Адну з самых унікальных прапаноў, як правесці Дзень святога Валянціна, днямі зрабіў беларускі вытворца кар'ерных самазвалаў. Завод запрашае набыць сертыфікат на рамантычную прагулку ў... кабіне 130-тоннага БелАЗа. Каштуе такое задавальненне 655 тысяч рублёў, за 10-хвілінную паездку па выпрабавальным палігоне разам з прафесійным кіроўцам.
— Прамысловы турызм мы пачалі развіваць з ліпеня мінулага году, — распавялі «Звяздзе» ў прэс-службе завода. — Якраз у рамках гэтай работы і была створана такая прапанова. Ужо нават былі людзі, якія скарысталіся паслугай, ва ўсіх застаюцца неверагодныя ўражанні. У асноўным замаўляюць паездку для сваіх хлопцаў дзяўчаты, бо гэта цікавы сюрпрыз, асабліва напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны.
Рамантычны ваяж карыстаецца папулярнасцю: на 13 і 14 лютага графік ужо цалкам распісаны. Падарункавыя сертыфікаты дзейнічаюць да канца зімы. Але засмучацца не трэба — арганізатары сцвярджаюць, што кожны, нават адзінокі, аматар велікагрузных машын зможа пракаціцца на БелАЗе незалежна ад даты.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yaraslau-lyskavec
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] mailto:lyskavets@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/kahanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaz
[6] https://zviazda.by/be/tags/ramantychnaya-pragulka
[7] https://zviazda.by/be/tags/sertyfikat