У Мінску пасля капітальнага рамонту адкрыўся інтэрнат дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа мантажных і пад'ёмна-транспартных работ, паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.
Увядзенне ў эксплуатацыю інтэрната дазволіць рассяліць іншагародніх навучэнцаў сацыяльна неабароненай катэгорыі: дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама са шматдзетных, няпоўных і малазабяспечаных сем'яў.
Абноўлены інтэрнат разлічаны на 158 чалавек. Уцеплены фасад корпуса, устаноўлены новыя вокны, дзверы, сучасная сантэхніка. Двухмесныя пакоі абсталяваны новай зручнай мэбляй. У інтэрнаце арганізавана неабходная камунальна-бытавая і адукацыйная інфраструктура: медыцынскі блок з ізалятарам, бібліятэка, канферэнц-зала, памяшканні для адпачынку і самападрыхтоўкі; абсталяваны санвузлы, кухні, пральня і камера захоўвання, праведзены інтэрнэт і кабельнае тэлебачанне.
Тэхнічнае вучылішча №2 (сёння гэта Мінскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж мантажных і пад'ёмна-транспартных работ) было арганізавана ў Мінску ў 1954 годзе. У 1958-м побач з галоўным корпусам быў пабудаваны інтэрнат на 288 месцаў. З мая 2014 года па цяперашні час у ім праводзіўся капітальны рамонт. Рамонтна-будаўнічыя работы выконвала ААТ «Цеплабудіндустрыя». У рэканструкцыі інтэрната навучальнай установы на летніх канікулах актыўна ўдзельнічаў студэнцкі атрад навучэнцаў каледжа.
Каледж — адзіная навучальная ўстанова ў краіне, якая рыхтуе такіх спецыялістаў, як машыніст вежавага крана і мантажнік вонкавых трубаправодаў, і адзіная ў горадзе па навучанні кіроўцаў грузавога аўтамабіля міжнароднай перавозкі.
Дзіяна СЕРАДЗЮК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/dziyana-seradzyuk
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya