Артыкул «Kіlka slow o kobіetach» любімай пісьменніцы Элізы Ажэшкі — маё чытанне на сёння і найбліжэйшыя дні. Размова ў ім ідзе пра з'яву, названую словам, якое я ніколі не любіла. Так я думала. І што? І лёс-такі прывёў мяне да чытання, у якім гэтае слова сустракаецца не менш як тры разы на старонку. Эмансіпацыя.
«Ідэя эмансіпацыі, — піша пані Эліза, — нагадвае байку пра чаплю на доўгіх нагах. Чапля ходзіць і ходзіць, у арліцу не ператвараецца, узлятаць не збіраецца, і адзіная мэта яе хаджэння па хісткай дошцы — усыпіць аднастайнымі рухамі тых, хто спадзяецца на яе палёт.
Відаць, ідэя эмансіпацыі — сапраўды птушка, і птушка настолькі высокага палёту, што ёй... нават страшна на той палёт адважыцца. Чапля «ходзіць і ходзіць», бо «трохі крывая, трохі сляпая». А ўсё ад таго, як піша пані Эліза, што ідэя эмансіпацыі ўзнікла на пустым месцы. То бок ад недарэчных уяўленняў — пра ярмо, быццам бы на жанчыну накінутае, і кайданы на нагах. Што гэта за ярмо? Якія кайданы? Калі маецца на ўвазе мужчынскі дэспатызм, пра які і сёння шмат гаворыцца і пішацца, дык у прыродзе ўсё так лагічна ўраўнаважана, што на кожны дзясятак хрэстаматыйных дэспатаў знойдзецца тузін дэспатычак жаночага полу, узброеных пантофлямі на жалезных абцасах. Калі «ярмом» з'яўляюцца абавязкі, якімі няўхільна суправаджаецца сямейнае жыццё з яго бясконцымі «я змагу» і «я паспею», дык яны якраз шчасце і ёсць! А калі нехта ў гэта яшчэ не паверыў, дык толькі таму, што паверыць у сваё шчасце чалавеку заўсёды складана...
Пані Эліза ў сваім трактаце «о kobіetach» назвала жанчыну капрызным, распешчаным дзіцем. Распешчана яно таму, што з ім ад нараджэння насіліся як з яйкам, а насіліся так, бо нарадзілася бездапаможным і кволым. І таму не ад мужчынскага дэспатызму трэба ратаваць жанчын, і не ад бясконцых абавязкаў сямейнага жыцця, а... ад слабасці, простай фізічнай слабасці, якая больш ёй штучна навязана, чым прыродай дадзена. «Ад нявымаўленай клятвы вечна нагадваць дзіця і анёлка, ад замкнёных шляхоў да сур'ёзнай працы мусяць і павінны сябе эмансіпіраваць кабеты».
Эпансіпацыя і сёння чамусьці разглядаецца як скіраванасць у бок адмаўлення ад «пасады» маці сямейства дзеля якой-небудзь іншай пасады. І ў бок адмаўлення ад статусу жонкі, калі ён патрабуе хоць якіх-небудзь ахвяр. А між тым, артыкул свой пані Эліза пісала амаль паўтара стагоддзя таму. Ну, нельга сказаць, што нічога за гэты час не дасягнута... Днямі назірала, як Юлія Высоцкая выразае курапаткам хрыбетнікі — так лёгка, так нязмушана. І ад гэтага ніяк не страчвае жаноцкасці, і ніводная рысачка на яе твары не робіцца менш мілай. Вось яна, эмансіпацыя па-ажэшкаўску. «Кананічны», так бы мовіць, варыянт.
...Хрыбетнікі і я ўмею выразаць. І яйка магу разбіць адной рукой, якраз як Юлія Высоцкая. Але не магу не ўпадаць у смутак, ведаеце ад чаго? Ад таго, што мужчынам дадзены больш працяглыя суткі, чым нам
Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-dzyanisava
[2] https://zviazda.by/be/adam-i-eva