Субота. Назва гэтага дня паходзіць са старажытнаіўдзейскай мовы, у якой sabbat — заканчэнне справы, працы (шабаш). У славян з часоў распаўсюджвання хрысціянства ролю старазапаветнай суботы выконвала новазапаветная нядзеля — дзень уваскрэсення Ісуса Хрыста.
* Знаёмства са структурай беларускага народнага календара паказвае, што субота была днём незвычайным у плане сакральна-магічнага напаўнення: нашы продкі быццам бы па спецыяльным інфармацыйным канале дакраналіся да шматлікіх таямніц Сусвету, наладжвалі кантакты з душамі памерлых сваякоў, звярталіся да іх з просьбай аб добрым ураджаі ці шчаслівай долі маладых, якія бралі шлюб. З цягам часу ў народным календары на працягу ўсяго года з'явіліся адпаведныя суботы, якія лічацца днямі памяці і ўшанавання продкаў і называюцца «Дзяды», ці «Радзіцельскія суботы». Менавіта таму ў гэты дзень тыдня не праводзяць вянчанне ў праваслаўных храмах.
* У славянскай народнай традыцыі субота лічыцца жаночым днём, якому адпавядае лік 6; ставіліся да яе як да добрага, «лёгкага», спрыяльнага дня, можа, таму, што наперадзе яшчэ адзін дзень адпачынку.
* Субота лічыцца спрыяльным днём для ад'езду ў далёкі шлях. У той жа час народная традыцыя папярэджвала: не пачынайце ў суботу адказныя справы, асабліва будаўніцтва — нічога ладнага не атрымаецца. У гэты дзень можна было толькі закласці падмурак новай хаты. У суботу звычайна прыбіралі ў хаце, на гаспадарчым падворку.
* Нашы продкі былі перакананы: калі дзіця нарадзілася ў суботу, яно будзе лекарам, знахарам, а таксама будзе лёгка «наладжваць сувязі» з членамі сваёй сям'і і ўсяго роду.
Янка КРУК і Аксана КАТОВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich