страціць. Каб тое не дапусціць, трэба працаваць над павелічэннем эфектыўнасці эканомікі», — сказаў міністр.
Рэструктурызацыя не азначае спісання даўгоў
Леанід Заяц таксама звярнуў увагу, што трэба працягваць вырашаць праблему закрэдытаванасці АПК. «Ліквідацыя запазычанасці — справа не ўрада, а таго, хто браў крэдыт», — адзначыў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, цяпер у краіне рыхтуецца праект дакумента па адным з банкаў, якім плануецца правесці рэструктурызацыю запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў. «Але трэба разумець, што нічога спісвацца не будзе, усё павінна вяртацца. Праз год, тры, сем, але павінна вяртацца», — растлумачыў Міхаіл Русы.
Ён нагадаў, што для фарміравання льготнай крэдытнай базы прыняты Указ Прэзідэнта №406 ад 2 кастрычніка 2015 года. Дакумент прадугледжвае выдзяленне крэдытных рэсурсаў на 4,6 трлн рублёў. Гэтыя сродкі сфарміраваны за кошт сродкаў фонду нацразвіцця і размешчаны Мінфінам і аблвыканкамамі на дэпазітах у Белаграпрамбанку. Сродкі павінны быць выдаткаваны на набыццё мінеральных угнаенняў і ГЗМ пад 3% гадавых.
Гародніна і садавіна даражэць не будуць
У гэтым учора запэўніў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. На яго думку, у нас дастаткова сёння і гародніны, і садавіны, каб забяспечыць унутраны рынак. Паводле яго слоў, толькі невялікая частка гэтай прадукцыі завозіцца з-за мяжы — тое, што не вырошчваецца ў Беларусі, — бананы, цытрусавыя.
А вось фермерскія гаспадаркі працуюць больш эфектыўна, чым сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, лічыць міністр. Эфектыўнасць фермерскіх гаспадарак на 8% вышэйшая, чым сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у цэлым.
Сяргей КУРКАЧ
kurkасh@zvіаzdа.bу
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і БЕЛТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/selskaya-gaspadarka
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/31-35.jpg
[5] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/10/1112.jpg
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-kleshchuk