Нядзеля — дзень не для «дзела». У беларускіх міфах Нядзеля прадстаўлена антрапаморфнай адушаўлёнай істотай, якая ў адным выпадку з'яўляецца Боскай стаўленіцай, у другім — ахоўніцай людзей у іх паўсядзённым жыцці.
* У нядзелю забаранялася працаваць. А яшчэ большы грэх выносіць у гэты дзень смецце і попел з печы.
* У нядзелю ніколі не выпякалі хлеб. Лічылася, што ў гэты дзень лепш сядзець увогуле без хлеба, чым парушыць гэта правіла. Трэба было выпякаць столькі хлеба, каб на стале ніколі не было пуста, «то й шчасце можа перайсці з тае хаты ў другую».
* Гэты дзень быў асноўным у структуры вясельнага абраду: менавіта ў нядзелю пасля вянчання ў храме маладыя станавіліся мужам і жонкай, тым самым ускладалі на сябе адказнасць за захаванне і працяг свайго Роду.
* Адпаведным чынам лічылася, што дзіця, народжанае ў нядзелю, будзе надзелена незвычайнымі якасцямі: прадбачлівасцю, моцнай духоўна-энергетычнай абароненасцю, што засцеражэ яго ад сурокаў і іншых негатыўных уздзеянняў.
* Па меркаваннях нашых продкаў, калі чалавек нарадзіўся ў нядзелю, то ў яго моцны Анёл-Ахоўнік, а таму і шчаслівы лёс. Сярод такіх шмат начальнікаў, палкаводцаў, навукоўцаў, музыкантаў, мастакоў. Калі ім здараецца цяжка захварэць, то ў самы крытычны момант адкрываецца другое дыханне. Сярод тых прадстаўнікоў планеты, хто найдаўжэй жыве, большасць складаюць тыя, хто нарадзіўся ў нядзелю. Яны вельмі шчаслівыя людзі, ім вераць, на іх спадзяюцца, ім ахвотна пазычаюць грошы, даруюць любыя ўчынкі, таму што іх нельга не любіць і ім нельга не дараваць. Яны ўпрыгожваюць наша жыццё, як букет кветак на стале.
* Жанчыны, нарадзіўшы дзіця, імкнуліся прымеркаваць час першага выхаду з нованароджаным з абжытай прасторы хаты ў невядомы свет менавіта да нядзелі, жадаючы тым самым асвяціць жыццёвы шлях свайго немаўляці.
* Выключны статус святасці нядзелі паўплываў і на забарону правядзення лекавых сеансаў у гэты дзень. Нават сярод сучасных прадстаўнікоў знахарскай справы існуе строгая забарона выконваць рытуальна-магічныя дзеянні лекава-прафілактычнага характару ў нядзелю. З другога боку, менавіта гэты дзень тыдня выкарыстоўваюць прыхільнікі чорнай магіі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/aksana-katovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/krayaznaustva
[4] https://zviazda.by/be/tags/nyadzelya
[5] https://zviazda.by/be/tags/azbuka-narodnay-kultury
[6] https://zviazda.by/be/tags/tlumachenne