...Гэты матч ужо ўвайшоў у гісторыю. Ніколі раней матчы кантынентальнага першынства не вызначаліся такой выніковасцю — беларусы і ісландцы разам закінулі ў вароты адзін аднаго 77 мячоў (такога яшчэ не было)! На шчасце, нашы — на адзін больш за саперніка.
Сёння беларусы правядуць свой трэці паядынак на чэмпіянаце. Менавіта ён і вырашыць, ці пройдзем мы ў наступны раўнд кантынентальнага першынства.
А пачыналі падапечныя Юрыя Шаўцова сваё выступленне на чэмпіянаце Еўропы паядынкам з харватамі. Не вельмі ўдала. Нягледзячы на больш чым сур'ёзнага саперніка (харвацкая каманда з'яўляецца адной з самых тытулаваных камандаў Еўропы апошніх двух дзесяцігоддзяў, хоць заваёўвала ўсяго двойчы золата Алімпіяд і адзін раз перамагала на чэмпіянаце свету), беларусы ў першым тайме матча навязалі ўпэўненую барацьбу і не адпусцілі апанентаў далёка. Аднак у другой палове сустрэчы нешта зламалася, на ўсіх франтах з'явіліся памылкі, якімі не маглі не скарыстацца харваты, у выніку пройгрыш — шэсць мячоў (21:27).
А вось на другі паядынак, са зборнай Ісландыі, дружына Юрыя Шаўцова выйшла з непрыхаваным жаданнем перамагаць. Гандбол у Ісландыі часта называюць нацыянальным відам спорту. Зборная краіны па гандболе з'яўляецца адной з самых моцных у свеце, яна выйграла сярэбраны медаль на летніх Алімпійскіх гульнях 2008 года ў Пекіне і бронзавы — на чэмпіянаце Еўропы-2010. Гэта было даўнавата, і суровыя прадстаўнікі Краіны ільдоў прыехалі ў Польшчу не проста нагадаць пра сябе, а з жаданнем вярнуць былую славу. Але ж...
Выдатная гульня ў варотах маладога галкіпера Вячаслава Салдаценкі, упэўненая абарона і эфектыўнае нападзенне. Усю першую частку сустрэчы каманды ішлі мяч у мяч. А ў пачатку другога тайма раптам здарыўся адрыў ісландцаў у 4 мячы, і тут падумалася, што быць чарговаму паражэнню, але ў трэнера беларусаў знайшоўся іншы план. «Я не думаў пра лічбы на табло, я думаў, што нам рабіць далей», — скажа Юрый Анатолевіч на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.
У двух вырашальных момантах сустрэчы коўч выпускае на пляцоўку маладога Вячаслава Куляша. Армеец спачатку зраўноўвае лік, а потым і прыносіць перамогу нашай камандзе (39:38).
Яны здзівілі скептыкаў і даставілі неверагодную радасць заўзятарам. Беларусы перамаглі ў самым выніковым матчы чэмпіянату Еўропы, а сёння будуць біцца з нарвежцамі, каб працягнуць брацьбу на турніры.
Юрый Шаўцоў:
— Гэта быў адкрыты гандбол з абодвух бакоў, каманды былі нацэлены на хуткую гульню, лік гаворыць сам за сябе. Абарона, відавочна, не была на першым плане. Каманда праявіла волю да перамогі, я за іх вельмі рады.
Барыс Пухоўскі:
— Мы вельмі хацелі атрымаць перамогу ў гэтай сустрэчы і зрабілі для гэтага ўсё, што маглі, аддалі ўсе сілы, каб парадаваць балельшчыкаў і сябе. Гэта вельмі важная вікторыя для нас, і мы спадзяёмся, што яна стане толькі пачаткам. Дзякуй усім, хто ў нас верыў і верыць сёння.
Спартак Мірановіч:
— Каманда згуляла значна лепш, значна мацней другую гульню, чым першую. Сёння ў камандзе Шаўцова кожны на сваім месцы. Разам яны зрабілі цуд, праявілі ўсе свае лепшыя бакі. Яны малайцы, таму што Ісландыя, як і ўсе астатнія каманды ў нашай групе, вельмі моцныя, еўрапейскага ўзроўню калектывы, і выйграць у іх цяжка. Менавіта таму апошні гульнявы дзень у падгрупе выявіць пераможцу і тую каманду, якая паедзе дадому.
Сяргей Рутэнка:
— Матч з ісландцамі быў вельмі цяжкім, але на гэтым нічога не заканчваецца. Цяпер шмат эмоцый, але мы павінны прыйсці ў сябе, усё ўсвядоміць і ісці далей. У гэтай гульні выклалася ўся каманда: толькі так можна перамагаць моцнага саперніка. Не магу сказаць, што мы не стараліся ў першым матчы. Проста там было шмат памылак, але не ад таго, што мы не хацелі гуляць.
Становішча камандаў пасля двух тураў: Харватыя — 2 ачкі (розніца мячоў — 58-55), Нарвегія — 2 (59-57), Ісландыя — 2 (64-64), Беларусь — 2 (60-65).
У наступны раўнд чэмпіянату Еўропы выйдуць па 3 каманды з кожнай падгрупы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/darya-labazhevich
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarusy
[4] https://zviazda.by/be/tags/islandcy
[5] https://zviazda.by/be/tags/kantynentalnae-pershynstva
[6] https://zviazda.by/be/tags/match
[7] https://zviazda.by/be/tags/gandbol
[8] https://zviazda.by/be/tags/myach