Экіпаж у складзе супрацоўнікаў інспекцыі Дзяржстандарта па Мінскай вобласці і горадзе Мінску Алы ПІКТЫ і Алены РАДЗЕВІЧ пад'язджае да адной са сталічных заправак. Пакуль работнікі запраўкі рыхтуюцца да праверкі, інспектары нагадваюць, што ў Дзяржстандарт паступіла прапанова канцэрна «Белнафтахім» аб правядзенні праверак якасці дызельнага паліва, што рэалізуецца на аўтазаправачных станцыях рэспублікі. Падставай для гэтага паслужылі шматлікія звароты грамадзян, якія паступілі ў канцэрн.
У ходзе кантрольна-наглядных мерапрыемстваў правяраецца адпаведнасць дызельнага паліва тэхнічнаму рэгламенту Мытнага саюза «Аб патрабаваннях да аўтамабільнага і авіяцыйнага бензіну, дызельнага і суднавага паліва, паліва для рэактыўных рухавікоў і мазуту» (ТР МС 013/2011), у тым ліку па паказчыку гранічная тэмпература фільтравання.
Работнікі ў прысутнасці інспектараў пачынаюць адбор проб для лабараторнага аналізу — спатрэбіцца два літры. На кожную ёмістасць з адабраным палівам афармляецца суправаджальны дакумент, які змяшчае нумар аўтазаправачнай станцыі, каму яна належыць, дату і час, хто адбіраў пробы, якое дызельнае паліва, з якога рэзервуара. Гэтаксама робіцца з кожнай калонкай на АЗС.
Як патлумачылі інспектары, адабраныя ўзоры апячатваюцца і накіроўваюцца ў адну з акрэдытаваных выпрабавальных лабараторый — у прыватнасці, 202-і хіматалагічны цэнтр гаручага Узброеных Сіл. Вынікі выпрабаванняў будуць гатовыя прыкладна праз тыдзень, ад іх будзе залежаць далейшае рашэнне.
Ала Пікта расказвае, што па выніках аналізу будзе выдадзены пратакол выпрабаванняў і заключэнне аб адпаведнасці альбо неадпаведнасці гэтага дызельнага паліва патрабаванням ТР МС 013/2011.
Пэўныя меры адміністрацыйнага ўздзеяння да суб'ектаў гаспадарання, у якіх паліва не будзе адпавядаць вызначаным патрабаванням, прымаюцца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №48 «Аб мерах па забеспячэнні дзяржаўнага кантролю (нагляду) за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў». За такія парушэнні сума штрафаў для фізічнай асобы складзе ад 20 да 50 базавых велічынь, для юрыдычнай — да 100% ад кошту рэалізаванай прадукцыі, але не менш за 200 базавых велічынь, — праінфармавала спецыяліст.
Плануецца, што абагульненыя вынікі праверак, якія праводзяцца па ўсёй краіне на розных АЗС, Дзяржстандарт прадставіць да канца студзеня.
Даведка
Згодна з ТР МС 013/2011, дызельнае паліва падлягае дэклараванню адпаведнасці. Акрамя таго, ТР МС 013/2011 устаноўлена, што кожная партыя паліва, якое выпускаецца ў абарачэнне і (або) знаходзіцца ў абарачэнні, суправаджаецца дакументам аб якасці (пашпартам), копію якога прадавец абавязаны прад'явіць па патрабаванні спажыўца.
Дакумент аб якасці павінен змяшчаць нарматыўныя значэнні і фактычныя вынікі выпрабаванняў, якія пацвярджаюць адпаведнасць паліва гэтай маркі патрабаванням ТР МС 013/2011, у тым ліку па паказчыку «гранічная тэмпература фільтравання».
Гэты паказчык з'яўляецца адным з асноўных эксплуатацыйных паказчыкаў, якія характарызуюць нізкатэмпературныя ўласцівасці дызельнага паліва.
Згодна з дадаткам 3 ТР МС 013/2011, гранічная тэмпература фільтравання зімняга дызельнага паліва павінна складаць не больш як мінус 20 градусаў, арктычнага зімняга дызельнага паліва — не больш як мінус 38 градусаў.
З улікам гэтага, для вызначэння магчымасці выкарыстання зімняга дызельнага паліва, якое рэалізуецца на аўтазаправачных станцыях у рэальных умовах надвор'я, пакупніку рэкамендуецца азнаёміцца з яго фактычным значэннем гранічнай тэмпературы фільтравання, прыведзеным у дакуменце аб якасці.
фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shocik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhstandart
[4] https://zviazda.by/be/tags/belnaftahim
[5] https://zviazda.by/be/tags/dyzelnae-paliva