«Праект праграмы ўрада — гэта, па сутнасці, комплекс мер, якім мы будзем кіравацца ў гэтай пяцігодцы», — заявіў прэм'ер-міністр Андрэй КАБЯКОЎ падчас пасяджэння Прэзідыума Савета Міністраў, на якім абмяркоўваўся праект праграмы дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады.
— Праект праграмы пабудаваны зыходзячы з стратэгічнага прыярытэту аднаўлення збалансаванага эканамічнага росту і павышэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Прапануецца ў гэтай пяцігодцы пачаць фарміраванне новай структуры эканомікі, якая забяспечвае эканамічную незалежнасць краіны, пры гэтым паралельна з дзяржаўнай павінна развівацца прыватная ініцыятыва, — такую думку выказаў беларускі прэм'ер.
«У адпаведнасці з заканадаўствам праграму дзеянняў урада мы павінны ўнесці ў парламент не пазней за 16 лютага. Міністэрства эканомікі яе распрацавала пры актыўным удзеле шырокага кола зацікаўленых», — сказаў кіраўнік Саўміна. Ён дадаў, што ў гэтым годзе захоўваецца высокая ступень нявызначанасці развіцця знешнеэканамічных фактараў. Сітуацыя на галоўных экспартных рынках цяжка прадказальная і імкліва пагаршаецца.
— Яшчэ два месяцы таму мы мелі адзін прагноз, заснаваны на экспертных ацэнках міжнародных фінансавых інстытутаў — 50 долараў за бараль нафты, 63 расійскія рублі за долар, 18 689 рублёў за долар. Зараз сітуацыя рэзка змянілася, — канстатуе старшыня ўрада. — Цяпер мы маем каля 30 долараў за бараль, курс расійскага рубля — каля 80 за долар. Калі ўсё захаваецца ў нязменным стане, такім, які мы маем сёння, сярэднегадавы курс беларускага рубля ў гэтых умовах застанецца на ўзроўні 22 719 за долар.
Андрэй Кабякоў таксама адзначыў, што ўрад выпрацаваў пакет неадкладных антыкрызісных мер. Ім падрыхтаваны праекты ўказаў кіраўніка дзяржавы і пастаноў урада, накіраваныя на забеспячэнне эканамічнай бяспекі, павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі, а таксама кансалідацыю бюджэту.
Адначасова з мерамі па павелічэнні даходаў бюджэту прадугледжваюцца меры і па скарачэнні выдаткаў. «Мы будзем сур'ёзна аптымізаваць непершачарговыя капітальныя выдаткі. Тым не менш намі не забытыя кампенсацыйныя меры сацыяльнай падтрымкі малазабяспечаных слаёў насельніцтва. Гэта, перш за ўсё, адрасная сацыяльная падтрымка, безнаяўныя субсідыі. Паралельна будзе весціся работа па зніжэнні выдаткаў і неабгрунтаванага росту цэн», — растлумачыў ён.
Паводле слоў старшыні Саўміна, мяркуецца істотнае змяненне дзеючых падыходаў да фарміравання і фінансавання дзяржаўных праграм. «Дзяржаўная падтрымка перакладаецца на конкурсную аснову і сектаральны падыход. Прапанаваныя змены пацягнуць за сабой правядзенне сістэмных зменаў у эканоміцы», — дадаў Андрэй Кабякоў.
Па словах міністра эканомікі Уладзіміра ЗІНОЎСКАГА, які прадстаўляў праект праграмы дзейнасці ўрада на 2016—2020 гады, стратэгічным прыярытэтам работы вызначана аднаўленне збалансаванага эканамічнага росту краіны. Адпаведна ў праграме ўстаноўлены тры базавыя ўмовы эканамічнай палітыкі: забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці, нарошчванне золатавалютных рэзерваў да мінімальнага бяспечнага ўзроўню і беспазыковае фінансаванне плацёжнага балансу краіны, паступовая выплата знешніх даўгоў.
Дасягненне ўсіх пастаўленых мэтаў стане магчымым дзякуючы рэалізацыі інстытуцыйных мераў, якія ў зацверджанай Праграме згрупаваныя ў пяць блокаў. Першы — гэта меры, накіраваныя на аднаўленне канкурэнтаздольнасці прамысловага комплексу. Другі звязаны са зніжэннем выдаткаў і рэструктурызацыяй энергетыкі і ЖКГ. Трэці блок мер прадугледжвае стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё малога і сярэдняга бізнесу. Чацвёрты закранае інфраструктуру і будаўнічы комплекс. Пяты забяспечвае сацыяльную накіраванасць праграмы.
Акрамя пералічаных мераў, у праграму дзейнасці ўрада ўключаны пытанні ўдасканалення экспартнай стратэгіі. Яна прадугледжвае дыверсіфікацыю экспарту праз размеркаванне патокаў паміж рынкамі Еўразійскага эканамічнага саюза, Еўрапейскага саюза і іншых краін — па траціне на кожны. А таксама надасць увагу выкарыстанню гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з ЕС, Кітайскай Народнай Рэспублікай і краінамі дальняй дугі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/veranika-pustavit
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/parlament
[4] mailto:pustavit@zviazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/urad
[6] https://zviazda.by/be/tags/andrey-kabyakou