З 5 лютага праязныя білеты на грамадскі транспарт у сталіцы можна купіць на 10, 15 і 30 дзён з любой даты.
Дагэтуль іх купля была абмежаваная каляндарным перыядам часу: напрыклад, праязны на месяц быў сапраўдны з 1-га чысла, на паўмесяца — з 1-га і з 15-га.
З 5 лютага электронны праязны на 10, 15 і 30 сутак можна набываць з любой даты па жаданні пасажыра на адзін, два, тры і чатыры віды транспарту з рознымі камбінацыямі. Карыстацца ўдасканаленымі праязнымі можна на працягу аплачанага перыяду часу з моманту актывацыі бескантактнай смарт-карткі, паведамілі ў дзяржаўным прадпрыемстве «Мінсктранс».
Адсутнасць жорсткай прывязкі да тэрмінаў рэалізацыі дазволіць пасажырам набываць праязныя дакументы ў любы дзень. Пры гэтым падыход да вызначэння кошту білетаў застанецца ранейшым. Дарэчы, у другім квартале года ў сталіцы плануецца ўвесці праязныя на суткі, а да канца года — пагадзінныя. Таксама прапрацоўваецца пытанне аб стварэнні праязных на грамадскі транспарт на квартал і паўгода.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/transpart
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsktrans