Чалавек бярэ ў рукі іголку. Звычайную швейную іголку... А што, калі з гэтага пачнецца хобі на ўсё жыццё? Менавіта вытанчанасць мастацкай вышыўкі ўдзельніцы клуба «Сузор'е» дэманструюць на выстаўцы «Калядная казка» ў мастацкай галерэі «Вільнюс», што працуе на базе сталічнай публічнай бібліятэкі № 18. Клуб, арганізаваны пры падтрымцы Беларускага саюза жанчын, ужо 8 гадоў аб'ядноўвае захопленых рукадзеллем людзей розных прафесій і ўзростаў.
На выстаўцы ўмеліцы прадставілі 45 работ, выкананых у самых розных тэхніках: ручная і машынная мастацкая гладзь, вышыўка крыжыкам, высокае габеленавае шво, петыт-пойнт, або габеленавы шывок. Увогуле на ліку клуба ўжо тры дзясяткі экспазіцый, у тым ліку ў Доме Масквы і Палацы Рэспублікі. А пачалося выставачнае жыццё клуба якраз з галерэі «Вільнюс».
— Калядны час — асаблівы, магічны, у новым годзе заўсёды чакаеш цуду, здзяйснення самых запаветных жаданняў. Казка ў кожнага свая, — кажа кіраўніца «Сузор'я» Наталля Сак. — Таму і тэмы работ, уключаных у гэтую экспазіцыю, зусім розныя.
Калі глядзіш на гэтыя карціны, ствараецца ўражанне, што яны не вышытыя, а напісаныя лёгкімі акварэльнымі мазкамі. Непаўторнай энергетыкай прасякнуты творы «Іспанка» Таццяны Барадзіной і «Страсць карыды» Веры Яновіч. У атмасферу мінулых стагоддзяў паглыбляюць «Партрэт Лапухіной» і «Незнаёмка» Наталлі Шараевай, вышытыя па палотнах рускіх мастакоў Уладзіміра Баравікоўскага ды Івана Крамскога. А «Пяшчотная фея» ды «Італьянка з кветкамі» Наталлі Круглікавай, «Дама з бурбалкамі» Наталлі Сак, «Дзяўчына з кашом» Веры Адзінокай, «Рамонкавае месца» Галіны Прохаравай... Чарадзейныя грацыёзныя постаці захапляюць, уражваюць, уцягваюць у загадкавы свет, прычым у кожнай — свой. Вось яна, казка ў жаночым абліччы!
Загаловак у газеце: Казка вышываная
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yana-yavich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastackaya-vyshyuka
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyshyuka-0