Цяжкі панядзелак. У традыцыйнай культуры ўсходніх славян за першым днём тыдня ўстойліва замацавалася характарыстыка цяжкага, нядобрага, няўдалага і неспрыяльнага: «Панядзелак лічыцца нешчаслівым, нядобрым днём. Хто народзіцца ў гэты дзень, той будзе гультаяваты, хоць і скупы, але бедны, будзе задзірасты, ні з кім у ладу не пражыве».
* Панядзелак — мужчынскі дзень, што дапамагае зразумець некаторыя асаблівасці сялянскага гаспадарання. Напрыклад, не пажадана было садзіць курыцу на яйкі, таму што маглі вывесціся адны пеўнікі. І наадварот, гэты дзень лічыўся спрыяльным для пасадкі фасолі, агуркоў і гарбузоў, вечар панядзелка — для квашання капусты. Меркавалі, што ноч з панядзелка на аўторак спрыяе таму, каб у сям'і нарадзіўся хлопчык.
* З цягам часу з'явіліся дадатковыя перасцярогі, звязаныя з гэтым днём: не пажадана класціся ў бальніцу (доўга хварэць будзеш), а таксама звяртацца па дапамогу да знахараў, распачынаць лячэнне цяжкіх або даўніх захворванняў.
* На гэтым жа прынцыпе трымаецца і агульнавядомая выснова, сфармуляваная ў прыказцы: «У панядзелак нават цыган у дарогу не збіраецца, бо не пашанцуе». Калі ж гаворка ідзе пра селяніна-земляроба, які «прыкіпеў» да свайго двара і пакідае яго, толькі калі трэба трапіць на кірмаш, гэтая перасцярога набывае характар табу.
* Разам з тым беларускія легенды, відаць, не без уплыву біблейскіх сюжэтаў апавядаюць пра тое, што «ў панядзелак свет снаваўся». У старажытнай ведыйскай традыцыі панядзелак лічыўся днём ушанавання бога Хорсы.
* У рускіх прыказках, узятых, напрыклад, са слоўніка У. Даля, выкарыстоўваецца менавіта гэты алгарытм для ацэнкі панядзелка як ключавога, вызначальнага моманту, які мадэліраваў жыццё чалавека (яго справы, паводзіны, гаспадаранне) на ўвесь наступны тыдзень:
С понедельника деньги выдавать — всю неделю расход.
С понедельника на всю неделю — счастье или несчастье.
* Балгары таксама лічаць: калі ў панядзелак раніцай атрымаеш грошы, то ўвесь тыдзень будзеш іх атрымліваць, калі ж аддасі — увесь тыдзень вяртаць (аддаваць) будзеш.
Янка Крук, Аксана Катовіч
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yanka-kruk
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/kultura-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich