З першых дзён года ў краіне пачынае дзейнічаць рэдакцыя Падатковага кодэкса Беларусі са зменамі і дапаўненнямі. Сумесна са спецыялістамі прэс-службы Міністэрства па падатках і зборах рэдакцыя «Звязды» падрыхтавала каментарый па найбольш істотных новаўвядзеннях у ПК, якія з'яўляюцца актуальнымі для большасці чытачоў нашай газеты.
Карт-бланш для мясцовых каштоўных папер
Сапраўды прыемнай навіной для студэнтаў стане дапаўненне ў ПК, згодна з якім вызваляюцца ад падаходнага падатку даходы, атрыманыя за працу ў складзе студэнцкіх атрадаў, што ажыццяўляюць сваю дзейнасць не толькі на тэрыторыі нашай краіны, але і на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Таксама спрошчаны парадак вызвалення ад падаходнага падатку даходаў, што атрымліваюцца фізічнымі асобамі ад рэалізацыі акцый беларускіх арганізацый. Цяпер выключана ўмова аб тым, што падатковая льгота прымяняецца толькі ў дачыненні да акцый, атрыманых у ходзе першаснага размяшчэння.
Сёлета вызваляюцца ад падаходнага падатку і даходы ад рэалізацыі любых акцый беларускіх арганізацый, у тым ліку атрыманых як у ходзе першаснага размяшчэння, так і набытых на другасным рынку.
У гэтым выпадку патрабуецца выкананне толькі наступных умоў: акцыі, якія рэалізуюцца, павінны належаць фізічнай асобе не менш за тры гады з даты іх набыцця і быць рэалізаванымі асобе, якая не з'яўляецца эмітэнтам гэтых акцый.
Праіндэксавалі дзіцячыя пуцёўкі, матдапамогу і аплату страхавых паслуг
У Падатковым кодэксе новай рэдакцыі павялічаны памеры даходаў, у межах якіх вызваляюцца ад падаходнага падатку пэўныя даходы грамадзян. Сёлета гэта максімальны кошт дзіцячых пуцёвак у санаторна-курортныя і аздараўленчыя арганізацыі краіны да 6,28 млн рублёў (раней было 5,54 млн рублёў). Не абкладаецца падаткам даход у выглядзе матэрыяльнай дапамогі, падарункаў і прызоў, якія атрымлівае супрацоўнік ад арганізацыі па месцы асноўнай работы (службы, вучобы) у памеры да 14,94 млн рублёў (было да 13,19 млн рублёў); ад іншых арганізацый — да 990 тысяч рублёў (было 870 тысяч рублёў).
У гэтай катэгорыі падатковых ільгот праіндэксавалі аплату страхавых паслуг, якую за фізічную асобу аплаціла арганізацыя (па месцы асноўнай працы), у тым ліку па дагаворах добраахвотнага страхавання жыцця, дадатковай пенсіі, медыцынскіх расходаў — з 16 млн рублёў да 18,13 млн рублёў на працягу каляндарнага года. Павялічаны памер не абкладанай падаткам бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, якая атрымліваецца інвалідамі, непаўналетнімі дзецьмі-сіротамі і дзецьмі, што засталіся без апекі бацькоў, — з 87,255 млн рублёў да 98,86 млн рублёў на працягу каляндарнага года. Без падаткаў сёлета атрымліваецца даход ад прафсаюзных арганізацый іх членамі, у тым ліку ў выглядзе матэрыяльнай дапамогі, падарункаў і прызоў, аплаты кошту пуцёвак у памеры да 2,99 млн рублёў (было з 2,635 млн рублёў) на працягу каляндарнага года.
Павялічаны стандартныя вылікі
Таксама ў навай рэдакцыі ПК былі праіндэксаваны памеры стандартных падатковых вылікаў, якія прадастаўляюцца фізічным асобам у адпаведнасці з артыкулам 164 Падатковага кодэкса.
Паводле інфармацыі прэс-цэнтра МПЗ, стандартны падатковы вылік, які прадастаўляецца работніку па месцы асноўнай работы, плануецца павялічыць з 730 тысяч да 830 тысяч рублёў у месяц пры атрыманні даходу, які падлягае падаткаабкладанню, у суме, што не перавышае 5,010 млн рублёў у месяц. Стандартны падатковы вылік на дзяцей да васямнаццаці гадоў і (або) утрыманцаў плануецца павялічыць з 210 тысяч да 240 тысяч рублёў у месяц, а таксама для асобнай катэгорыі грамадзян з 410 тысяч да 460 тысяч рублёў у месяц. А стандартны падатковы вылік, вызначаны падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 164 Падатковага кодэкса, для асобнай катэгорыі грамадзян плануецца павялічыць з 1,030 млн рублёў да 1,170 млн рублёў у месяц.
Маёмасны вылік залежыць толькі ад дагавора
У мэтах забеспячэння роўных умоў атрымання грамадзянамі, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў маёмаснага падатковага выліку на будаўніцтва жылля, з падпункта 1.1 пункта 1 артыкула 166 Падатковага кодэкса выключана норма, якая прадугледжвала магчымасць атрымання асобамі, якія адмовіліся ад унутранага адстройвання пабудаванага з прыцягненнем забудоўшчыка (падрадчыка) жылля, выліку на суму гэтых работ пры самастойным правядзенні такіх работ па заканчэнні будаўніцтва жылля. З 2016 года маёмасны падатковы вылік прадастаўляецца ў межах канчатковага кошту будаўніцтва жылля, прадугледжанага дагаворам з улікам унесеных у яго змен або дапаўненняў.
А падпункт 1.2 пункта 1 артыкула 166 Падатковага кодэкса дапоўнены парадкам пераразліку расходаў, панесеных фізічнымі асобамі ў замежнай валюце на набыццё маёмасці, даходы ад выплатнага адчужэння якога падлягаюць падаткаабкладанню падаходным падаткам. Так, выдаткі, звязаныя з набыццём выплатна адчужальнай маёмасці і (або) яго адчужэннем і зробленыя ў замежнай валюце, падлягаюць пераразліку ў беларускія рублі па афіцыйным курсе беларускага рубля, устаноўленым Нацыянальным банкам Беларусі ў адносінах да адпаведнай замежнай валюты на дату фактычнага атрымання плацельшчыкам даходаў ад адчужэння маёмасці.
З даходаў у казіно — 4%
Менавіта з гэтага года адменена льгота па падаходным падатку ў дачыненні да даходаў у выглядзе выйгрышаў (вернутых незгуляных ставак), атрыманых грамадзянамі ад арганізатараў азартных гульняў (казіно, букмекерскіх кантор, залаў гульнявых аўтаматаў і таталізатараў).
Прызнанне аб'ектам падаткаабкладання падаходным падаткам як выйгрышаў, так і вернутых незгуляных ставак абумоўлена тым, што цяпер адсутнічае тэхнічная магчымасць падзелу і ўліку, а таксама кантролю ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі, які выгляд выплаты — выйгрыш або вернутая незгуляная стаўка, ажыццяўляецца арганізатарам азартных гульняў пры арганізацыі і правядзенні дазволеных ў краіне азартных гульняў. Больш за тое, для дзейнасці па змесце казіно вядзенне такога ўліку немагчыма з прычыны спецыфікі гульняў у карты, цыліндрычнай гульні (рулетка).
Падаткаабкладанне даходаў у выглядзе выйгрышаў (вернутых незгуляных ставак) ажыццяўляецца па стаўцы ў памеры 4% без ужывання вылікаў і льгот па падаходным падатку.
З мэтай устанаўлення адзіных падыходаў з беларускімі грамадзянамі, арганізатары азартных гульняў цяпер вызваляюцца ад абавязку падаваць у падатковыя органы звесткі аб даходах, выплачаных замежным грамадзянам, якія ў далейшым накіроўваюцца ў падатковыя органы адпаведных замежных дзяржаў.
Калі расходы больш за даходы...
Не ўсе жыхары нашай краіны сёння добраахвотна плацяць падаходны падатак з усіх сваіх даходаў. Аднак парушэнні такія выяўляюцца. Пасля выяўлення падатковым органам перавышэння расходаў над даходамі для такіх «прадпрымальнікаў» пачынае дзейнічаць іншы механізм падаткаабкладання. З 2016 года падпунктам 4.2 пункта 2 артыкула 173 Падатковага кодэкса ўстаноўлена стаўка падаходнага падатку ў памеры 16 працэнтаў у дачыненні да даходаў, палічаных падатковым органам, зыходзячы з сум перавышэння выдаткаў над даходамі ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Даход ад арэнды кватэры лепш падлічыць за год
Калі фізічная асоба здае сваё жыллё ў доўгатэрміновую арэнду, то ўласнік такой нерухомасці плаціць штомесяц фіксаваную стаўку падаходнага падатку. Гэта ў тым выпадку, калі сукупны даход ад такой арэнды не вельмі вялікі. Сёлета ў ПК прапісаны такі максімальны памер гадавога даходу (ён павялічаны з 43,66 млн рублёў да 49,47 млн рублёў), атрыманага ад здачы іншым фізічным асобам жылых і нежылых памяшканняў унаём, пры перавышэнні якога падаткаабкладанне атрыманых даходаў ажыццяўляецца ў агульнапрынятым парадку па стаўцы 13%.
Стаўка на нерухомасць павялічваецца
Вядома, што стаўка падатку на нерухомасць для насельніцтва складае 0,1% ад кошту гэтай маёмасці за год. Адна кватэра ўласніка ў шматкватэрным жылым доме ад аплаты падобнага падатку вызваляецца. На другую і наступныя раней плаціўся пэўны падатак. Цяпер багатых вырашылі крыху «прычасаць». Артыкулам 188 ПК вызначана, што гадавая стаўка падатку на нерухомасць для фізічных асоб, у тым ліку зарэгістраваных у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ва ўласнасці два і больш жылых памяшканняў у шматкватэрных і (або) у блакіраваных жылых дамах, устаноўлена ў памеры 0,2% ад кошту маёмасці.
Адзіны падатак для індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) і іншых фізічных асоб
Сёлета для ІП-плацельшчыкаў адзінага падатку ўстаноўлены абавязак вядзення першасных уліковых дакументаў па правілах, устаноўленых заканадаўствам для ІП, якія вядуць улік даходаў і расходаў (дапаўненні пункта 5 артыкула 293 Падатковага кодэкса).
Пералік відаў дзейнасці, што абкладаюцца адзіным падаткам, дапоўнены відам дзейнасці «Здача ў арэнду (субарэнду), наём (паднаём) жылых памяшканняў, садовых домікаў, дач, машына-месцаў, акрамя прадастаўлення месцаў для кароткатэрміновага пражывання». Цяпер прадпрымальнікі, якія ажыццяўлялі ў 2015 годзе гэты від дзейнасці (у частцы аказання паслуг спажыўцам), абавязаны сёлета з 1 студзеня спыніць прымяненне іншых рэжымаў падаткаабкладання і перайсці на аплату адзінага падатку.
З мэтай захавання адзіных падыходаў па пытанні вызвалення ад падаходнага падатку даходаў донараў, у тым ліку ў выглядзе захавання сярэдняга заробку пры здачы крыві і яе кампанентаў на бязвыплатнай аснове, у падпункт 1.4 пункта 1 артыкула 163 Падатковага кодэкса ўнесены рэдакцыйныя праўкі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/zarobki-i-taryfy
[5] https://zviazda.by/be/tags/padatki
[6] https://zviazda.by/be/tags/studatrady
[7] https://zviazda.by/be/tags/padatak-na-neruhomasc