З'яўляючыся членам СГА, Казахстан абавязваецца прадастаўляць дзяржавам — удзельніцам ЕАЭС інфармацыю пра тавары, што ўвозяцца на яго тэрыторыю з трэціх краін. Учора на ранішняй сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ратыфікавалі Пратакол аб некаторых пытаннях увозу і звароту тавараў на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.
Мытныя стаўкі і тарыфы
— Гэты пратакол падпісаны ў сувязі з тым, што з першага снежня Казахстан уступіў у Сусветную гандлёвую арганізацыю, — патлумачыў журналістам Віталь Бусько, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах. — Натуральна, гэта дае яму права на ўвоз па паніжаных мытных стаўках на сваю тэрыторыю шэрагу тавараў.
Што немалаважна, гэтыя мытныя стаўкі супадаюць з адзінымі мытнымі тарыфамі Еўразійскага эканамічнага саюза.
— Я гэты дакумент падзяліў бы на дзве часткі, — адзначыў дэпутат. — У першай вызначаны пералік тавараў, якія падпадаюць пад дзеянне пратакола. Там жа выразна прапісана: калі тавар увезены па адзіным мытным тарыфе і яго ўладальнік аплаціў нашу стаўку, то гэты тавар становіцца таварам краіны ЕАЭС. Прапісана таксама, што Казахстан абавязаны прадастаўляць астатнім краінам — удзельніцам саюза інфармацыю пра гэтыя тавары.
Віталь Бусько звярнуў увагу, што ўсе тавары такую працэдуру не пройдуць, таму ёсць яшчэ шэраг абмежавальных мер.
— Напрыклад, белы цукар, увезены на тэрыторыю Казахстана па стаўках, адрозных ад адзінага мытнага тарыфу, не падлягае распаўсюджанню на іншыя краіны ЕАЭС, — прывёў прыклад парламентарый. — Калі прадукцыя, што падлягае ветэрынарнаму кантролю і надзору, увезена па правілах, якія адрозніваюцца ад правіл ЕАЭС, то сама гэтая прадукцыя, а таксама яе вытворныя не падлягаюць увозу на тэрыторыю астатніх краін ЕАЭС.
Абараніць правы пагранічнікаў
Праект закона, які ратыфікуе пагадненне паміж урадам нашай краіны і кабінетам міністраў Украіны аб дзейнасці пагранічных упаўнаважаных, прадставіў Леанід Мальцаў, старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта нашай краіны.
Пагадненне падпісана ў Кіеве 4 мая гэтага года. Яно вызначае парадак стварэння на беларуска-ўкраінскім участку дзяржаўнай мяжы апарату пагранічных упаўнаважаных, а таксама прапісвае функцыі, правы і абавязкі асоб, што ўваходзяць у гэты апарат.
— Асноўнымі функцыямі апарату пагранічных упаўнаважаных з'яўляюцца: забеспячэнне выканання міжнародных дагавораў паміж нашай краінай і Украінай па пагранічных пытаннях, падтрыманне рэжыму мяжы і расследаванне пагранічных інцыдэнтаў, — пералічыў Леанід Мальцаў. — Таксама ў пагадненні вызначаюцца формы і спосабы ўзаемадзеяння апаратаў пагранічных упаўнаважаных нашай краіны і Украіны па пытаннях аховы дзяржаўнай мяжы, функцыянавання пунктаў пропуску.
Адказваючы на пытанне дэпутата ад Буда-Кашалёўскай выбарчай акругі №38 Пятра Шостака пра тое, што на практыцы дасць гэтае пагадненне, Леанід Мальцаў у першую чаргу назваў сацыяльную і прававую абарону нашых пагранічнікаў.
— Пры расследаванні пагранічных інцыдэнтаў, рознага кшталту надзвычайных сітуацый даводзіцца знаходзіцца і на тэрыторыі іншай дзяржавы, — паведаміў старшыня Дзяржпагранкамітэта. — У гэтым выпадку павінна быць забяспечана прававая абарона.
Працоўных мігрантаў становіцца больш
У другім чытанні дэпутаты прынялі праект законаў, які ўносіць змены і дапаўненні ў Закон «Аб знешняй працоўнай міграцыі». Дэпутат Ганна Лявіцкая, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, прадстаўляючы дакумент, паведаміла, што часцей за ўсё па легальных каналах нашы суайчыннікі выязджаюць працаваць у Расію і Злучаныя Штаты. Што да тых, хто прыязджае працаваць у нашу дзяржаву, то іх колькасць расце.
— Сёння працоўная міграцыя ў нашай краіне змяняецца як у колькасным, так і якасным вымярэнні, — паведаміла Ганна Лявіцкая. — Аналіз структуры імпарту працы ў нас паказвае, што за апошнія гады прыток працоўнай сілы ў Беларусь значна вырас. Да нас прыязджаюць пераважна жыхары блізкага замежжа, у асноўным з краін постсавецкай прасторы.
Калі ў 2012 годзе колькасць працоўных імігрантаў у нас склала 10 тысяч, то за 9 месяцаў гэтага года адпаведная лічба ўжо перавысіла 24 тысячы чалавек. Большасць працоўных мігрантаў — гэта грамадзяне Украіны, якіх у нас 10 тысяч; таксама шмат грамадзян Кітая і Узбекістана.
Надзея ЮШКЕВІЧ
yushkevich@zviazda.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-yushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gandal
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0