Інтэрнэт-крама Funky 3D Faces прадставіла сэрвіс вырабу стылізаванай 3D-праекцыі карыстальніка. За 30 долараў пакупнік атрымае цацку Lego з уласным тварам, паведамляе mashable.com.
Для таго каб набыць фігурку, пакупніку неабходна адправіць у інтэрнэт-краму дзве фатаграфіі — анфас і ў профіль. Таксама карыстальнік атрымае магчымасць выбраць сабе «цела» — фігурку з індывідуальнымі асаблівасцямі. Адзначаецца, што заказ будзе выкананы на працягу двух тыдняў, пасля чаго пакупнік «зноў акунецца ў дзяцінства». Раней паведамлялася, што канструктары Lego прызнаныя самым высокапрыбытковым актывам. Тыя, хто набыў 15 гадоў таму тэматычныя цацкі, у выпадку іх продажу заробяць больш у параўнанні з тымі, хто ўклаўся ў акцыі, золата або скарыстаўся дэпазітамі.
Улады Даніі выслалі на радзіму ў Камерун студэнта Орхускага ўніверсітэта за залішнюю працавітасць, паведамляе The Guardіan.
30-гадовы Марыус Юбі ў вольны час падзарабляў прыбіральшчыкам, аднак у апошнія некалькі месяцаў ён працаваў штотыдзень на 90 хвілін больш, чым дазволена. Паводле працоўнага заканадаўства Даніі, замежныя студэнты могуць працаваць не больш за 15 гадзін на тыдзень. У выніку Юбі быў вымушаны паляцець дадому. У Орхускім універсітэце прызналі, што падобнае пакаранне з'яўляецца залішне суровым, падкрэсліўшы, што малады чалавек спраўна плаціў за вучобу. Адзначаецца, што камерунец быў адным з найлепшых студэнтаў. Перад высылкай з краіны студэнту дазволілі здаць экзамены. Юбі напісаў тры кантрольныя працы за адзін дзень, прадэманстраваўшы найлепшыя вынікі. Пасля гэтага ў інтэрнэце размясцілі петыцыю з просьбай вярнуць камерунца, каб ён здолеў скончыць навучанне. Яе падпісалі ўжо больш за 18 тысяч чалавек.
Жыхар Тэль-Авіва падаў у суд, патрабуючы ад начнога клуба выплаціць яму кампенсацыю ў 175 тысяч шэкеляў за кубік лёду, які стрыптызёрша кінула яму ў штаны.
Відэазапіс інцыдэнту апублікаваў сайт Walla News. Як паведамляецца, жанаты мужчына, бацька двух дзяцей, удзельнічаў у «хлапечніку» ў адным з клубаў. Падчас вечарынкі ён падняўся на сцэну, каб далучыцца да эратычнага танца. Адна са стрыптызёрак засунула кавалак лёду яму ў штаны. Мужчына сцвярджае, што менавіта праз расталы лёд ён паслізнуўся, зваліўся і пашкодзіў спіну і нагу. У іску незадаволены наведвальнік паказвае, што на сцэне не былі ўстаноўленыя агароджы. У адміністрацыі клуба настойваюць, што мужчына быў моцна п'яны і саскочыў са сцэны па ўласнай ініцыятыве. Пацярпелы мае намер даказаць суду, што набраў вагу, пакуль лячыў пералом нагі, і гэта прычыніла яму пакуты і нязручнасць. У іску таксама гаворыцца, што ён зваліўся з ложка ў бальніцы, і гэта пагоршыла траўмы.
hvir@zviazda.by [4]
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ivan-kuparvas
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] mailto:hvir@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/tvar
[6] https://zviazda.by/be/tags/servis
[7] https://zviazda.by/be/tags/figurka
[8] https://zviazda.by/be/tags/pracavitasc
[9] https://zviazda.by/be/tags/daniya
[10] https://zviazda.by/be/tags/kampensacyya
[11] https://zviazda.by/be/tags/lyod
[12] https://zviazda.by/be/tags/nachny-klub