За сваю гісторыю мінскае «Дынама» ў Кантынентальнай хакейнай лізе да фіналу так і не дайшло, у прызёрах не хадзіла, але Кубак Гагарына, галоўны трафей турніру, названы ў гонар славутага касманатаўта, у Мінск усё ж такі прыехаў — для балельшчыкаў.
Заўзятараў у гандлёвым цэнтры «Замак», дзе часова, літаральна на два дні, выставілі галоўную хакейную рэліквію Усходняй Еўропы, хапала. І кожны хацеў сфатаграфавацца, дакрануцца да 19-кілаграмовага сярэбранага кубка, нягледзячы на тое, што яго ад прысутных абараняла шкляная заслона.
Прэзентаваць узнагароду ў сталіцы Беларусі атрымалася дзякуючы кампаніі «Балтыка», якая з'яўляецца партнёрам Кантынентальнай хакейнай лігі.
— Галоўны трафей КХЛ — узнагарода, якую цікава ўбачыць кожнаму аматару хакея, — кажа Ганна Губкіна, прадстаўніца брэнда «Балтыка» ў нашай краіне. — Наша кампанія пастаянна падтрымлівае розныя спартыўныя пачынанні. І такія падзеі, як гэтая, ствараюць эмацыйны фон, які падтрымлівае каманду. Нашаму брэнду, які актыўна прапагандуе хакей, асабліва прыемна прадставіць рэліквію КХЛ у Мінску, дзе хакей — культавая гульня.
— Памеры і знешні выгляд уражваюць, — прызнаецца Юлія Ганчар, лідарка фан-руху мінскага «Дынама». — Калі бачыш яго ўжывую, яшчэ больш хочацца, каб узнагарода не толькі прыехала ў госці, але і дасталася нашай камандзе.
Што цікава, адзіным беларусам — уладальнікам Кубка Гагарына з'яўляецца Канстанцін Кальцоў. Цяпер ён выступае за сталічнае «Дынама», а ў 2011 годзе заваяваў трафей разам з уфімскім «Салаватам Юлаевым». Канстанцін таксама далучыўся да акцыі і нават падпісаў клюшку пераможцу адмысловай віктарыны.
Фота Надзеі БУЖАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yakau-zhurbin
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/khl