Малады міліцыянер з глыбінкі ў вольны ад службы час прафесійна займаецца гіравым спортам. Ён — вучань вучня славутага савецкага спартсмена Рамуальда Кліма. Быў прызёрам рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. У скарбонцы дасягненняў і тытул чэмпіёна свету.
29-гадовы капітан міліцыі, аператыўны дзяжурны службы Лёзненскага РАУС Дзмітрый Германаў гутарыў са мной пасля сутачнага дзяжурства. Таму адчувалася яго стомленасць. Пасада адказная, і на рабоце не расслабішся. Расказаў, што гіравым спортам пачаў займацца ў студэнцкія гады. У 2003 годзе ён вучыўся на другім курсе біялагічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава.
— А трэніраваўся ў іншай ВНУ: тэхналагічным універсітэце, які знаходзіцца недалёка. Знаёмыя мне параілі звярнуцца да трэнера, дацэнта Аляксандра Дзенісюка. Ён — майстар спорту міжнароднага класа па лёгкай атлетыцы. Сярод яго трэнераў быў легендарны Рамуальд Клім (алімпійскі чэмпіён 1964 года ў кіданні молата, рэкардсмен свету, дзевяціразовы рэкардсмен СССР. — Аўт.). У спартанскіх умовах паважаны Аляксандр Іванавіч здолеў падрыхтаваць дзясяткі майстроў спорту, у тым ліку гіравога. Я вельмі ўдзячны яму, бо ўжо праз паўтара года я прымаў удзел у чэмпіянаце свету сярод юніёраў і заняў другое месца. Лічу гэты вынік сваім самым высокім дасягненнем. Наогул, шмат спаборніцтваў было, — распавядае Дзмітрый.
Некалькі гадоў таму ён, тады яшчэ старшы лейтэнант, участковы інспектар міліцыі, перамог на чэмпіянаце, арганізаваным Міжнароднай канфедэрацыяй майстроў гіравога спорту. Але вялікім дасягненнем гэта не лічыць.
— Паехаў удзельнічаць, бо спаборніцтвы праводзілі ў Віцебску, дзе і жыву. Раней была адзіная Міжнародная канфедэрацыя гіравога спорту. Потым яна распалася. З'явіліся новыя адгалінаванні, напрыклад, Міжнародны саюз гіравога спорту, Міжнародная канфедэрацыя майстроў гіравога спорту... Бяру ўдзел у кубках і чэмпіянатах краіны, спартакіядах і іншых спаборніцтвах. Выступаю за каманду МУС, — працягвае суразмоўца.
Яго асабісты рэкорд — штуршок дзвюх гір вагой па 32 кілаграмы: за 10 хвілін 91 уздым.
— Не самы вялікі і не самы маленькі вынік, — кажа ён. — Я мог бы больш удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах, але гэта дорага. Бо, акрамя дарогі, трэба аплаціць заявачны ўзнос. Прафесіяналы не шкадуюць грошай на спецыяльныя прэпараты для прафілактыкі траўмаў, масаж і іншае, — дадаў гіравік.
Дзмітрый сам сябе трэніруе. Мінімум раз на тыдзень. Стараецца, каб і харчаванне было збалансаваным.
Дзмітрый — шчаслівы бацька 4-гадовай дачкі. І хоць гіравы спорт вельмі папулярны ў дам, капітан міліцыі не хоча, каб дачка пайшла па яго шляху. Ён за тое, каб жанчыны займаліся жаночымі відамі спорту.
Канстанцін Князеў, начальнік Лёзненскага РАУС, расказаў, што ў планах раённага аддзялення — стварэнне гіравой секцыі.
— Трэба закласці традыцыі гіравога спорту, каб калегі займаліся разам з Дзмітрыем Аляксеевічам. Каб маладыя людзі, маючы такі добры прыклад перад вачамі, станавіліся прыхільнікамі гэтага мужнага віду спорту, — сказаў палкоўнік міліцыі.
Фота з асабістага архіва Дзмітрыя Германава
Лёзненскі раён — Віцебск
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] mailto:рukshаnskі@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/milicyyaner
[6] https://zviazda.by/be/tags/sluzhba
[7] https://zviazda.by/be/tags/giravy-sport
[8] https://zviazda.by/be/tags/spartsmen
[9] https://zviazda.by/be/tags/pryzyor
[10] https://zviazda.by/be/tags/spabornictvy
[11] https://zviazda.by/be/tags/chempiyon
[12] https://zviazda.by/be/tags/maystar-sportu
[13] https://zviazda.by/be/tags/trener