Сімвалічна, што міжнародны Дзень правоў чалавека, які адзначалі днямі, сумясціўся з семінарам, дзе падвялі вынікі Універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека ў нашай краіне. Эксперты з Міністэрства замежных спраў, Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, іншых міжнародных арганізацый, а таксама грамадскіх аб'яднанняў нашай краіны сустрэліся, каб абмеркаваць, як дзяржава будзе рэалізоўваць рэкамендацыі Універсальнага перыядычнага агляду. Генсек ААН плануе наведаць нашу краіну — У свеце няма краін, якія з'яўляюцца бліскучым прыкладам у сферы правоў чалавека, — гаворыць Санака Самарасінха, пастаянны прадстаўнік Праграмы развіцця ААН у Беларусі. — Беларусь таксама чакае вялікая праца ў гэтым кірунку. Дыялог, які распачаўся паміж урадам, няўрадавымі арганізацыямі і прыватным сектарам, азначае, што ёсць рух наперад. Распрацоўка нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека стане імпульсам да далейшага развіцця, а вынік пойдзе на карысць усяму грамадству. Як адзначыў пастаянны прадстаўнік ПРААН, наша краіна падтрымала большасць рэкамендацый УПА па эканамічных, сацыяльных і культурных правах, прычым многія рэкамендацыі накіраваны на абарону слабых катэгорый насельніцтва. Санака Самарасінха ў сваім выступленні звярнуў увагу на тое, што Беларусь падпісала канвенцыю аб правах інвалідаў. Акрамя гэтага, па яго словах, нельга не заўважыць, як краіна клапоціцца пра бежанцаў і асоб, што прыехалі сюды з Украіны. Прадстаўнік ПРААН канстатаваў, што Беларусь можа быць у пэўным сэнсе маяком у многіх сферах. Магчыма, менавіта ўсё гэта паўплывала на жаданне генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна наведаць нашу краіну ў найбліжэйшай будучыні. Як паведаміў Санака Самарасінха, кіраўнік ААН можа зрабіць гэта ўжо ў наступным годзе. Рэкамендацыі ўлічаны Пра вынікі другога Універсальнага перыядычнага агляду ў нашай краіне расказаў Вадзім Пісарэвіч, намеснік кіраўніка галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Беларусі. — Другі нацыянальны даклад быў падрыхтаваны ў партнёрстве з грамадзянскай супольнасцю, — заўважыў прадстаўнік МЗС. — У складзе дэлегацый былі высокапастаўленыя прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў краіны, што сведчыць аб прыярытэтнасці гэтага пытання на нацыянальным узроўні. Па выніках УПА нашай краіне было дадзена 259 рэкамендацый. Дэлегацыя адразу ж прыняла да рэалізацыі 115 рэкамендацый, да ведама — 48. Да далейшага разгляду было прынята 96 рэкамендацый, пазней з іх наша краіна пагадзілася прыняць да рэалізацыі яшчэ 53, астатнія 43 — да ведама. Такім чынам, з 259 рэкамендацый Беларусь прыняла да рэалізацыі 152, да ведама 101, часткова прыняты 6. Рэкамендацыі, якія беларускі бок прыняў да ведама, можна падзяліць на некалькі тэматычных груп. Адна з іх звязана з тэматыкай смяротнага пакарання ў нашай краіне. — У адпаведнасці з нашай Канстытуцыяй, смяротнае пакаранне з'яўляецца выключнай мерай, — падкрэсліў Вадзім Пісарэвіч. — Напрыклад, яна не прымяняецца ў адносінах да жанчын, да асоб, што не дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Асобы, якіх прыгаварылі да найвышэйшай меры пакарання, могуць звярнуцца з прашэннем да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб тым, каб змяніць пакаранне. Пытанне смяротнага пакарання разглядае адпаведная парламенцкая група. Трэба сказаць, што, згодна з апошнімі апытаннямі, значная частка насельніцтва падтрымлівае захаванне смяротнага пакарання. — У той жа час мы не працівімся дыялогу з усімі зацікаўленымі па гэтым пытанні, у тым ліку з нашымі заходнімі партнёрамі, і гатовы паступова рухацца да мараторыя на смяротнае пакаранне, — зазначыў выступовец. — Беларусь ніколі не галасавала супраць рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН «Аб мараторыі на смяротнае пакаранне». Такім чынам, наша краіна падтрымлівае сусветную тэндэнцыю па паступовай адмене смяротнага пакарання. Надзея ЮШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/urad
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus