Ікона ў традыцыйнай культуры. Перад іконай выконвалі пэўныя рытуальныя дзеянні, абумоўленыя высокай ступенню сакральнасці (запальвалі свечкі; чыталі малітвы і давалі клятвы; благаслаўлялі маладых перад вяселлем; сустракалі ў варотах набытую жывёлу і першы раз выганялі вясной у поле), таму ў адносінах да яе ў асяроддзі беларускага народа быў выпрацаваны шэраг правілаў і рэгламентацый, а таксама заўважаны пэўныя прыкметы.
* Напрыклад, калі дамашнюю ікону з якой-небудзь прычыны назаўсёды выносілі з хаты, гэта прадказвала выраджэнне ўсёй радзіны; калі ікона з якой-небудзь прычыны пакідала храм, гэта заўсёды прадвяшчала яго разбурэнне, заняпад абшчыны і г.д.
* Ікону ніколі не змяшчалі ў «нячыстых» месцах (у лазні, на гарышчы).
* Верылі, што з дапамогай іконы можна спыніць пажар. Існуе нямала этнаграфічных і фальклорных запісаў пра тое, як падчас пажару распранутая жанчына брала ў рукі ікону і тройчы супраць сонца абыходзіла месца пажару. На Палессі для гэтага выкарыстоўвалі ікону святой Агаты ці ікону пад назвай «Неапалімая купіна».
* Для маладых, якія ехалі ў храм вянчацца, абавязкова набывалі новыя іконы Дзевы Марыі і Іісуса Хрыста. З гэтага моманту гэтыя абразы станавіліся ахоўнікамі новай сям'і.
* Ікону (невялікі абразок) клалі памерламу ў магілу.
* Да іконы забаранялася дакранацца «нячыстаму» чалавеку, напрыклад, жанчыне падчас менструацыі, мужчыну, які не прытрымліваўся забароны на інтымныя зносіны падчас посту.
* Ваду, якой мылі іконы перад святамі, напрыклад, у Чысты чацвер, вылівалі каля хаты з таго боку, дзе быў чырвоны кут.
* Старыя іконы забаранялася спальваць ці проста выкідаць. Такія іконы закопвалі на могілках ці пускалі па вадзе.
* У спалучэнні са словам «ікона» не ўжывалася такое слова і дзеянне, як «продаж». Ікону можна было «выменяць» (няхай сабе нават і за грошы) ці «падарыць».
Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich