На пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Санкт-Пецярбурга і Рэспублікі Беларусь былі падпісаны наменклатура і аб'ём харчовых паставак з Беларусі ў горад на Няве на бягучы год. З гэтай нагоды спецыяльна для «Звязды» Валерый ІВАНОЎ, старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў (Белкаапсаюз), расказаў пра асноўныя кірункі двухбаковага супрацоўніцтва і яго перспектывы:
— У нас вялікі ўзаемны інтарэс. Па-першае, мы традыцыйна пастаўляем на рынак Санкт-Пецярбурга прадукты харчавання. Па-другое, сёння мы наладжваем сувязі ў пытаннях рэалізацыі пушніны. Бо Санкт-Пецярбург з'яўляецца своеасаблівым цэнтрам продажу і вытворчасці такога кшталту вырабаў у гэтым рэгіёне. Акрамя, напрыклад, Хельсінскага і Капенгагенскага аўкцыёнаў, ёсць яшчэ і Санкт-Пецярбургскі, які рэалізуе на працягу года 250—300 тысяч шкур. Мы прапанавалі 500 тысяч і атрымалі ў адказ шчырую зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве.
Таксама працуем і ў кірунку арганізацыі імпарту. Пралічылі, што з прычыны курсавой розніцы і падзення курсу расійскага рубля выгадна некаторыя віды імпартных тавараў, якія не вырабляюцца ў Беларусі (напрыклад, электратавары, некаторая бытавая тэхніка), закупляць у Санкт-Пецярбургу. Гэта часам больш выгадна, чым закупляць у Кітаі. Тым больш што такім чынам мы дыверсіфікуем закупкі. Ды і якасць піцерскай прадукцыі значна вышэйшая. Таму працуем з некаторымі мясцовымі прадпрыемствамі, каб запоўніць недахоп тавараў, якія не вырабляем самі.
З аднаго боку, рынак Санкт-Пецярбурга, у тым ліку па гатовых вырабах (той жа пушніны), даволі шырокі. З іншага, шмат якія прадукты Белкаапсаюза таксама запатрабаваныя ў Паўночнай сталіцы Расіі. Зараз мы мяркуем адкрыць тут свае стацыянарныя гандлёвыя пункты.
Беларускі экспарт складае 90% тавараабароту паміж Белкаапсаюзам і горадам на Няве. На Савеце дзелавога пасяджэння мы прапанавалі асартымент нашай мясцовай прамысловасці: кансервы з агародніны, вырабы з мяса, паўфабрыкаты, грыбы, ягады — усяго тры дзясяткі найменняў. Гэтай прапановай нашы піцерскія калегі таксама шчыра зацікавіліся.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:pustavit@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/harchovaya-kaaperacyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/spazhyveckiya-tavarystvy
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[7] https://zviazda.by/be/tags/sankt-pecyarburg
[8] https://zviazda.by/be/tags/rynak
[9] https://zviazda.by/be/tags/pastauki